Дасюль вядуцца спрэчкі, ці можна (і ці варта) разглядаць тэксты, напісаныя жанчынамі, у якасці самастойнай галіны літаратуры. Тэрмін “гендар” быў у свой час уведзены ва ўжытак для асэнсавання сацыякультурных канструктаў “мужчынскага” і “жаночага” (насамрэч незалежных ад полавай прыналежнасці).
Варта заўважыць, што вылучэнне “жаночай прозы” падразумявае не падзел літаратуры на “мужчынскую” і “жаночую” – а, хутчэй, пашырэнне тэматычнай і стылістычнай разнастайнасці белетрыстыкі за кошт творчых індывідуальнасцей жанчын.
На сёння многімі даследчыкамі “жаночая проза” прызнаецца як асобны літаратурны феномен. Такія творы яднае некалькі фактараў: аўтар-жанчына, жаночы персанаж і адпаведная праблематыка – яскравы акцэнт на жаночым лёсе, погляд на рэчаіснасць з пункту гледжання жанчыны.
Аповесць Лідзіі Арабей, калі падумаць, адпавядае ўсім гэтым фактарам. Галоўная гераіня аповесці, сціплая супрацоўніца рэдакцыі Таня, – чалавек з няпростым лёсам. Аўтар падымае актуальную і на сёння тэму маці-адзіночкі, спецыфікі выхавання дзіця ў няпоўнай сям’і. Будні Тані дзень па дні (адсюль і назва аповесці) разгортваюцца перад чытачом. Мы бачым і яе працу, і паходы па магазінах, дамашнія клопаты, увогуле ўвесь небагаты побыт (з зарплатаю “трохі болей за сто рублёў). А таксама – успаміны пра каханне да жанатага мужчыны – бацькі Танінага сына, Сяргея Кірылавіча.
Твор адкрывае трагедыя Танінай сям’і: маленькі Сашка разам з прыяцелем улез на склад кінастудыі. Разам з сябрам “яны збілі замок, залезлі ў склад і набралі ракет, дымавых шашак”. Таня ў роспачы нават падумвае пакараць сына фізічна (чаго раней ніколі не рабіла: “у хаце няма рэменя, няма мужчыны, і няма рэменя...”). Для яе страшная не пагалоска пра прывод сына ў міліцыю, не штраф у сто рублёў, непамерны пры яе небагатых заробках“падручнага ў літаратараў”, але адчуванне, што нечага не змагла ўкласці ў сэрца дзіцяці.
– Я сёння наогул як вар’ятка, што як вырасце злодзеем, трапіць у турму, мне тады застанецца адно – рукі на сябе налажыць... – прызнаецца гераіня сяброўцы Любе.
Для Тані яе магчымая няўдача як маці – не проста няздольнасць выканаць “жаночую” функцыю, умоўнае “прызначэнне” жанчыны. Для гераіні гэта хутчэй азначае яе непрыдатнасць у якасці чальца сям’і, яе няздатнасць несці адказнасць за маленькага чалавека, за свой колішні выбар не проста прывесці дзіця ў свет, не проста карміць ды апранаць яго, але і выхаваць чалавекам, нават без якога-кольвек удзелу біялагічнага бацькі.
Апошняга Таня разглядае як ідэал калі не чалавека, то мужчыны: “у цвёрдых вуснах, у разумным позірку адчувалася сапраўды мужчынскае, дужае і прывабнае”. Цвёрдасць учынкаў ёй хацелася б бачыць і ў сыне, але, як прызнаецца гераіня сама сабе падчас роспачных разваг, “Саша бязлітасна падобны на яе – такі самы мяккацелы кісель”.
Мяккасць характару, якая стэрэатыпна лічыцца жаночай рысай, сапраўды ўласціва Тані. Яна не схільная адстойваць свае пазіцыі ані на працы, ані ў жыцці. Нават тады, калі ёй самой хацелася б выказацца цвёрда і рашуча (як у эпізодзе з Сашкам, якога яна забрала з міліцыі), Таня не здатная гэта зрабіць, марна спрабуе ўздзейнічаць словамі, ідзе за ўласнымі эмоцыямі: яна “не ведала, што гаварыць і ці трэба гаварыць”.
Эмацыйнасць, уразлівасць гераіні – амаль дзіцячыя. Скажам, галоўнага рэдактара, свайго непасрэднага начальніка, яна бачыць прыблізна так жа, як вучань малодшых класаў – суровага настаўніка, спрабуе “знайсці дарогу да яго сэрца”. Субардынацыя ўвогуле прыгнятае яе, заўвагі па матэрыялах, хай і слушныя, падаюцца ёй недастаткова карэктнымі: “Але мог бы сказаць мякчэй... Не так сурова і холадна...”. Інфантылізм, уласцівы гераіні, мяккасць характару, няздатнасць акрэсліць свае асабістыя межы прыводзяць да замінак у кар’еры. Напрыклад, яна не можа скласці просьбу наконт тэлефона ў кватэры або прапанаваць сваю кандыдатуру для павышэння, нягледзячы на прафесійны вопыт і стаж працы ў рэдакцыі. Старанна падаўленыя эмоцыі, вырываючыся вонкі, кіруюць жыццём гераіні, нягледзячы на яе спробы рацыяналізаваць свой побыт, нягледзячы на негатыўны папярэдні вопыт: “Яна, як закахаецца, то траціць галаву, для яе каханне – як хвароба”.
Стасункі з жанатым чалавекам яна адразу, з першай жа прапановы ад Сяргея Кірылавіча сустрэцца, акрэслівае як “бесперспектыўныя”. І ўсё адно пагаджаецца – можа быць, якраз праз інфантылізм і няздольнасць адмаўляць, можа быць, праз нізкую самаацэнку. А можа, і праз упэўненасць, што яе “нарачоны ляжыць пад Курскам, Сталінградам”. Драбочкі шчасця, якія Таня атрымлівае ад стасункаў з Сяргеем, даюць ёй сілы жыць далей. Але, у той жа час, гэтае “незаконнае” шчасце (асабліва пасля гібелі малодшага сына Сяргея Кірылавіча) дадае болей цяжару да комплексу віны, які фарміруе галоўная гераіня. Яна сапраўды ўвесь час пачуваецца вінаватай – найперш праз неадпаведнасць прынятым у грамадстве нормам (стасункі з жанатым мужчынам, пазашлюбнае дзіця). Ёй “не стае сілы на барацьбу”, хаця ўнутры, асабліва пасля судакранання з несправядлівасцю, з крыўдай ажываюць горкія развагі:
– Чаму мы такія добранькія?.. Чаму не можам сказаць у вочы нягодніку, што ён нягоднік, чаму, ведаючы, што ён нягоднік, падаем яму руку?
Комплекс віны жыве ў Тані “па інерцыі” – як “па інерцыі” жыве ў ёй і спадзяванне на лепшае, на заўтрашні дзень, што будзе лепшы ад няўтульнага сённяшняга. Характарыстычным тут з’яўляецца эпізод, калі гераіня, спяшаючыся ў час вярнуцца на працу, спрабуе дагнаць аўтобус: “Бачыла, што не паспявае, што аўтобус высадзіў пасажыраў, забраў новых, ужо і дзверы зачыніў, але яна ўсё бегла, хутчэй па інерцыі, бо спадзявацца не было на што. Мусіць, шафёр убачыў і ацаніў яе настойлівасць, бо міргаў паваротам, але не зрушваў з месца, а калі Таня дабегла, адчыніў ёй пярэднія дзверцы”. Аўтар як бы падказвае: спадзяванні гераіні ўсё-такі могуць спраўдзіцца, што ў яе стане сілы на многае, нягледзячы ні на што.
Галоўнае – верыць. І з вераю ісці з дня мінулага ў дзень наступны.
“…ёсць людзі, якія ў маладосці засвоілі нейкія думкі, формулы і не перараслі іх, ці што, нясуць іх праз усё жыццё... Не таму, што яны засталіся верныя тым думкам, формулам, а таму, што не перараслі, іначай ужо думаць не ўмеюць...”
Вось #такое_чытво.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Чытайма разам!
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.