ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Вясёлы клоўн
Унікальную кнігу пра фальклор выдадуць у Беларусі

Любоў і нянавісць разам: аповесць “Дзве душы” Максіма Гарэцкага

Любоў і нянавісць разам: аповесць “Дзве душы” Максіма Гарэцкага
Іншыя Навіны

Маргарыта Латышкевiч

Людзі, сутыкаючыся з грандыёзнымі вехамі гісторыі, апынаючыся ў эпіцэнтры падзей, заўжды прагнуць асэнсавання. “Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў яснасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол”, – пісаў Гарэцкі, называючы такую ўласціваць характэрнай для славян. І ягоная аповесць “Дзве душы”, створаная ў 1919 годзе, па сваёй сутнасці і з’яўляецца спробай асэнсавання рэвалюцыі і разбурэння колішняга ладу жыцця.

Чым падобныя Ігнат Абдзіраловіч і Грыгорый Пячорын і чаму аповесць Гарэцкага змагла натхніць беларускіх філосафаў – давайце разбірацца.

Сам па сабе твор невялікі, усяго дваццаць тры раздзелы. У самым першым аўтар дае нам зачын і перадгісторыю цэнтральнага героя. І зачын гэты, па вялікім рахунку, досыць меладраматычны: вось жонка пана Абдзіраловіча імкнецца, як выявіцца пазней, да ўласнай смерці, вось сяляне, помсцячы, нападаюць на экіпаж пана, забіваючы нявінную жанчыну. А вось мамка Малання, “ціхая, маўклівая, але разумная і рахманая”, з’яўляецца ў панскім доме разам з уласным сынам Васілём. Гарэцкі, спяшаючыся расставіць усе ўмоўныя фігуры перад сюжэтнай “партыяй”, дае нам некалькі досыць грубых штрыхоў, што паківаюць на падмену дзяцей. Таму пазнейшае прызнанне мамкі асабліва не шакіруе – мы, што называецца, ведалі ўсё ад пачатку, сумняваўся і вагаўся толькі герой.

Ці можна, аднак, гэта ставіць у правіну аўтару? Думаю, не. Справа ў тым, што Гарэцкі, пішучы па гарачых слядах гістарычных падзей, хацеў стварыць не “закручаны” сюжэт, а цэлую галерэю чалавечых тыпаў, якіх вынесла на паверхню рэвалюцыйная хваля або нават створаных рэвалюцыяй. Ігнат Абдзіраловіч, дарэчы, у гэты шэраг тыпаў палымяных змагароў за Бацькаўшчыну, прыхільнікаў “белага руху” або авантурыстаў не ўпісваецца.

Ён “ціхі думаннік”, неабходны аўтару, хутчэй, як фокусная кропка, пункт погляду, чым паўнавартасны персанаж. Абдзіраловіч назірае, шукаючы “яснасці” ў падзеях вакол сябе. Шукае кахання, але не дабіваецца яго. Шукае Бацькаўшчыны, але не ідзе ні за беларускімі адраджэнцамі, ні за іх ідэйнымі праціўнікамі. Раздвоены, расслаблены, “мяккацелы”, Абдзіраловіч не можа выбраць бок, не можа быць прыняты ані аднымі, ані другімі ды і, да пары, асабліва не прагне гэтага. Згадаем хаця б паказальны эпізод, калі Ігнат падвозіць вучня-аратара на станцыю і заўважае, напалову шчыра, думаецца, што Радзімаю лічыць зусім не Беларусь, а ўсю Расію. Гарэцкі кажа пра свайго героя: “…быў сам несвядомы і хоць горача любіў бацькаўшчыну, але з якоюсь недавернасцю думаў аб руху адраджэння, аб якім некалі чуў краем вуха”.

У пэўным сэнсе гэтая адасобленасць персанажа набліжае яго да Грыгорыя Пячорына, да тыпажа “лішняга чалавека”. Гарэцкі, добра знаёмы з рускай літаратурай, не мог не думаць пра гэтае падабенства, выпраўляючы свайго Абдзіраловіча на лекаванне ў Пяцігорск. Тут жа прысутнічае і гісторыя нешчаслівага кахання да Алі. Гісторыя, трэба сказаць, досыць традыцыйная для рускай раманнай прозы канца ХІХ стагоддзя. Багатая спадчынніца, заможны князь-сапернік, бедны прапаршчык, пазбаўлены маёнтка “грозным, няправедным бацькам”. Гарэцкі, аднак, гэты банальны любоўны трохкутнік распрацоўвае ў сваім ключы. Каханне да Алі ўва многім толькі нагода, выпрабаванне, спосаб яшчэ раз падкрэсліць экзістэнцыяльны крызіс, які перажывае Абдзіраловіч. “Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы...»”.

Супрацьлеглыя пачуцці перамешваюцца ўнутры героя, і часта эмацыйнае і рацыянальнае ў ім трагічна супярэчыць адно аднаму. “Вёска... Я ж яе люблю, але дзіўною любоўю... З балючай чуласцю не знашу, калі цяпер лаюць і ганяць яе за прагавітасць і папікаюць цямнотаю і дурасцю. Але ў глыбакосцях душы свае… сам бязлітасна ганьбую й папікаю, складаючы ўсё ў сваім схварэлым сэрцы. Люблю і ненавіджу разам”. Ці не падобная гэтая “дзіўная любоў” Абдзіраловіча да перажыванняў лірычнага героя верша Лермантава:

Люблю отчизну я, но странною любовью!
Не победит её рассудок мой…

І для Пячорына, і для Абдзіраловіча месца ў новым грамадстве няма, але, натуральна, з розных прычын. Аднак Абдзіраловіч сваю “непрыкаянасць” перажывае з пакутамі, як пакутуе і ад душэўнай раздвоенасці, шукаючы адказу на пытанне “што галоўнае”. Зрэшты, калі падумаць: ці не з’яўляецца гэты вобраз адбіткам грамадства, па жывому раздзёртага сацыяльным і ідэйным крызісам? А словы, якія Гарэцкі ўкладае ў вусны свайму герою на сходзе беларусаў у Пяцігорску, ці не словы то самога аўтара, ягоны ўласны заклік:

– Яно ёсць, гэтае змаганне, яно павінна быць! Хто яго не прызнае, той не ведае холаду, голаду… Падзівуйцеся на сябе і ўздумайце, што было!

Асэнсаванне “таго, што было” прыходзіць да людзей праз творчасць. Таму Гарэцкі і згадвае “беларускую вёску, што чакае паэта”. Таму Ірына Сакавічанка, якая “сеяла беларускую свядомасць сярод сялян і сялянскай інтэлігенцыі”, чытае з паплечнікамі вершы Коласа, Купалы і Багдановіча. Творы арганічна ўплятаюцца ў канву аповеду, становяцца яго часткай – як сталі часткай беларускай народнай свядомасці. Часткай новага свету, народжанага рэвалюцыяй.

А старому свету з усімі сваімі паплечнікамі суджана, у рэшце рэшт, памерці, вызваліўшы дарогу новаму:

Чорны мурашнік людзей з чырвонымі штандарамі, з грознымі напісамі рынуў па вуліцы. Далёка там плыла адчыненая труна з нябожчыкам – на плячох у работнікаў, а следам гутаўся катафалк. Гукі марша ўсё дужэлі і бальней хапалі за душу засмучона-паважным, наканованым”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

“Альпійскія вышыні чалавечага духу”: фільм “Альпійская балада”

19 Сне 2024

18 снежня, напрыканцы святкавання 100-годдзя беларускага кіно, у зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) прайшоў заключны ў гэтым годзе кінапаказ цыкла “Магія кінакадра”, падчас якога дэманстраваўся бясспрэчны шэдэўр экраннага мастацтва Беларусі – фільм “Альпійская балада” (1965).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Новыя дакументы з творчай спадчыны Уладзіміра Саўчыка сталі даступны анлайн

19 Сне 2024

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае місію па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны, даючы доступ анлайн да ўнікальных дакументаў шырокаму колу карыстальнікаў. Часта ў гэтым дапамагаюць аўтары і праваўладальнікі, якія заключылі ліцэнзійны дагавор і перадалі каштоўныя дакументы ў фонды бібліятэкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстар беларускага рамана

21 Сне 2024

21 снежня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934–1996), пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, драматурга, грамадскага дзеяча. Яго каштоўная спадчына – раманы, апавяданні, тэатральныя п’есы, публіцыстычныя дзённікавыя занатоўкі і падарожныя нататкі – прыцягвае ўвагу чытачоў і сёння.

Па старонках беларускага календара

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Юбіляры месяца”

18 Сне 2024

У калядны і навагодні месяц зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) рада прапанаваць нашым шаноўным чытачам традыцыйную рубрыку, прысвечаную айчынным дзеячам культуры, юбілярам, якія нарадзіліся ў пачатку зімы, у святочным і чароўным снежні.

Зала дакументаў па мастацтве прапануе...

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты