ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Цікавы экспанат: пагаворым аб партбукеце
Гісторыі пішуць экслібрысы

Пятля часу: што гэта за сюжэтны троп і куды ён вядзе

Пятля часу: што гэта за сюжэтны троп і куды ён вядзе
Іншыя навіны

Вы чытаеце гэты артыкул: зачапіліся позіркам за загаловак на галоўнай старонцы, за знаёмае фота на вокладцы, пэўна чакаеце штосьці пра “Дзень сурка” – вы ж глядзелі гэты фільм. Ён стаў своеасаблівым сімвалам пятлі часу як сюжэтнага тропа ў мастацтве. Паўтор раз за разам аднаго і таго ж перыяду на першы погляд здаецца чымсьці даволі нудным. Тады чаму мы працягваем чытаць кнігі пра часавыя петлі? Як аўтары трымаюць нас у напружанні? І ці ёсць будучыня ў такіх гісторый? Зараз разбяромся.

Снежнай лютаўскай ноччу 1910 года ў Лісінай Паляне нараджаецца Уршуля Тод – і памірае, не паспеўшы зрабіць першы ўздых. Снежнай лютаўскай ноччу 1910 года ў Лісінай Паляне нараджаецца Уршуля Тод – і выжывае, каб распавесці гісторыю свайго жыцця. Распавядаць яе зноў і зноў, пакуль не атрымаецца зрабіць усё правільна, пазбегнуць памылак, не сысці раней часу. Менавіта пра гэта раман Кейт Аткінсан “Жизнь после жизни”, выдатны ўзор такой спецыфічнай формы апавядання, як часавая пятля: сюжэт, у якім галоўны герой неаднаразова пражывае адзін і той жа дзень, тыдзень, год, а часам, як у выпадку з кнігай Аткінсан, і цэлае жыццё. Адрэзак часу паўтараецца раз за разам, адрозніваюцца толькі паводзіны галоўнага героя і яго наступствы. Звычайна персанаж, які захраснуў у такой часавай пятлі, захоўвае вопыт і ўспаміны пра папярэднія паўторы, а вось увесь астатні свет у гэтым плане абнуляецца – кожная спроба як першая.

Такім чынам, калі ж пятля часу ўпершыню з’явілася на старонках кніг?

1892 год. Так, першыя спробы разабрацца ў пятлі часу здарыліся больш за сто гадоў таму. Менавіта тады выйшла ў свет казка Уільяма Дзіна Хоўэлса “Раство кожны дзень”. Канцэпт просты і чароўны: на Раство маленькая дзяўчынка загадвае феі жаданне – хай Раство будзе кожны дзень! І хоць час працягвае рухацца наперад, не захрасаючы на адным толькі дні, з гэтага часу свята паўтараецца, а разам з ім – і ўсе яго атрыбуты. Кожны дзень падарункі, прысмакі, калядныя пудынгі, ад іх нікуды не схавацца! Бедныя слаі насельніцтва канчаткова бяднеюць, марнуючы ўсе свае грошы на бясконцае свята. На Дзень дурня ўсе падарункі аказваюцца жартоўнымі. На Дзень незалежнасці ўсё гімны ператвараюцца ў калядныя песні. Добрая павучальная гісторыя пра тое, што ва ўсім павінна быць мера, нават у самых прыемных рэчах, ператвараецца ў дэкадэнцкую гісторыю пра людзей у каляднай пастцы. Пятля, хоць і не зусім часавая.

Пятля часу ў сваім фантастычным выглядзе ўпершыню з'яўляецца ў апавяданнях Роберта Хайнлайна “Па ўласных слядах” (1941) і “Усё вы зомбі” (1959), якія мы шчыра рэкамендуем да прачытання. Дзве працы прысвечаны парадоксам падарожжаў у часе, якія непазбежна прыводзяць да з’яўлення такой вось пятлі, выбрацца з якой немагчыма. Песімістычны, але вельмі ўражлівы пачатак.

Ёсць элемент такога сюжэтнага тропа і ў крыху больш камедыйным і менш фантастычным творы 1932 года – апавяданні Энтані Армстронга “Прынц, які ікаў”. Па сюжэце галоўны герой – уласна прынц, – атрымлівае магчымасць выканаць тры сваіх жаданні. Вядома, перш за ўсё ён загадвае бясконцую колькасць жаданняў, атрымлівае ўсё, пра што толькі мог марыць, і так насычаецца ўсялякімі задавальненнямі, што нарэшце загадвае перажыць нанова апошнія паўгадзіны. На жаль, гэты адрэзак часу ўключае ў сябе і прамаўленне апошняга жадання, так што непрадбачліва прынц захрасае ў прыемных трыццаці хвілінах назаўжды.

Такім чынам, сюжэтны троп даволі малады, як і ўсё ў навуковай фантастыцы. Але кніг, прысвечаных часавым петлям, не становіцца менш: людзі працягваюць іх чытаць, а аўтары – пісаць. Чаму? Прывабнасць такога сюжэтнага ходу на першы погляд выглядае нелагічнай: хіба пастаяннае паўтарэнне не становіцца нудным? Адказ даволі просты: уся справа ў працэсе чытання. Адкрываючы любую кнігу, мы пачынаем паступова збіраць яе сэнс і змест, як канструктар, паэтапна і мерна. Часавая пятля ламае ўвесь гэты працэс, прымушае чытача вышукваць новыя элементы ў кожным паўторы. У выніку, чытанне ўскладняецца, ператвараецца ў інтэлектуальную гульню з магутным эмацыйным уздзеяннем: чым больш мы чытаем, тым больш паглыбляемся ў гісторыю часавай пятлі. Такое актыўнае чытанне заўсёды было прывабным.

Вернемся да “Жыцця пасле жыцця”. У самым першым апісаным цыкле ніхто не аб’яўляе з фанфарамі аб нараджэнні (і смерці) малой Уршулі Тод: мы маем толькі доказы, з якіх складаем агульную карціну таго, што адбылося. “Маленькія лёгкія, нібы крылы страказы, паніклі ад прыгнёту. Дыхальнае горла не спраўляецца з дыханнем. Паніка. Дзяўчынка тоне; падстрэленая птушка”. Мы разумеем: урач не паспеў з-за снегападу, Уршуля нарадзілася мёртвай. Другі цыкл пачынаецца адразу з нечага каманднага голасу: “Дзеля бога, хопіць кідацца, як недарэзаная курыца. Нясі гарачую ваду і ручнікі”. Мы разумеем: доктар паспеў, а значыць, на гэты раз Уршуля будзе жыць. Чытач паглыбляецца ў гэтую галаваломку з першых жа старонак. Кніга дазваляе адчуць сябе не проста спецыфічным дэтэктывам, але і празорліўцам: здагадвацца аб тым, як на гэты раз усё павернецца, не менш займальна.

Яшчэ больш яркім прыкладам пятлі часу як галаваломкі можна назваць кнігу “Семь смертей Эвелины Хардкасл” Сцюарта Цёртана. Калі Аткінсан больш сканцэнтравана на эмацыйным уцягванні чытача, то Цёртан адразу апускае ў вір дзіўных падзей, ад якіх галава ідзе кругам. “Сем смярцей Эвеліны Хардкасл” распавядае пра... смерці Эвяліны, зразумела. На маскарадзе ў маёнтку Хардкасл адбываецца забойства: ахвяра – адзіная дачка сямейства, прыгажуня Эвеліна. Адзін з гасцей, Айден Слоун, спрабуе вырашыць загадку яе гібелі, а да таго часу дзень паўтараецца зноў і зноў, у кожным цыкле перамяшчаючы няшчаснага героя з цела аднаго госця ў іншае. Гучыць заблытана, але жудасна цікава. Самае тое для аматараў дэтэктываў і трылераў.

Петлі часу даюць нам некаторую агульную глебу: адны і тыя ж уводныя даныя ў кожным цыкле становяцца своеасаблівымі кропкамі судакранання. З кожным паўторам падзей мы паступова збіраем доказы, ствараючы ўсё больш такіх кропак і ўсё хутчэй атрымліваючы здагадкі: што ж будзе далей? Многія паўтарэнні раскрываюць перад намі галоўных герояў і іх жыццё так падрабязна і ўсебакова, што чытанне кнігі ператвараецца ў размову з блізкім сябрам, дзе вы разумееце адзін аднаго з паўслова.

Мы літаральна зацыклены на гісторыі галоўных герояў, як бы іранічна гэта ні гучала.

Іншы прывабны элемент у такіх петлях часу, якога не хапала ў Хайнлайна, – гэта надзея. Цыкл паўтараецца, але кожны раз мы спадзяёмся на тое, што выхад вось-вось будзе знойдзены. Многія гісторыі аб часавых петлях не застаюцца беспрасветна змрочнымі і закрытымі: героі часцяком знаходзяць спосаб вырашыць усе свае праблемы і супярэчнасці, знайсці гармонію з самім сабой і навакольным светам, спыніць гэты бясконцы Дзень сурка і пачаць жыць. Матывуе? Не тое слова. Пасля прачытання такіх гісторый хочацца тэрмінова перагледзець сваё стаўленне да жыцця і паспрабаваць з гэтага часу рабіць усё правільна.

Часавыя петлі з самага пачатку падымаюць складаныя тэмы выбару, лёсу і наступстваў, дадаючы глыбокі філасофскі падтэкст нават у самыя бытавыя сцэны. Паўтор ператварае простыя падзеі ў сапраўдную галаваломку з бясконцай колькасцю рашэнняў, у схемы з мноствам цікавых нюансаў, у займальную гульню, ад якой складана адарвацца. Канцэпт часавай пятлі настолькі ўніверсальны і займальны, што творы на гэтую тэму з’яўляюцца рэгулярна і наўрад ці адыдуць у нябыт у бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Дык вось. Вы чытаеце гэты артыкул: зачапіліся позіркам за загаловак на галоўнай старонцы, за знаёмае фота на вокладцы, пэўна чакаеце штосьці пра “Дзень сурка” – вы ж глядзелі гэты фільм…

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

У бібліятэцы адбыўся адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы”

24 Чэр 2021

24 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся рэспубліканскі адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы” з анлайн-падключэннем рэгіёнаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вынікі XXIX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

24 Чэр 2021

22 чэрвеня 2021 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 97 зацверджаны вынікі XXIX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сярэдневяковая паэзія, якая абавязкова вам спадабаецца

24 Чэр 2021

Сярэдневякоўе зачароўвае. Пышныя рыцарскія турніры, высакародныя дамы, легенды пра караля Артура, чума, у рэшце рэшт! Антураж больш чым захапляльны, але мы з ім знаёмыя ў асноўным па празаічных творах. А як наконт паэзіі? Сапраўднай сярэдневяковай паэзіі. Апранайцеся ў латы, доблесныя аматары вершаў: сёння мы ўспомнім пра сем неверагодных еўрапейскіх паэтаў і гераічныя эпасы, якія вы палюбіце з першага позірку.

Аўтарскі погляд

Перасоўная выстава “Лясная песня” адкрылася ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан

22 Чэр 2021

Прэзентацыя інфармацыйна-ілюстрацыйнага праекта “Лясная песня” ў горадзе Нур-Султан была прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

23 Чэр 2021

«Тэатр, як вядома, мае звычай зацягваць у сябе людзей, як зачараваны лес». Думаецца, праўдзівасць гэтага радка з рамана «Вялікае падарожжа Малой» пацвердзіць аўтарка Алена Папова. Ведаюць яе не толькі як драматурга, чые п'есы ідуць па ўсім свеце, перамагаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах, але і як адметнага празаіка. «Таямнічы код прозы Алены Паповай» – гучала ў загалоўку адной з рэцэнзій.

Навіны бібліятэк

22 Чэр 2021

19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Большасць твораў, напісаных аўтарам, – аповесці, дзеянне якіх адбываецца ў час Вялікай Айчыннай вайны. У іх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Быкаў на свае вочы бачыў вайну, таму так ярка і эмацыянальна яму ўдавалася перадаць увесь цяжар ваенных гадоў. Прапануем вам пяць кніг народнага пісьменніка Беларусі, якія праславілі беларускую літаратуру на ўвесь свет.

Навіны бібліятэк

24 Чэр 2021

Наш сёньняшні госьць – знаны дасьледчык беларускае даўніны Сяргей Тарасаў. Справай усяго яго жыцьця стала вывучэньне гісторыі Полацкага княства. А яго новая кніга «Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая. Яе час, яе Крыж» ужо выклікала вялікі розгалас і нават стала сэнсацыяй для многіх чытачоў.

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам
111