ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
“Бамбукавыя кнігі” сваімі рукамі
Круцейшыя, чым у братоў Грым: выходзіць зборнік беларускіх чарадзейных казак

Росчырк Марка Шагала і асабісты подпіс Віктора Гюго – рэдкія асобнікі ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі

Росчырк Марка Шагала і асабісты подпіс Віктора Гюго – рэдкія асобнікі ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі
Іншыя навіны

А ці ведаеце вы, што ў Нацыянальнай бібліятэцы ёсць выданні з аўтографамі вядомых асоб – Сальвадора Далі, Марка Шагала, Віктора Гюго, Васіля Быкава і многіх іншых? Як знайсці гэтыя пярліны фондаў, раскажам у нашым матэрыяле.

Такія адкрыцці здзіўляюць і пастаянных карыстальнікаў, і замежных гасцей. Надзін, студэнтка-дызайнер аднаго з універсітэтаў Літвы, упершыню наведала Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Мы адправіліся з ёй у невялікі “квест”, каб даведацца, дзе і як шукаць аўтографы вядомых асоб.

Музей кнігі

Пункт першы і відавочны – музей кнігі. Пад шклом у памяшканні музея нас сустракаюць выданні, разгорнутыя на першых старонках і шмуцтытулах.

– Гэта сапраўдныя аўтографы Сальвадора Далі і Марка Шагала? – дзівіцца Надзін, разглядаючы экспанаты.

Так, аўтографы сапраўдныя. Напрыклад, Марк Шагал падпісаў сябру біяграфічную кнігу пра сябе з серыі аб новых французскіх мастаках аўтара Вальдэмара Жоржа. Над аўтографам – малюнак рукой Шагала, а таксама словы: “Майму сябру Фельсу”, – вядомаму французскаму пісьменніку і мастацтвазнаўцу Фельсу Фларану.

11.jpg

Побач выстаўлена кніга Сальвадора Далі “Метамарфозы Нарцыса”. Каталонскі геній прысвяціў яе французскаму паэту Полю Элюару. А хаатычны подпіс-аўтограф адрасаваны французскаму драматургу Анры Бернштэйну.

12.jpg

Надзін з цікавасцю разглядае і іншыя кнігі – тут аўтографы Віктора Гюго, Жуля Верна, Пабла Пікаса, Алеся Адамовіча, але гэта толькі малая частка бібліятэчных скарбаў.

Асаблівую каштоўнасць рэдкім выданням з аўтографамі надае тое, што за кожным асобнікам хаваецца свая гісторыя. Дзякуючы подпісам мы можам прыйсці да новых фактаў біяграфіі аўтара ці больш шырокага разумення сувязі твораў з людзьмі і падзеямі. Аўтографы сустракаюцца самыя розныя – у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца рарытэты з дарчымі надпісамі, прывітаннямі, успамінамі, прысвячэннямі і інш.

– А дзе можна паглядзець іншыя асобнікі? – цікавіцца наша госця. І мы ідзём далей.

Зала рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў

Для таго каб больш даведацца пра рэдкія экзэмпляры (кнігі з аўтографамі – у іх ліку), мы ідзём у залу рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў, размешчаную на трэцім паверсе па суседстве з музеем кнігі.

Надзін адразу накіроўваецца да скрыняў картачнага каталога, дзе ёсць асобныя раздзелы па аўтографах, але гэта, скажам так, стратэгічная памылка. Уся інфармацыя захоўваецца ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі, і такім чынам пошук неабходных кніг адбываецца ў разы хутчэй. Пры неабходнасці можна звярнуцца да супрацоўнікаў залы, якія пакажуць, як правільна шукаць у каталогу неабходныя выданні.

Каб замовіць кнігі з аўтографамі класікаў сусветнай літаратуры, Надзін выбірае опцыю пашыранага пошуку ў электронным каталогу і ў графе “Асноўны тэматычны пошук” уводзіць пошук па слове “Аўтограф”. Далей можна выбраць, які перыяд нас цікавіць.

14.jpg

Замовіць такія кнігі можа кожны. Праўда, для некаторых выданняў (выдадзеных да 1850 г.) неабходны спецыяльны дазвол з месца працы ці вучобы.

Багатыя фонды бібліятэкі на кнігі беларускіх класікаў, падпісаныя такімі людзьмі, як Якуб Колас, Алесь Адамовіч, Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Святлана Алексіевіч і інш. Цікавы экзэмпляр – выданне “Альпійскай балады” Васіля Быкава.

Аповесць перакладзена на балгарскую мову і выпушчана ў Сафіі ў 1977 годзе. Аўтограф пісьменніка на тытульнай старонцы акуратным почыркам адрасаваны нейкаму Рэму Нікіфаровічу.

– Відавочна, беларускіх пісьменнікаў ведаюць і за межамі вашай краіны. Мяне вельмі ўразіла аповесць “Сотнікаў” Быкава, якую я прачытала на першым курсе. А цяпер усе кажуць пра Алексіевіч і Адамовіча. Гэтым варта ганарыцца, – кажа Надзін, гартаючы замоўленыя кнігі.

15.jpg

Акрамя гэтага, у фондах бібліятэкі мноства выданняў з асабістымі подпісамі французскай пісьменніцы Сідані-Габрыэль Калет, кнігі з аўтографамі Эміля Заля, Стэфана Цвейга, Жан-Поля Сартра, Марыны Цвятаевай і многіх іншых творцаў. Цэлыя асабістыя гісторыі ў маленькіх росчырках на тытульных старонках. Што за чалавек быў Луі Луі-Дрэйфус, якому прыгожа падпісвала свае кнігі Калет? Ці прэзентаваў свой альбом малюнкаў Шагал, калі падпісваў асобнік Тургенеўскай бібліятэцы ў Парыжы? Які шлях прайшла кніга Заля, каб трапіць у Нацыянальную бібліятэку з рук нейкага “калегі Луі” (Louis Asseierre)? Аднак некаторыя аўтографы не хаваюць сваіх гісторый: яны чакаюць нас у іншай зале.

16.jpg

18.jpg

Зала нотных і аўдыявізуальных дакументаў

Цікавыя аўтографы ёсць і тут. Людзям, якія захапляюцца музыкай, можна знайсці рэдкія выданні (партытуры, напрыклад) і замовіць іх у электронным каталогу прама ў гэтую залу.

– Зусім нядаўна я хадзіла на оперу "Мадам Батэрфляй" у Вялікі тэатр Беларусі (Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета – Я.П.). А тут ёсць ноты твора з аўтографам аўтара – Джакама Пучыні. Рука італьянскага генія дакраналася гэтай самай паперы. Колькі ў Мінску артэфактаў! – кажа Надзін у чаканні замовы.

19.jpg

І сапраўды, на шмуцтытуле партытуры “Мадам Батэрфляй” Пучыні ёсць не толькі аўтограф кампазітара, але і надпіс: “A una Maesta La Regina Elena reverente amaggio di Giacomo Puccini. Milano 5.02.04”. Гэта прысвячэнне каралеве Алене Савойскай – яе біяграфія знайшла адлюстраванне ў гісторыі галоўнай гераіні твора. Опера, дарэчы, уваходзіць у дзясятку самых рэпертуарных у свеце.

20.jpg

Яшчэ адзін аўтограф італьянскага кампазітара – на тытульнай старонцы партытуры “Дзяўчына з Захаду”, што ўбачыла свет у 1912 г. у Мілане. Акрамя гэтага, у фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваюцца выданні з подпісамі і іншых кампазітараў, напрыклад, Клода Дэбюсі.

Аўтар публікацыі: Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Пра беларускіх ілюстратараў, якія прысвяцілі талент Яе Вялікасці Кнізе

11 Сне 2019

“Я не самотны, я кнігу маю…” – невыпадкова радок з верша Максіма Багдановіча прагучаў на ўрачыстай прэзентацыі кнігі журналіста Вольгі Паўлючэнкі “Малюнак пад кніжнай вокладкай”, якая адбылася 10 снежня ў бібліятэцы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Аўдыякалекцыя літаратурнай класікі і сучаснай прозы Беларусі – на старонцы вэб-навігатара “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”

11 Сне 2019

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь прадаставіла ў адкрыты доступ падрыхтаваную выдавецтвам “Вышэйшая школа” калекцыю твораў беларускіх пісьменнікаў, агучаных вядучымі акцёрамі Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Раман Матульскі: “У сучасным свеце няма ведаў канстанты”

10 Сне 2019

6 снежня адбылася сустрэча фіналістаў конкурсу “Студэнт года” з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшынёй грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктарам педагагічных навук, прафесарам Раманам Матульскім.

Аўтарскі погляд

Кнігі з асабістай калекцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі перададзены ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

9 Сне 2019

Гэта 76 сучасных выданняў, прысвечаных гісторыі, культуры, адукацыі, навуцы і спорту краін – суседзяў, партнёраў нашай краіны на міжнароднай арэне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111