ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
20 красавіка 1945 года. 19 дзён да Перамогі
Бібліятэка ў рэжыме анлайн – падрабязнасці на тэлеканале СТБ

Лісіцы брэшуць на барвяныя шчыты: Каханне і Час па Караткевічу

Лісіцы брэшуць на барвяныя шчыты: Каханне і Час па Караткевічу
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Нават у самых любімых і шырока вядомых у чытацкіх колах аўтараў ёсць тэксты не самыя папулярныя. Можа быць, найперш таму, што сярэдні чытач арыентаваны на прыдбаныя яшчэ ў школе веды, і творы, якія ў школьную праграму не ўваходзяць, зазвычай застаюцца па-за ўвагай. Гэта сумна – бо “праграмныя” абліччы класікаў не дужа падобныя да іх, сапраўдных.

Ці, у любым выпадку, не даюць поўнага ўяўлення пра аўтара – як пісьменніка і як чалавека. З іншага боку, тым больш цікава паказваць такія вось схаваныя скарбы, гаварыць пра іх і дзяліцца ўражаннямі. “Барвяны шчыт” Уладзіміра Караткевіча – якраз-такі з тых занядбаных скарбаў. Тэкст вельмі “караткевічаўскі” і вельмі актуальны сёння. Тэкст, які пастуліруе грамадзянскую пазіцыю аўтара, стаўленне да сучаснасці і гісторыі, – і пры гэтым па-мастацку яркі, з дасканалай і жывой вобразнасцю. Тэкст з усімі маркерамі свайго часу – і пры гэтым тэкст неймаверна сучасны. 

Ваколіца Разані, засень руінаў былога горада, вынішчанага Батыем-Батыгам, гарадок Спаск, куды “ратаваліся жыхары старой Разані, калі падступіў пад яе Батый. Тыя адзінкі, якім пашанцавала ўцячы з агню”. На вясёлку над адным з рукавоў Акі глядзяць двое – хлопец і дзяўчына, такія блізкія і далёкія адначасна. Івар, “маўкліва закаханы” ў Ніку досыць працяглы час, разумее, што разам яны быць не могуць. Ніка называе сябе “эфемерыдай” і не жадае задумвацца пра ўчора або заўтра: “Не хачу пампейскага свяцільніка іатамнай лямпы, якую калі-небудзь вынайдуць”. Перакананні Івара яна называе – “з пагардлівай, непрыемнай інтанацыяй” – рамантыкай. І каханне бачыцца гераіні нечым аднадзённым, сённяшнім. Незвычайны, напоены водарам траваў дзень змог штурхнуць яе да мужчыны побач, без усведамлення пачуццяў, без звароту да вечнага. Толькі надзённае, хвіліннае. Зусім як утульны гарадок Спаск, які “парыў кожным дахам, высыхаючы на сонцы, і зусім не думаў, чаму гэта ён завецца «Спаск». І не хацеў ведаць”. 

А вось для Івара падобнае стаўленне, адсутнасць (ці, лепей, адмаўленне ад) каранёў ды сувязей з мінулым – немагчымае. Бо “ён любіў гэтую павязь з усім і ўсімі. З усімі вякамі і з усімі людзьмі, што былі, ёсць і будуць на зямлі. Гэта рабіла яго вялікім, значна вышэйшым за сярэдняга, сябе. Гэта нараджала ў душы нейкі высокі сумны гонар, гордае і горкае пачуццё няяркай радасці за ўсіх і ціхай тугі па еднасці чалавечай”. Бо такое адчуванне еднасці з мінулым і будучым для галоўнага героя (як, варта сказаць, для большасці караткевічаўскіх герояў) не проста натуральнае, але адзінае магчымае. 

Як і каханне для яго – адзінае магчымае – тое, якое назаўжды. Тое, што не запаўняе цалкам, мяжуючы з хваравітай залежнасцю, падмяняючы сабою асобу, але дапамагае жыць, штурхае наперад. Сплятаецца з іншымі каханнямі – тымі, што былі некалі, і тымі, што яшчэ толькі будуць: “Разумееш, у тое возера глядзеўся нейкі далёкі ад мяне чалавек… Маглі б глядзецца закаханыя, як мы, праз тысячу год”.Бо каханне для Івара – спосаб датыкнуцца да вечнасці, набыць неўміручасць у стагоддзях: “ува мне і ў табе раптам дзіўна сышлося ўсё, што было, што будзе”.

Мірны гарадок Спаск можа спрабаваць забыць пра сваё мінулае – але яно ўсё адно нікуды не падзенецца, яно будзе з’яўляцца, будзе бялець чалавечымі косткамі ў схаваным змрокам бульбяніку. Гарадок можа не думаць і пра будучыню, спускаючы лугавыя азёры ў раку: “На дне была чорная, у трэшчынах, гразь. Гэта было недарэчна. Яны ўсё адно не зарастуць добрай травой. Вымачыць і ўвесну, і ўвосень. А прыгажосці няма”. Але такая вось спушчаная – упушчаная – будучыня будзе чарнець патрэсканымі плямінамі бруду, не зарастаючы травою. І – Караткевіч падводзіць чытача да гэтай высновы мякка і ненавязліва – клопат пра мінулае ды будучыню, па вялікім рахунку, адрозніваецца мала. Дбаючы пра адно, нельга (немагчыма) забыцца і пра другое. Нельга, немагчыма расслабіцца ў святле таршэра ў дні сённяшнім, бо повязь часу, як бы ні хацелася эфемерыдам, нікуды не падзенецца, нават калі паспрабаваць пра яе не думаць. 

Бо сённяшні дзень – будучыня для дня ўчорашняга. І незваротнае мінулае для будучыні. 

І адзінае, што ратуе ў гэтай плыні часу, якая няўмольна цягне і топіць тых, хто думае адно пра сваё сёння, – гэта еднасць. Усведамленне сябе непасрэдаю часткаю гэтай бясконцай плыні. Часткаю тых, хто быў, і тых, хто яшчэ толькі будзе. Часткаю чалавецтва, Радзімы. “Івар адчуваў, што ён быў бы бедны і слабы, – сляпое кацяня, забытае ў траве! – каб не жыў у ягоных жылах, разам з запалам сённяшняга змагання, дзень пагібелі Разані і, яшчэ больш, дзень Крутагор’я, у які яго, Івара, браты-беларусы ўратавалі ад татар славянскую і неславянскую поўнач. І Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі – усе яны былі ў ім. А ён быў – усе тыя людзі, што будуць. Усе”. 

Ніка гэтага не разумее – бо сама жадае жыцьу адным імгненні, у трапяткім коле ўтульнага святла ад таршэра. Яе шакіруе, што Івар пасля іх чароўнага дня разам можа ісці высвятляць стасункі з мясцовым кіраўніцтвам, якое недальнабачна дазволіла спуск азёр у раку. “Нібы падзяліўся мною і з тым, што быў, і з тымі, што будуць. А для мяне адзін той дзень і існаваў”. Іварава ваяўнічасць, ягонае “захопніцкае” імкненне абараняць прыгажосць для “заўтра”, што некалі наступіць, пужае яе. Бо незразумелае заўжды пужае. Бо нават пра дзяцей ёй задумвацца не хочацца: “…наогул, не хачу. Адразу, паслухайся цябе, папаўзуць бог ведае якія прывіды: «будучыя пакаленні», «святое мінулае», «праца для ўсяго гэтага», «вярніся да роднай зямлі»”. 

Паказальна, аднак, што падарожжа ў мінулае з гарадской станцыі чаўноў (“калі меркаваць па лодачных маторах, дык гэта «дзесяць год назад»”) нечакана ставіць усё на сваё, натуральнае месца – у тым ліку і ў свядомасці Нікі. “Спрадвечна мясцовы” марачок, які вязе герояў да руінаў спаленай даўным-даўно Разані, вельмі арганічна спалучае ў сабе мінулае (напрыклад, ужываючы “менавіта тое імя, якім звалі Батыя жыхары гэтага наваколля восемсот год таму”), цяперашняе і будучыню. А падарожжа цераз раку нагадвае падарожжа цераз міфалагічную Лету – у вусцішны край мёртвых. 

Сонца ўжо села. Нехта разліў на цэлай палове неба журавінавы сок. І ад гэтага здавалася, што Ака поўная не вадою, а крывёй”. І ў гэтым святле ажывае перад перад вачыма герояў трагедыя старой Разані – чалавечая, агульначалавечая, вечная трагедыя. “Быў вялікі горад. І вось аднойчы падступіла пад яго забрала арда чужых людзей, якія жылі разбоем, як вялікія рыжыя мурашкі, і якіх ніхто не чакаў… Яны знішчылі горад. Да апошняга бервяна. Апошнія абаронцы з малай дружыны Еўпація Калаўрата прыйшлі на папялішча і скамянелі ад гора. Колькі разоў потым даводзілася мужчынам славянскай зямлі стаяць на котлішчы і не ведаць, чый попел нясе унь той смерч?!” 

“Дзяцей трэба сюды вадзіць”, – кажа “змрочны і нібы прысаромлены” спрадвечна мясцовы чарнаморац Толік. І праўда – дзецям, будучыні, трэба бачыць мінулае. Пачуваць сваю спалучанасць з ім – і сваю асабістую спрычыненасць і адказнасць.

Чалавечае спрадвечнае яшчэ – спачуванне. І праз спачуванне да маладой княгіні, што скінулася з церама з малым сынам на руках, праз спачуванне да неназваных, чые косткі бялеюцьу разаранай “нічыёй” зямлі Ніка прыходзіць да ўсведамлення і сваёй уласнай еднасці, спалучанасціз тымі, колішнімі людзьмі. Тымі, хто кахаў, хто бараніў свой дом. Хто застаўся ў зямлі – цяпер “нічыёй”, пушчанай “пад бульбу”.

 “Барвяны шчыт” – поўня – плыве над зруйнаванымі валамі спаленага горада. Уладзімір Караткевіч цытуе тут слыннае “Слова пра паход Ігараў”: шчыты ў славянскіх вояў заўжды “барвяныя”. 

Шчыты, што бароняць сваю зямлю і сваіх людзей. 

Шчыты, што бароняць насуперак цяўканню лісіц ды карканню груганоў.

І еднасць са сваім, спрадвечным, родным,з мінулым і будучыняй – таксама шчыт. Асабісты. Нязломны. Вечны.

Вось #такое_чытво. 

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

111