ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Як ратавалі фонды савецкіх бібліятэк у ваенныя гады
Памяць пра лёсы, звязаныя з Жыровічамі і Слонімшчынай

Беларускі бэстселер 1920-х: аповесць Міхася Зарэцкага “Голы звер”

Беларускі бэстселер 1920-х: аповесць Міхася Зарэцкага “Голы звер”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Міхась Зарэцкі, паводле ягоных уласных успамінаў, распачаў свае літаратурныя спробы пасля яркага ўражання ад незвычайнага сну. Надалей, атрымліваючы ўсё болей і болей жыццёвага ды пісьменніцкага досведу, ён адтачыў сваё майстэрства на кароткай прозе. І аповесць “Голы звер” (1926) стала як бы лагічным працягам творчага і асобаснага сталення пісьменніка.

Сучаснікі згадваюць: у бібліятэках канца 1920-х толькі і пыталіся, што менавіта гэтую аповесць Зарэцкага. І нават выкрадалі кнігі з шафаў з забароненымі матэрыяламі. У чым прычына такой папулярнасці і ці актуальная гэтая аповесць сёння – давайце разбірацца.

У цэнтры твора – Віктар Яроцкі, персанаж адкрыта, непрыхавана адмоўны. Чытач адчувае гэта ўжо з самай першай сцэны аповесці, у якой Яроцкі, едучы ў вагоне, заліваецца здзеклівым рогатам, смеючыся з “барадача”, якога ён “падвёў, пагубіў”. І тут жа пастуліруе сваю жыццёвую пазіцыю, ад якой не адступіцца і надалей: “Ён здаволен сабой. Ён моцны, разумны. Ён бярэ ад жыцця ўсё, што захоча. Для яго няма недаступнага. Усё ў яго волі”. Падавалася б, не самая адмоўная характарыстыка, праўда? Каму б не хацелася быць разумным і моцным, браць ад жыцця напоўніцу радасцяў. Але дробны нюанс, які адразу ж пачынае турбаваць уважлівага чытача, у тым, што Яроцкі, прыгадваючы тых, каго “падвёў, пагубіў”, не пачувае нічога, апроч раздражнення ды злосці: “нібы слоў больш не ведаюць”.

Увогуле, калі паспрабаваць ахарактарызаваць асобасны тып Яроцкага, на розум прыходзіць слова “сацыяпат”. Тут і абыякавасць да пачуццяў іншых людзей, і грэбаванне сацыяльнымі нормамі, а таксама крытычная няздольнасць адчуваць віну за свае ўчынкі. Яроцкі адпавядае ўсім гэтым характарыстыкам, мала таго, адказнасць за свае ўчынкі ён перакладае на саміх сваіх ахвяраў – “злосць узнялася ў Яроцкага на дурасць людскую”. Людзі для яго – толькі інструменты для дасягнення ўласных мэтаў, і адкідае ён іх ад сябе бязлітасна, выкарыстаўшы, як паламаныя цацкі. Ды і свае ўчынкі Яроцкі ўспрымае менавіта як гульню: “…трэба трымацца. Трэба граць. Кошка і мышка. Ха-ха!” А вось уласнае “я” цэніцца ім як найвышэйшая каштоўнасць, і ўласным камфортам, уласнымі рэсурсамі, як матэрыяльнымі, так і душэўнымі, ён ахвяраваць дзеля чагосьці (ці кагосьці) абсалютна не згодны: “…я жывy. I нi дa кoгa мнe дзeлa нямa. Сyмлeннe, зaкoн... Гэтa ж для дypняў, для acтaлoпaў, для тыx, xтo ciлы нe мae ўзяць cвaю дoлю! А я – вышэй зa ўcix гэтыx дpындyшaк”.

Самае вусцішнае ў тыпажы сацыяпата – нават не тое, што ён звычайна ўмее хаваць свае інстынкты і сам хаваецца за маскаю чалавека. Гэтак і Яроцкі “ўсюды пакідаў за сабой сімпатыю, яму верылі ўсюды”. Самае страшнае, бадай, гэта надзвычайная здольнасць харызматычнага сацыяпата схіляць на свой бок, прапаведаваць, унушаць сваю звярыную філасофію: “ён умеў захапіць чалавека, умеў да болю напінаць струны яго пачуцця і граў на іх смела, рашуча, як віртуоз. Ён адразу знаходзіў унутры чалавека звярыныя інстынкты і ўспарваў іх, узбіваў у бурна-шалёную пену, каб захлынула яна ўсё нутро, каб затапіла ўсё чалавечае”.

Назва аповесці, натуральна, не выпадковая: Яроцкі – звер пад маскаю чалавека, звер ва ўсіх сваіх жывёльных праявах, адно не ўкрыты поўсцю. Ён, як драпежнік, “выходзіць на паляванне” на вуліцах – пакуль не ўпалёўвае Лідачку: “так узяць бы яе – любую, свежую, – узяць, як цукерку, як дарагі падарунак-гасцінец”. Так жа ўпалёўвае ён і бязвольнага Шчупака, схіляючы таго сваімі “пропаведзямі” на дарогу распусты і расчалавечвання.

Адзіны персанаж у творы, які мог бы скласці процівагу абаяльнаму аферысту – гэта квартарант сям’і Лідачкі Горскі. Толькі ён не адчувае разбуральнай прыцягальнасці асобы Яроцкага, ды і сам ён драпежніку-сацыяпату не дужа падабаецца. Нават у прозвішчы персанажаў укладзена проціпастаўленне: Яроцкі – “яр”, Горскі – “гара”. Яр і гара, ніз і верх, адмоўнае і станоўчае. Аднак варта адзначыць, што скласці паўнавартасную процівагу вобразу Яроцкага Горскі не можа: ён прапісаны зусім не так старанна і не з такой жыццёвай яркасцю. Горскі як персанаж, хай і станоўчы, але досыць схематычны, і ягоны зварот да Лідачкі, якую ён, як выявілася, кахае, таксама досыць умоўны і схематычны. І зусім блякне на фоне палымяных прамоў Яроцкага.

Дык з чым жа можна звязваць такую папулярнасць аповесці? Магчыма, з прыцягальнасцю зла ўвогуле – ці з прыцягальнасцю вобразу авантурнага антыгероя. Нагадаем, усяго праз год, у 1927 годзе, быў напісаны раман Ільфа і Пятрова “Дванаццаць крэслаў”, дзе цэнтральны персанаж ува многім нагадвае Яроцкага (хай і паказаны больш мякка ды іранічна, без трагедыйных нотак). Сам дух эпохі нэпа, пэўна, вымагаў, каб літаратура адгукнулася на адпаведны жыццёвы тыпаж, які станавіўся ўсё болей і болей распаўсюджаным.

Але давайце задумаемся: ці з’яўляецца тып Яроцкага выключным і характэрным толькі для таго часу, калі была напісана аповесць? Падобная філасофія нарадзілася задоўга да часоў “новай эканамічнай палітыкі” і не была згорнута адначасна з ёю. Яроцкі насамрэч не палемізуе з мяшчанскім ладам жыцця – адзінае процістаянне адбываецца паміж ім ягоным “эга”, якое ён прагне наталіць, і соцыумам вакол яго. Эгаістычныя сацыяпаты, падобныя Яроцкаму, былі ўва ўсе часы, і таму нават на сёння аповесць застаецца своеасаблівым папярэджаннем.

І фінал аповесці, калі антыгероя, які амаль здзейсніў забойства, спасцігае-такі пакаранне (турма), не прыносіць маральнага задавальнення. Драпежнік па-ранейшаму застаўся сабою: “халодны, застыглы, з пагардлівай усмешкай на вуснах”.

Спрадвечнае чалавечае – раскаянне – для яго недасяжнае.

Вось і ўвесь сказ пра Яроцкага – голага звера”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Болей даведацца пра літаратурны працэс 1920–1930-х  дапаможа віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "На хвалі часу, у плыні жыцця".

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам