ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні
Сугучча

Чараўніцтва для чайнікаў: навошта адаптуюць класічныя казкі і дзе чытаць некласічныя

Чараўніцтва для чайнікаў: навошта адаптуюць класічныя казкі і дзе чытаць некласічныя
Іншыя навіны

Паліна Доля

З тых часоў, як чалавек навучыўся складаць гукі ў словы, а словы – у сказы, свет навокал пачаў імкліва абрастаць казкамі. Чароўнымі гісторыямі тлумачылі ўсё, што пужала сваёй нязведанасцю – змену часоў года, нараджэнне, смерць, колер птушынага пер’я і з’яўленне агню. Што ж з імі цяпер? Іх спасцігла доля нястрымнай адаптацыі. Старыя казкі перапісваюцца на новы лад, іх матывы ўплятаюцца ў іншыя гісторыі. Як гэта робіцца, а галоўнае – навошта? Давайце зірнём на гісторыю адаптацыі казачнай класікі.

“Папялушка”. “Беласнежка”. “Спячая прыгажуня”. Напэўна, кожны з нас можа назваць хоць бы некалькі фільмаў і кніг, якія выкарыстоўваюць матывы гэтых казак – ды і многіх іншых, нарэшце. Столькі твораў бяруць за аснову гісторыю пра Чырвоны Каптурок, што гэтая казка ператварылася ў заезджаную пласцінку. Колькі можна эксплуатаваць гісторыю беднай дзяўчынкі з піражкамі? Адказ: бясконца доўга, бо кожная адаптацыя – гэта погляд на ўнікальную гісторыю з новага пункту гледжання. Мы ўсе ведаем, пра што гэта казка. Але гэта ж веданне і вабіць чытачоў да яе адаптацыі: цікава, што зробіць аўтар з такой знаёмай гісторыяй? Можа, раскажа яе ад асобы бабулі, якая чакае немінучай гібелі ў пашчы ваўка? Перанясе месца дзеяння ў сучасны прыгарад? Надзеліць усіх герояў магіяй?

Усякая казка чымсьці падобная да загавору – магічныя словы ў ёй паўтараюцца па коле. Ад самага ўзнікнення чароўныя байкі пераказвалі раз за разам, і кожны апавядальнік імкнуўся ўвесці ў іх новыя дэталі, штосьці забываючы ці зусім блытаючыся ў гісторыі, фактычна ствараў зусім новую. Як бацькі пераказвалі нам казку пра Беласнежку, так і нас цягне паўтарыць яе зноў – на гэты раз па-свойму.

Аднак цікавы тут яшчэ і іншы момант. Чаму адны казкі атрымліваюць новыя адаптацыі, а іншыя вымушаны быць у вечным зняволенні ў зборніку фальклору? А яны ж не горшыя – і павучальныя, і забаўныя, і магія ёсць, і прыгоды. Магчыма, справа ў актуальнасці? Прыгледзьцеся ўважлівей да казак, якія часцей за ўсё адаптуюць. Матывы “Папялушкі” часта усплываюць у рамантычных камедыях, таму што гэта класічная гісторыя пра надзею на лепшае жыццё, сапраўднае каханне і ўзнагароду за дабрыню і міласэрнасць.

“Сіняя Барада”, можа, меней відавочная крыніца натхнення для сучасных аўтараў, але гэтая гісторыя – пра страхі, знаёмыя кожнаму. Можа, ніхто з нас не не зведаў выгнанне мачыхай з каралеўства, а бацька ніколі не кідаў нас у лясным гушчары, але мы ведаем, як гэта – зазнаць здраду і быць кінутым. Героі казак сутыкаюцца з магічным увасабленнем таго, што мы сустракаем кожны дзень. У такім кантэксце просты пасыл “дабро заўсёды перамагае” становіцца сапраўды натхняльным.

Зрэшты, ёсць у пытанні адаптацыі казак і іншая праблема: амаль усе яны з групы гісторый, расказаных Шарлем Перо, Гансам Хрысціянам Андэрсанам і братамі Грым. Зірнем праўдзе ў вочы – у сферы казак і іх адаптацый дамінуе заходняя культура. Да прыкладу, вы ведалі, што адна з самых старых версій “Папялушкі” – кітайская? Яшчэ ў IX стагоддзі да н.э. у народзе хадзіла казка пра Е-Сянь, дзе ёсць і злая мачыха, і страчаны туфлік, і апазнанне паненкі па памеры абутку. А запомнілі мы ўсё адно еўрапейскую версію.

Адны і тыя ж казкі часта усплываюць у новай адаптацыі, кнігі і фільмы кожны год адзяваюць на новую гераіню чырвоны капялюшык і адпраўляюць да бабулі праз лес, а мы, вядома, з радасцю прымаем яшчэ адну версію ўлюбленай гісторыі. Але часам усё ж так хочацца прачытаць штосьці новае! Пасля размовы аб казачных адаптацыях варта ўспомніць пра сюжэты, якія ўсе гэтыя гады застаюцца ў ценю. Ды і што можа быць больш займальным чытвом для ўцёкаў ад суровай рэальнасці? Аб’яўляем хвілінку эскапізму і прапануем вам акунуцца ў свет нестандартных зборнікаў казак, легенд і народных баек.

  1. “Итальянские сказки”, Італа Кальвіна. Не ўсе еўрапейскія казкі знаходзяць папулярнасць, і гэты зборнік – таму пацверджанне. Вам можа здацца знаёмай хіба што гісторыя пра тры гранаты, але ў астатнім гэты зборнік захоўвае ў сабе сорак новых чароўных казак, падслуханых у Італіі за апошнія 200 гадоў. Магічны мех, злыя ведзьмы і спрэчкі са Смерцю – такія італьянскія казкі. І вельмі часта яны пра тое, куды нас прыводзяць жаданні.
  2. “Вядзьмар які рабіўся ваўком” ,. Як жа ў казачным спісе абысціся без беларускага фальклору? Гэтыя казкі і ўпалову не такія бяскрыўдныя, як можа здацца. Ведзьмакі, цмокі, чэрці пад камянямі, памешчыца, якая есць грошы – і гэта толькі пачатак. Выдатныя гісторыі з жыцця звышнатуральнай Беларусі разам з неверагоднымі ілюстрацыямі Валерыя Славука робяць гэты зборнік незабыўным.
  3. “Кельтская мифология”. Кніга больш навуковая, але ад таго не менш займальная – захапляльныя бітвы, родавыя праклёны і зачараваныя артэфакты тут апісаны маляўніча і лёгка, а таксама з тлумачэннямі. Хочаце ведаць, чым небяспечна Маленькая котачка і якія багі сталі рыцарамі Круглага стала? “Кельтская мифология” падкажа.
  4. “Демонология Древнего Китая”. У гэтай кнізе сабраны не столькі казкі, колькі байкі аб праявах звышнатуральнага. Злыя духі ў старых спіцах, лісы-пярэваратні і дэманічныя дрэвы – штодзённае жыццё ў Старажытным Кітаі ніколі не была простым, асабліва для чыноўніцтва – па супадзенні, менавіта яны часцей за ўсё станавіліся ахвярамі дэманічных інтрыг. Чытайце “Демонологию Древнего Китая” і будзьце асцярожныя са старымі лямпамі.
  5. “Мифы и легенды Америки”. Час павучальных гісторый! Індзейцы заўсёды ведалі толк у кароткіх казках, галоўная задача якіх – асуджаць і ганіць. А яшчэ ў эпічных прыгодах, міжусобных войнах і злавесным вядзьмарстве, вядома ж. Акрамя гісторый пра тое, адкуль горб у бафала і чаму кукуруза расце разам з фасоллю, у гэтым зборніку ёсць нешта ўнікальнае – казкі піянераў і заваёўнікаў Дзікага Захаду. А за больш эпічнымі гісторыямі, зрэшты, варта зазірнуць у “Мифы, сказки и легенды индейцев” – там і небяспечныя падарожжы, і братазабойства, і ўсё, што можна толькі ўявіць.
  6. “Сказки Индии и Бирмы”. Гэты зборнік на агульным фоне выгадна вылучаецца сваімі гісторыямі пра... манахаў. Цэлы цыкл пацешных казак пра паслушнікаў, якія раз за разам ашукваюцца – весела і павучальна. Толькі з індыйскіх казак вы даведаецеся, навошта біць глухіх, дзе красці кукурузу і як дамовіцца з дзяўчынай пры дапамозе гарохавага супу.
  7. “Сказки народов Бисау”. У нашай разнастайнай падборцы востра не хапала гісторый з Заходняй Афрыкі. Тут Заяц – не баязліўчык, а галоўны трыксцер, здольны абхітрыць любога шакала, а ўсе жывёлы трохі разумнейшыя за людзей. Калі вы хоць раз пыталіся ў сябе, чаму казёл не курыць, адкрыйце для сябе афрыканскія казкі – там ёсць адказы на многія дзіўныя пытанні.
  8. “Ирландские и валлийские сказки”. Засумавалі па эпічных бітвах і баявому чарадзейству? Яно ўсё тут, у ірландскіх і валійскіх гісторыях аб сапраўдных героях і іх перамогах. Магутны Кухулін выходзіць супраць цэлага войска, але яго наганяе праклён! Славуты Герайд Ярла ператвараецца ў шчыгла і захрасае ў яго шкуры! Драматычна і павучальна ў роўнай ступені. Да таго ж, пасля многіх гісторый прыводзяцца жыццёвыя мудрасці – напрыклад, парады аб тым, як выбраць жонку і калі лепш сватацца да ўдавы. Напэўна спатрэбіцца.

Насуперак стэрэатыпам, казкі не створаны толькі для дзяцей – больш за тое, многія з іх здадуцца сучаснаму чытачу нават занадта дарослымі. Таму цяпер, у трывожныя часы пандэміі і змен, самы час знайсці прытулак ад усіх праблем у чароўных гісторыях. Пакіньце адаптацыі кніжным гурманам. Нацыянальная бібліятэка – ваш правадыр у свет казак, якія вы яшчэ не чулі.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Як зберагчы кнігі?

2 Сне 2020

Усе мы любім чытаць у доўгія зімовыя вечары. Тамы Тургенева, Пушкіна і Дастаеўскага напэўна туляцца на паліцах хатніх бібліятэк, чакаючы сваёй гадзіны. І вось, шурпатая вокладка, пах старой паперы і... аселы пыл, які псуе ўвесь настрой.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вынікі анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”

2 Сне 2020

У рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з інфармацыйнымі партнёрамі – часопісамі “Маладосць” і “Бярозка” з 1 кастрычніка па 15 лістапада праводзіла конкурс “О, Беларусь, мая шыпшына”, які быў прымеркаваны да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі.

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы НББ – для інклюзіўнай адукацыі

1 Сне 2020

1 снежня ў межах мерапрыемстваў віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя ліцэнзійных электронных інфармацыйных рэсурсаў (ЭІР) і спецыяльных распрацовак для забеспячэння інфармацыйных патрэб людзей з паслабленым зрокам і невідушчых людзей.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Чаму кнігі такой формы (не, усё не так проста)

1 Сне 2020

Прызнаемся шчыра: мы ў захапленні ад кніг. Але ці задумваліся вы хоць раз, чаму яны выглядаюць менавіта так? І кішэнныя кніжкі памерам з кляновы лісток, і велізарныя слоўнікі, якія вы ледзь утрымліваеце ў руках, амаль заўсёды маюць адну і тую ж форму – прамавугольнік, прычым амаль адных і тых жа прапорцый. Дык у чым справа? У сучасным друку ці ж у нас саміх? Пачынаем расследаванне!

Аўтарскі погляд

27 Ліс 2020

У Оршы – родным горадзе Уладзіміра Караткевіча – да 90-годдзя з дня яго нараджэння намалявалі мурал у гонар літаратара. Вялікі партрэт класіка ўпрыгожыў жылы дом на рагу вуліц Уладзіміра Караткевіча і Жан-Поля Марата.

Навіны бібліятэк

111