ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Чытка забароненай п'есы Кандрата Крапівы была прызначана на дванаццаць ночы
Брэсцкая крэпасць: гісторыя аднаго ліставання

Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”: постмадэрновая казка для дарослых (дзяцей)

Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”: постмадэрновая казка для дарослых (дзяцей)
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Ёсць кнігі для дзяцей. А ёсць кнігі для дарослых. Такі ўжо ў свеце агульнапрыняты парадак, якому ніхто не супярэчыць. Гэта як з жаночымі раманамі – мужчыны, канечне, таксама могуць іх чытаць (мо і чытаюць), але ўсё там для жанчын (нібыта).

Але ёсць кнігі для дзяцей і дарослых. Для дарослых дзяцей у тым ліку. Чаму раман-казку Пятра Васючэнкі варта чытаць і тым, і другім – давайце разбірацца.

Паны Кубліцкі і Заблоцкі – такія Гервасіі Вылівахі на пенсіі. Яны “праелі, прапілі, прагулялі ўсю сваю гаспадарку, пасля сеялі рэпу, наседжвалі яйка з-пад Куры-Шчабятуры, гулялі ў газардныя гульні, змагаліся з Цмокам паганым, хадзілі на вайну з каралём Гарбузом, стралялі са стрэльбы па прусаках ды мелі іншыя прыемныя забаўлянкі”. І пры гэтым абодва – зацятыя: “на іхніх галовах можна было б вычасаць добрыя калы, каб падпіраць імі гарох”.

Жывуць шаноўныя лыцары побач з ракою Парэчкай – і непадалёк ад сяла Кукуева, дзе жыхары “таямнічыя, нечаканыя і панурыя людзі”. Спачатку вы чытаеце гісторыю пра Вірніка з маніяй велічы і бот, што плыве па рацэ, пасля натыкаецеся на назву суседняга сяла – і, калі вы дзіцёнак, успрымаеце яго за натуральную частку казачнага свету (а там якіх толькі назваў не бывае). Калі дарослы – смутна прыгадваеце паўпрыстойныя вершыкі.

Калі вы дарослае дзіця – пачынаеце рагатаць. І, верагодней за ўсё, працягнеце рагатаць і надалей. Бо ўвесь гэты раман-казка – бліскучая, па-майстэрску напісаная стылізацыя, дзе ўдала кантамінуюцца пазнавальныя элементы, драбочкі іншых тэкстаў у постіранічнай інтэрпрэтацыі. Аўтар падкідвае адну адсылку, другую, заігрывае з класікамі, гуляецца са стылямі. Я не выпадкова згадала караткевічаўскага Выліваху вышэй; а ёсць тут і пародыі на “жоўтую” прэсу (ад “спецкара газеты “Гепатыт” спадара Жаўтухі”). А чаго варты хаця б прымаўкавы Гаўрыла з Полацку, “які, вылупіўшы вочы, ішоў у свет, як у капейку, шукаючы свайго двайніка”. Дзіця, канечне, не здолее заўважыць шматлікія літаратурныя (і культурныя) адсылкі, але сама па сабе яркая, сакавітая мова не можа не зачараваць. І не даць нешта маленькаму чытачу. Хоць бы і ўзбагаціць слоўнікавы запас: не дарма ж напрыканцы кнігі ёсць маленькі слоўнічак.

А яшчэ – гэта ж, як-ніяк, казка. Што можа быць лепей для дзяцей? Ды і для дарослых, калі падумаць. Каб усе неймаверныя і небяспечныя прыгоды заканчваліся шумным вяселлем-баляваннем з салютамі і віватамі, каб пачварны Вірнік ператвараўся ў “танклявага юнака з валасамі колеру рачнога пяску і блакітнымі вачыма”. Бо “знайдзіце мне ў свеце такую пачвару, на якую пяшчота не падзейнічае”. Бо сапраўдныя чары – гэта, падавалася б, звыклыя рэчы: чалавечая дабрыня ды ўдзячнасць.

Дзеці пра гэта звычайна памятаюць, а вось дарослым часам варта (і трэба) нагадваць.

А ўвогуле ж за казачнымі прыгодамі паноў, дзе нанова трактуюцца фальклорныя і літаратурныя сюжэты, вырастае роздум пра месца чалавека ў свеце. І пра свет як такі. І не выпадкова пан Кубліцкі ў сваім сненні апынаецца ў ролі дэміурга і стварае стэрыльны свет без жывых істот – “свет без болю, але і без радасці таксама”. “Стэрыльнасць” тут датычыцца, напэўна, не толькі біялагічнага аспекту (бо ў рэальнасці “нехта некага абавязкова чмякаў”), але і духоўнага. Без болю немагчымыя змены, без змен і пераўтварэння немагчымае жыццё. Сон пана Заблоцкага, дзе “ўсё пойдзе на вайну з чалавекам” працягвае гэтую думку, згадваючы пра месца чалавека ў Прыродзе.

І пра адказнасць Чалавецтва перад ёю.

Філасофскіх роздумаў у казачна-іранічнай абгортцы ў гэтым тэксце шмат. І яны не дзіцячыя – у звыклым для дарослых сэнсе слова, калі за “дзіцячае” разумеецца ўсё легкадумнае і спрошчанае. Чаго варты хаця б Шчаслівы Юрка, “што малатком лупасіў па гарэхах і пальцах”: “адзін раз не патрапіў па пальцах – і добра. Вось яно, шчасце”.

А яшчэ, напэўна, шчасце ў тым, каб знайсці сваё. І сваіх – людзей, або, у выпадку Сінязубкі, рыб.

Але ісціна, як вядома, на дне калодзежа:

Не трэба мець добрых глуздоў, каб казаць, што кожны павінен быць на сваім месцы, там, дзе яму лепей… А як зрабіць так, каб кожнаму было лепей? Вось тут і самая загваздка…”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам