ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Бібліятэка адсвяткавала Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
“Алмаз ведаў” папоўніў фонды бялыніцкіх бібліятэк

Багдановіч як празаік: зманлівае знешняе ў апавяданні “Преступление”

Багдановіч як празаік: зманлівае знешняе ў апавяданні “Преступление”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Для большасці чытачоў Максім Багдановіч – найперш паэт, лірык. Але творчая спадчына гэтага пісьменніка не абмяжоўваецца вершамі і перакладамі. Верагодна, многія здзівяцца, калі дазнаюцца, што пяру слыннага Максіма належаць і празаічныя творы – фельетоны, нарысы, апавяданні. Напісаныя, у тым ліку, і на рускай мове.

Рускамоўнасць, дарэчы, дзівіць каго-кольвек не павінна. Як-ніяк, Максім рос у рускамоўным асяроддзі, а таму зварот да гэтай мовы для творчага самавыражэння быў натуральны. Іншая справа – у магчымасцях мовы і нацыянальнай значнасці аўтарскай індывідуальнасці ў ёй. Бо, як казаў Караткевіч пра Баршчэўскага, “у сваёй мове ён мог бы стаць вялікім, у чужой – толькі вышэй за сярэдняга”.

Багдановіч, звярнуўшыся да беларускай мовы, сапраўды стаў вялікім: значэнне гэтай асобы для беларускай літаратуры неверагоднае. Як і культурны ўплыў ягоных тэкстаў, біяграфіі, самога вобраза маладога паэта-кніжніка, што заўчасна сышоў з жыцця.

Што ж да ягонай рускамоўнай спадчыны? У гэтым выпадку нас асабліва цікавіць канкрэтны твор: апавяданне “Преступление”. Твор, напісаны дваццацідвухгадовым Багдановічам, які паступова напрацоўваў уласны стыль. На той час ён быў параўнальна спрактыкаваным аўтарам: супрацоўнічаў з яраслаўскай газетай, з іншымі расійскімі і беларускімі выданнямі. Увогуле, набыў першую вядомасць, літаратурнае імя.

Выпрацоўка аўтарскай манеры ў пісьменніка вымагае некаторых захадаў, у прыватнасці – спробаў сябе ў розных жанрах і стылях, розных тэмах. Ясна, што для Багдановіча, які і сам супрацоўнічаў з газетамі, рыхтуючы матэрыялы для друку, і чытаў розныя выданні як крытык, тагачасныя “трэнды” датычна тэматыкі і стылістыкі не былі сакрэтам. Мінула першая дэкада дваццатага стагоддзя, адгрымела стрэламі Крывавая нядзеля. Грамадства мянялася, троны, а разам з імі і ранейшыя жыццёвыя ўстаноўкі хісталіся, станавіліся няпэўнымі. Колішнія кансерватыўныя сацыяльныя нормы размываліся, у тым ліку – і ў стаўленні да жанчын, да статусу жанчыны ў грамадстве і яе функцый, яе магчымасцей.

У гэты час Багдановіч піша сваё апавяданне, дзе малюе спачатку (з наўмыснай стараннасцю) карціну інстытута высакародных дзявіц, дзе ўсё вонкава дыхае ўпарадкаванасцю і чысцінёй. Дзеючыя асобы – ад начальніцы-генеральшы да апекуна і класных дам з інстытуткамі – утвараюць дэкарацыі чалавечай трагедыі, што разгорнецца перад намі. Для асяродка, дзе ўсе, як робаты, строга выконваюць свае функцыі, заціснутыя ў карсеты і рамкі паказной прыстойнасці, навіна пра тое, што ў настаўніцы французскай мовы ёсць дачка (без мужа), становіцца катастрофай. Крушэннем звыклага ладу жыцця, звыклых умоўнасцей, дэкарацый, за якімі хаваецца непрывабная праўда існавання “приличного и благоустроенного института”. Скажам, у таго самага апекуна, што выступае за “адмежаванне” выхаванак ад “бруду” (факту, што дзеці бываюць і без шлюбу), ёсць уласная каханка з ліку тых самых інстытутак – барышня Стаўроўская з “таким личиком и такой фигуркой!” Дабрачыннасць і праведны гнеў, якім адгукаюцца на нечаканую навіну калегі настаўніцы, абарочваюцца нікчэмнымі развагамі наконт таго, ці варта падаваць жанчыне руку “пасля такога”. Нават сам факт, што хтосьці з класных дам дазнаўся пра пазашлюбную дачку сваёй калегі і тут жа радасна распавёў пра гэта ўсяму інстытуту, выклікае ў чытача справядлівае абурэнне. Як і рашэнне генеральшы звольніць тую, што дазволіла сабе “преступление”, – прычым звольніць так, “каб разумела, за што”.

Уступ з апісаннямі інстытуцкага начальства і супрацоўнікаў выглядае рэзкім кантрастам з іх учынкамі і рэакцыямі. Зусім як парадны партрэт не падобны да чалавека рэальнага.

Зрэшты, людзей – сапраўдных, здольных на спачуванне, на ўвагу да чужой бяды – аўтар нам не паказвае. Класных дам хвалюе толькі этыкетнае падаванне рукі, генеральшу і апекуна з інспектарам – знешняе захаванне прыстойнасці, гучныя словы пра абарону дзяцей ад суровай рэальнасці. Інстытуткі клапоцяцца толькі пра тое, каб настаўніца французскай мовы не выклікала іх адказваць нявывучаны ўрок, швейцары – пра тое, каб тэрмінова вывесці з інстытута звольненую жанчыну.

Ніхто не бачыць у гераіні жывога чалавека – толькі функцыю, якую тая так або іначай павінна выконваць. Арыфметыка прыстойнасці бязлітасная, а таму настаўніцу Сакалову бязлітасна вылічваюць са сваіх шэрагаў.

І для той гэта азначае крушэнне ўсяго яе свету. Не толькі сам факт таго, што яе вымусілі падпісаць патрэбныя начальству паперы, але і прынізілі, “далі зразумець”. Выбітая з каляіны, Сакалова не можа вярнуцца да сваёй прынятай, “прыстойнай” функцыі, не можа весці ўрок, не можа пайсці дамоў. Бо, фактычна, яе забілі маральна, вынеслі калектыўны вырак – не ведаючы перадгісторыі, не жадаючы зразумець, асуджаючы апрыёры.

Вырашэннем маральнай смерці для гераіні становіцца смерць фізічная – пад коламі цягніка. І свет яе маленькай дачкі, светлым пакойчыкам, мяккаю коткай і марай пра дачу, разбіваецца аб суровую, брыдкую, цёмную рэальнасць, калі дзяўчынка бяжыць сустракаць маці і бачыць, што з ёю сталася.

Багдановіч не дае ацэнак, пераходзячы ад аднаго персанажа да другога, паказваючы падзеі іх вачыма з бязлітаснай дакументальнасцю. Але ў гэтай аўтарскай нейтральнасці, як і ў наўмыснай, паказной “параднасці” апісанняў ва ўступе, хаваецца горыч і пратэст супраць двудушных маралізатараў.

Колькі вартыя слёзы дзіцяці, як бы пытае, услед за Дастаеўскім, Багдановіч.

“…из этого обезображенного трупа смотрела на неё голая, жестокая, ничем не прикрашенная проза жизни, убивая в ней веру в справедливость и нравственность, в святость и целесообразность того, что делается во имя высоких принципов, долга и любви”.

Вось #такое_чытво.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам