ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
4 мая 1945 года. 5 дзён да Перамогі
Напісанае застаецца

“Лабірынты” Вацлава Ластоўскага: забі Мінатаўра ўнутры сябе

“Лабірынты” Вацлава Ластоўскага: забі Мінатаўра ўнутры сябе
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Імя Вацлава Ластоўскага, думаецца, добра знаёма ўсім беларусам – і тым, хто беларушчынай цікавіцца. Гэты чалавек выдатна праявіў сябе і ў грамадскай, і ў палітычнай дзейнасці, зрабіўшыся адным з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Ластоўскі заявіў пра сябе не толькі як палітык, але і як гісторык, як філолаг і літаратуразнаўца. Таму не выпадкова, што ягоны досвед у розных галінах навукі ды асабістыя перакананні арганічна выліліся ў своеасаблівы аўтарскі маніфест беларускасці – аповесць “Лабірынты”.

Назва твора адразу выклікае шэраг асацыяцый. Гэта і адсылка да слыннага Лабірынта на востраве Крыт, дзе, паводле легендаў, пачвара з галавою быка патрабавала чалавечых ахвяраў. Гэта і паківанне на палеалітычныя лабірынты, выкладзеныя даўнімі людзьмі для рытуалаў-ініцыяцый. Гэта і вобраз спляценняў дум у чалавечай свядомасці, і алюзія на лабірынты цёмных стагоддзяў беларускай гісторыі. І, вядома ж, гэта згадка падземных хадоў пад Полацкам – дзе, уласна, і адбываецца асноўнае (і самае загадкавае) дзеянне ў тэксце.

Галоўны герой аповесці прыязджае з Вільні ў Полацк – паколькі, паводле ягонага ўласнага сцверджання, “стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны”. На канчатковае рашэнне персанажа паўплываў ліст, атрыманы ад кіраўніка мясцовага гуртка аматараў даўніны. Галоўны герой, сам зацікаўлены гэтаю тэмай, наведвае раскопкі ў Бельчыцах, а вечарам знаёміцца з удзельнікамі гуртка, у тым ліку і загадкавым ”маўклівым, сівавусым старцам” Грыгорам Н., зарэкамендаваным яму пад мянушкай “Падземны Чалавек”. Завязка досыць будзённая, і нават незвычайнае веданне Грыгорам Н. “розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам”, не падаецца аўтарам ад пачатку як нешта выключнае. Усё-такі у гуртку аматараў “старасвеччыны” прысутнічаў і, напрыклад, знаўца кабалістыкі і дэманалогіі, што меў “у сябе чарнакніжную бібліятэку, якой нікому не паказваў і не даваў чытаць”. Увогуле, рытміка дзеяння ў першым раздзеле досыць запаволеная, што як бы рыхтуе глебу для далейшай сустрэчы з нязнаным, візітам у вынесеныя ў назву аповесці Лабірынты і пагружэннем у старадаўнія таямніцы.

Падобная гульня з чытачом з мэтаю рассеяць яго ўвагу, каб падрыхтаваць эфект нечаканасці, увогуле характэрная для фантастычнай літратуры. А яшчэ болей – для літаратуры жахаў. Калі падумаць, твор В. Ластоўскага досыць удала кладзецца ў рамкі “гатычнай аповесці”. Напрыклад, локус у лагічным цэнтры тэксту, вакол якога разгортваюцца ўсе падзеі, – гэта старадаўняя пабудова, поўная таямніцаў. Прычым локус сам па сабе з’яўляецца актыўна небяспечным і добра захоўвае свае таямніцы: тут, напрыклад, “дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца”. Аўтар актыўна задзейнічае вусцішную атмасферу падзем’я – так перад героем з’яўляецца “корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы”. Сама звышмэта пранікнення ў загадкавыя Лабірынты разам з Падземным чалавекам аказваецца амаль магічнай, нават рэлігійнай.

Прычым галоўны геройпавінен прайсці выпрабаванне-ініцыяцыю, давесці, што не мае нізкіх памкненняў: “перш чым увайсці ў тайныя ходы, у якіх нашы празорлівыя прадзеды захавалі не толькі свае культурныя, але і вялікія матэрыяльныя багацці, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну”. У полымі свечкі галоўнаму герою падаецца, быццам нябожчык у труне мігае вачыма, урачыстая формула прысягі пужае яго. “Словы былі так урачысты, закляцці такія страшныя, акружэнне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава”. Раптоўна з усіх бакоў падае цемра, дарадца героя нечакана знікае, “як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз”. Самота героя, ягоная безабароннасць у загадкавым старажытным месцы, ягоны страх і разгубленасць, нарэшце, сама таямнічая смерць яго мудрага правадніка, і кроў на каменні, і неадназначны фінал – усё гэта як найлепей стасуецца са стылістыкай гатычнай літаратуры.

Героя абгортвае “забабонная багавейлівасць да акружаючых мяне муроў і рэчаў” – цяпер ён становіцца адным з тых, хто “піў з чашы таямніцаў”, далучаецца да старадаўніх ведаў свайго краю. І, думаецца, вось гэты аспект містычнага “далучэння” да старажытнай забытай, але велічнай гісторыі, аспект, на які сам аўтар досыць выразна робіць акцэнт, становіцца для твора ключавым. Як і для Томаса Мора ў ягонай “Утопіі”, Ластоўскаму было важна выкласці свае меркаванні адносна ідэальнага грамадскага ладу, адносна гісторыі Беларусі і яе сучаснасці, паказаўшы фантастычны “залаты век”, які ўсё яшчэ быццам бы доўжыцца пад скляпеннямі Лабірынтаў.

У галоўнага героя нечакана з’яўляецца новы праваднік: пабачыўшы “чалавечую постаць у белай вопратцы і ў белым мітрападобным клабуку на галаве”, апавядальнік са здзіўленнем пазнае ўжо вядомага нам Івана Іванавіча. Той праводзіць новага адэпта таемных ведаў па блытаных калідорах і, як Вергілій у “Боскай камедыі” Дантэ, падарожжа суправаджае каментарамі. Каментары Івана Іванавіча, аднак, значна больш падрабязныя. Аўтар укладае ў вусны гэтага персанажа расповед (нават лекцыю) пра старажытную рэлігію, заснаваную “на траістасці ўсяго існуючага”, і лад жыцця з шэрагам “унутраных пераабражэнняў і рэформ”. У версіі, выкладзенай Іванам Іванавічам, менавіта славяне “занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сістэму, навукі і ўмеласці”, аднак у рэшце рэшт, былі вынішчаны грэкамі, якія, у сваю чаргу, “стараліся іх зняславіць перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдскія абычаі і чараўніцтва”.

Не абыходзіцца і без крытычных ацэнак гісторыі. Так, аўтар дае ўласны, аздоблены міфалагічнымі адсылкамі каментар наконт зямельнага права: “права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром. Гэты ж час ужо недалёк!

Фактычна ж перад намі паэтычная і яркая ў сваёй вобразнасці спроба ўтварэння народнага міфа. Беларускія акцэнты, нават калі не ўлічваць міфалагічныя канструкты Ластоўскага, досыць выразныя. Тут і камічны вобраз немца-чыноўніка, зацятага русіфікатара, і вобраз сівога Грыгора Н., які “ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам”. Ды і сам галоўны герой-апавядальнік, зачараваны “старасветчынай”, ці не наўмысна пакінуты безыменным і як бы “бястварым” – каб чытач мог як найлепей асацыяваць сябе з ім.

Калі ўлічыць час напісання твора – час актыўнай беларусізацыі, грамадскага і культурнага ўздыму, – то зусім не дзіўным падаецца такая мастацкая спроба ад палымянага грамадскага дзеяча. Любы народ для ўсведамлення свайго месца ў свеце, сваіх каранёў і годнасці мусіць адчуваць сувязь з былым і гэтым былым ганарыцца. Ластоўскі, хай і фантазіруючы, перамешвючы рэальныя факты (скажам, пра Полацкую бібліятэку) з хвалюючай прыдумкай, спрабуе прапанаваць свайму чытачу такі міф. І гэтая спроба, уклазеная ў займальную форму гатычнай аповесці, не можа не інтрыгаваць і не будзіць уяўленне ды прагу даведацца болей пра свой край і сваю гісторыю.

Увайсці ў Лабірынты ведаў, адкінуўшы нізкія памкненні.

Можа быць, гэта якраз-такі галоўны вынік ад прачытання тэксту, якога чакаў сам аўтар.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам