ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
25 снежня – 120 гадоў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна
Навагодняя казка ў Нацыянальнай бібліятэцы!

#BelBookChallenge прапануе: кніга, якую параіў бібліятэкар

#BelBookChallenge прапануе: кніга, якую параіў бібліятэкар
Іншыя навіны

А мы працягваем прапаноўваць вам кнігі для чытання ў межах BelBookChallenge! Наступная тэма чэленджу – кніга, якую параіць вам бібліятэкар. Нацыяналка спяшаецца дапамагчы вам з тэмай, якая некаторым падасца найбольш лёгкай.

Гэта падборка выратуе тых, хто па розных прычынах не можа зараз наведваць бібліятэку і прасіць парады ў яе супрацоўнікаў. Ці тым інтравертным асобам, чые здольнасці ў камунікацыі вельмі просяць ціхім унутраным голасам не звяртацца да людзей без неабходнасці. Мы сабралі для вас кнігі ад спецыялістаў, якія найбольш маюць рацыю ў дачыненні да нашага чэленджу – супрацоўнікаў залы беларускай літаратуры (і не толькі).

У нейкім сэнсе нас чакала сапраўднае расследаванне. Пошук быў няпростым, бо бібліятэкару, вопытнаму прафесіяналу сваёй справы, часам цяжка зарыентавацца і прапанаваць кнігу кшталту “варта прачытаць кожнаму”. Некаторыя казалі нам, што гэта вельмі вузкая і індывідуальная просьба – параіць кнігу, бо кожная асоба непаўторная ў сваіх густах і поглядах. Бібліятэкару трэба паразмаўляць з чалавекам, зразумець яго патрабаванні і інтарэсы… Нават мова цела, выпраўка і знешні выгляд могуць нешта падказаць. Таму часам замест парады аб кнізе мы атрымлівалі досвед працы з карткавымі каталогамі (што таксама вельмі карысна), гісторыі з бібліятэчнага жыцця і цікавыя знаёмствы.

Але ўсё ж некаторыя не пабаяліся шырыні мэтавай аўдыторыі і далі рэкамендацыі для ўдзельнікаў #BelBookChallenge.

 Горад сонца.jpg

Артур Клінаў, “Горад СОНца” (візуальная паэма)

Гэта кніга прапануецца не толькі ўдзельнікам чэленджу, але і наўпрост кожнаму! Фотаальбом “Горад СОНца” ёсць вынік пяцігадовай працы вядомага беларускага мастака Артура Клінава над праектам, прысвечаным Мінску. У яго ўвайшлі каля ста фотаздымкаў і эсэ “Горад СОНца”, напісанае аўтарам для гэтага праекту. Увогуле, гэта першая ў Беларусі падобная спроба падачы матэрыялу, якую сам аўтар акрэсліў як візуальная паэма.

Ідэя фотапраекта была ў тым, каб перадаць унікальнасць і дзіўную абаяльнасць горада не праз банальную фотафіксацыю вядомых архітэктурных аб’ектаў, а праз пошук яго вобраза, выкарыстоўваючы мову мастацкай фатаграфіі.

Горад сонца2.jpg Менавіта ў самім тэксце аўтар выказвае сваю канцэпцыю абсалютнай архітэктурнай унікальнасці Мінска. Паводле яе, Мінск – гэта адзіная найбольш поўная з існуючых сёння ў свеце рэалізацыя праекта пабудовы Ідэальнага Горада. Маеце жаданне нанова натхніцца сталіцай нашай краіны? Гэта кніга дакладна для вас. Варыянт, калі не трэба шмат чытаць, а неабходна пранікацца і адчуваць сапраўднае мастацтва фотаздымку.

усе бачылі нястачу віна.png Леанід Дранько-Майсюк ,“«Усе бачылі нястачу віна…»: аповесць пра Адама Станкевіча”

Кніга, што ўражвае дасканаласцю гістарычнага аналізу і пры гэтым чытаць яе вельмі цікава і захапляльна. Увогуле, дакументальна-мастацкія творы пра гістарычных асоб, якія прагнеш чытаць старонку за старонкай – рэдкі выпадак, але вось адзін з іх. Гэта змястоўны твор пра ксяндза Адама Станкевіча, пра яго самаахвярную працу на карысць Беларусі, пакуты ў астрозе. 

усе бачылі нястачу віна2.png Адам Станкевіч – пісьменнік і рэлігійны мысляр, палітык і гісторык, які змагаўся за існаванне ў Беларусі каталіцкай царквы. Вельмі рэкамендуем дадзеную кнігу і асабліва тым, хто мала ведае пра гэтага дзеяча беларускай нівы.

шчыраю ноччу.jpg Уладзімір Ягоўдзік, “Шчыраю ноччу”

Як нам паведамілі, кніга выдатна падыдзе для юнага чытача. Лёгкія апавяданні, напісаныя Уладзімірам Ягоўдзікам насычаны лірызмам і напісаны тонкім і светлым словам. Адметна ў кнізе тое, што асобны яе раздзел змяшчае цікавыя партрэтныя занатоўкі-успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і не толькі. 

шчыраю ноччу2.jpg Вас чакае і вечар з Уладзімірам Караткевічам, і паглыбленне ў свет сноў Алены Кіш, і перажыванні ад напісання ліста Яну Скрыгану… Аматарам беларускай літаратуры прыйдзецца даспадобы!

ладдзя роспачы.jpg Уладзімір Караткевіч, “Ладдзя роспачы”

Дарэчы кажучы, нам прапанавалі хутчэй не саму “Ладдзю роспачы”, а проста і настойліва: “Чытайце Караткевіча!”. Але мы вырашылі ўсё ж канкрэтызаваць твор і абралі “Ладдзю роспачы”. Чаму менавіта яе? Прычын шмат. Гэта гістарычны твор, на старонках якога сустракаеш і знакавых гістарычных асоб, і герояў, якія проста любяць жыццё. Кніга таксама насычана выдатным гумарам і шматлікімі нетыповымі для беларускай літаратуры “фішкамі”. Як казаў у адной са сваіх лекцый Віктар Марціновіч: “Прачытаўшы яе, я пераасэнсаваў усё, што ведаў і пра Караткевіча, і пра беларускую літаратуру”. Таму чытайце, і гэта кніга дакладна прымусіць вас змяніць вугал зроку.

ладдзя роспачы2.jpg Дарэчы, па гіперспасылцы вы знойдзеце ўнікальнае выданне без цэнзурных правак, у якім тэкст не проста надрукаваны ў першапачатковым варыянце, а ўсе праўленыя і выразаныя моманты графічна адлюстраваны ў тэксце.

дзевяць жыццящ.jpg Кірыл Стаселька, “Дзевяць жыццяў Віта Морэ”

“Такога ў беларускай літаратуры яшчэ не было”.

Захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія плыні ў адно цэлае. Тэкст – гульня з чытачом, у якой ён акунаецца ў розныя гістарычныя перыяды і геаграфічныя лакацыі, літаратурныя творы, кантэксты – ад Беларусі да Егіпта, ад Дантэ да Кафкі, ад ніцшэанства да прагматызму. Гэта не столькі літаратурны тэкст, колькі менавіта дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ – не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але і вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага – выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.

За дапамогу ў стварэнні матэрыялу аўтары выказваюць падзяку Вользе Шугаевай, Ніне Касілавай, Ганне Солушка, Дзмітрыю Давідоўскаму.

Аўтар тэкста – Дарыя Карчашкіна.

Навіны

У бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка “Репрезентация современного искусства”

29 Вер 2023

29 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі сумесны кітайска-беларускі праект – зборнік “Репрезентация современного искусства”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем з 75-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людмілу Міхайлаўну Мыльнікаву!

29 Вер 2023

Ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Людміле Міхайлаўне – самыя шчырыя віншаванні і пажаданні даўгалецця, бадзёрасці і моцнага здароўя. Няхай будзе больш светлых дзён, прыемных сустрэч, любячых людзей і цёплых абдымкаў. Хай блізкія заўсёды будуць побач, дораць падтрымку і напаўняюць ваша жыццё радасцю і шчасцем!

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Музычнае жыццё гарадоў Беларусі – Віцебск: па матэрыялах газет 1917–1922 гг. Частка 2. Кансерваторыя і іншыя падзеі

28 Вер 2023

У рамках папулярызацыі газетнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і праекта “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны” працягваем знаёміць чытачоў з газетнымі артыкуламі, рэцэнзіямі, аб’явамі і іншымі матэрыяламі 1917–1922 гг. аб музычным жыцці гарадоў Беларусі.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

Супрацоўнікі бібліятэкі наведалі Дні культуры Растоўскай вобласці

26 Вер 2023

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі ўзялі ўдзел у адкрыцці Дзён культуры Растоўскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь. Урачыстасці прайшлі ў Палацы Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам