ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Вывучаем музычнае мастацтва, не выходзячы з дому
Вакол свету па кніжных старонках

Непрадвызначанасць шчасця: апавяданне “Вераснёвыя ночы” Кузьмы Чорнага

Непрадвызначанасць шчасця:  апавяданне “Вераснёвыя ночы” Кузьмы Чорнага
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Кузьма Чорны валодаў надзвычайным талентам раманіста, і ягоная задума пачатку 1930-х распавесці “ў мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён” была сапраўды эпічнай. Але майстар раманнай прозы, разам з тым, быў і майстрам апавядання – надзвычай псіхалагічнага, пранікнёнага.

Тонкага, як “дрымота верасня на ржышчы”.

Апавяданне “Вераснёвыя ночы”, напісанае ў 1928 годзе, у свой час дало назву кніжцы прозы аўтара – значыць, было прызнана ім знакавым, ключавым для сабраных пад адной вокладкай тэкстаў. Гэты перыяд творчасці маладога Чорнага (аўтару няма трыццаці) – час актыўнага творчага сталення, выспявання таленту. Сваю пісьменніцкую дзейнасць Чорны пачынаў з паэтычных спробаў, і, верагодна, у гэтым карэніцца лірызм ягонай прозы, уважлівасць да пейзажных дэталяў і нават тонкае ўменне стварыць паралелі паміж прыродай вакол персанажа і душэўным яго станам.

Апавяданне “Вераснёвыя ночы” ў шэрагу іншых твораў, прычым не толькі твораў самога Чорнага, знакавае. Не таму нават, што ў ім характэрныя аўтарскія прыёмы і стылістыка становяцца больш выразнымі, акрэсленымі. Заўважна, што Чорны аформіўся як аўтар, выпрацаваўшы сваю палітру і сваю манеру работы з тэкстам. Аднак у дадзеным выпадку асабліва паказальна яшчэ і сэнсавае напаўненне: Чорны не звяртаецца да тэм духоўнага абуджэння нацыі, класавай барацьбы і падобнага. Наадварот, тэма змены эпох гучыць у гэтым тэксце на трэцім, чацвёртым плане, з’яўляецца эпізадычна, як мікалаеўская трохрублёўка, якую гераіні падсунулі ў якасці аплаты за самагон. На першым плане тут – чалавек, праблемы не макра-, а мікракосму, якія для гераіні, канечне, маюць касмічныя маштабы.

Сама назва апавядання падштурхоўвае нас да асацыятыўнага шэрагу. Верасень, які дорыць апошнюю сонечную цеплыню перад восеньскімі прымаразкамі. Бабіна лета. Восень, якая ўвогуле ў народзе лічылася добрай парою для вяселляў.

Калі прайсці гэтым шляхам асацыяцый, больш зразумелым становіцца агульны псіхалагічны стан галоўнай гераіні, Агаты, самотнай трыццацігадовай жанчыны, якая жыве разам з братам-удаўцом і ягоным маленькім сынам. Яе знервананасць, незадаволенасць жыццём і сабою, якую яна вылівае на сваё атачэнне, карэніцца найперш у яе няўпэўненасці ва ўласным статусе. Уся яна – быццам той ураджайны сад, дзе ападаюць грушы. У Агаце шмат нерастрачанай пяшчоты, шмат незапатрабаванага хараства. Падсвядома адчуваючы гэтыя свае душэўныя рэсурсы, якім няма выхаду, гераіня злуецца – на ўсё вакол і на саму сябе.

З аднаго боку, яна вядзе гаспадарку, палова ўсёй маёмасці належыць ёй, і нішто не замінае ёй – мяркуе Агата – завесці жаданага дзіцёнка, нават без шлюбу. З іншага боку, яна знаходзіцца пад уціскам абставін, укладзеных ад маленства нормаў, “схем” шчасця. Паводле такой “схемы”, якую падтрымлівае і яе брат, Агата мусіць выйсці замуж за братава сябра, Зыгмунта Чухрэвіча, немаладога і непрыгожага, але закаханага ў яе. І Агата на нейкі момант спрабуе падладзіцца пад гэтыя абставіны, пад навязаныя нормы. Спрабуе нават абудзіць у сабе пяшчоту да Чухрэвіча, спрабуе атрымліваць асалоду ад ягоных пацалункаў і дотыкаў. Але ўся яе сутнасць, “поўная жаночага хараства”, супраць гэтага. І таму Агата збягае з-за стала, дзе сядзяць госці, наўмысна падгаворваючы пляменніка сказаць, куды (дакладней, да каго) яна пайшла.

Чорны тонка выбудоўвае свет вакол сваёй гераіні. Персанажы ягоныя рухаюцца і дзейнічаюць у прадуманых, дэталізаваных дэкарацыях. Вобразы-маркеры ўдала пазначаюць душэўны стан, расстаўляюць патрэбныя акцэнты. Рухі, рэакцыі персанажаў нязмушаныя, натуральныя: перад намі жывыя людзі, не прыхарошаныя. Напрыклад, кажучы пра прыгажосць белых рук Агаты, якімі яна і сама любуецца, Чорны заўважае, што ў яе былі караткаватыя пальцы. Пры гэтым вобразы часта становяцца надзіва яркімі, пластычнымі, рэчыўнымі: “У звінючых кроплях вады, што ліліся з яе голых рук, люстравалася незлічоная рухавасць сонечных іскраў. І рукі яе, белыя і прыгожыя, былі празрыстымі і пахучымі. Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, і твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькі бялелі ў вадзе рукі, і гэта цешыла яе”. Рэчыўнасць такіх дэталяў, безумоўна, дадае рэчыўнасці, сапраўднасці і самім персанажам. Скажам, Чухрэвіч у ягоным парадным строі і Чухрэвіч падпіты, з кончыкамі валасоў на самых зубах, з “тупою санлівасцю вачэй” – гэта ўсё яшчэ адзін персанаж, які трансфармуецца ў залежнасці ад уяўлення, ад пункту погляду на яго цэнтральнай гераіні, Агаты. І гэтым дэталізаваным, з прадуманай і жыццёвай матывацыяй вобразам нельга не паверыць.

Да таго ж, разам са сваёй гераіняй Чорны досыць сур’ёзна задумваецца пра асабістае чалавечае шчасце, прыходзячы да высновы, што, можа быць, яно зусім не менш важнае за агульнае шчасце ўсяго чалавецтва. І, болей за тое, шчаслівы ўва ўсёй паўнаце, не прыгнечаны староннімі абмежаваннямі чалавек робіць шчаслівымі іншых. І сам становіцца інакшым, бо відавочны кантраст паміж Агатай у пачатку твора, злою, быццам асенняя муха, што кусае яе за нагу, і Агатай у фінале, Агатай, якая зрабіла свой уласны, асэнсаваны выбар. Хай гэта выбар сэрца, не разлік – Чорны тут цалкам падтрымлівае гераіню, дадаючы светлых, радасных фарбаў у пейзаж вакол Агаты. Чалавек і прырода, нарэшце, у гармоніі.

Ноч – няўпэўненасць, незадаволенасць сабою і светам – закончылася.

На ўсходзе заружавеў гэты першы прамень маладога сонца. Усход рассцілаў бяліць ружовыя палотны”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Болей даведацца пра літаратурны працэс 1920–1930-х  дапаможа віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "На хвалі часу, у плыні жыцця".

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам