ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
“Незнайка на Луне”
Беларускія кнігі – у Чарнігаве

“Сэрца сусвету б’ецца ўва мне”: зборнік вершаў Алеся Разанава “Вастрыё стралы”

“Сэрца сусвету б’ецца ўва мне”: зборнік вершаў Алеся Разанава “Вастрыё стралы”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Адгукацца на зборнікі паэзіі заўжды няпроста. Як мне падаецца, таму, што паэзія, нават філасофскага і інтэлектуальнага кшталту, закранае перш за ўсё пачуццёвы бок асобы. Прымушае словы адчуць, дакрануцца да аўтарскай задумы сэрцам. А пачуцці не так проста ўвасобіць у словы і пераліць на паперу.

Перачытваючы паэтычны зборнік Алеся Разанава, я яшчэ раз упэўнілася ў гэтым. Бо думкі, прынесеныя “на вастрыі стралы”, не толькі натхняюць разважаць, выбудоўваць асацыятыўныя ланцужкі, але і дзякуючы адметнай вобразнасці не пакідаюць раўнадушным.

Чаму варта перачытаць гэтую кнігу, смакуючы кожную старонку, і як нацыянальная свядомасць беларусаў выяўляецца ў аўтарскіх паэтычных формах – давайце разбірацца.

Алеся Разанава беларускі чытач ведае не толькі як паэта-наватара, што смела эксперыментуе з формай, але і як паэта-філосафа. У кнізе, якая, дарэчы, выйшла яшчэ ў 1988 годзе, сустрэнемся з абедзвюма гэтымі іпастасямі, цесна і неаддзельна пераплеценымі. Тут шырока прадстаўлены і версэты, і квантэмы, і пункціры. Для аўтара характэрны назіральнасць, уважлівасць да навакольнага жыцця, па духу блізкая да “сумнай зачараванасці сусвету” старажытных японскіх майстроў хайку. Як у адным з вершаў заўважае сам аўтар, “…свет размаўляе са мною на мове здарэнняў”. І гэтыя здарэнні, кропкі судакранання з Сусветам вакол (з любой нагоды) даюць штуршкі для паэтычнай думкі і ўяўлення, для Слова.

Кожная такая кропка, кожны штуршок задае вектар руху ў інтэлектуальнай прасторы, дае падставы для роздуму і пошукаў самога сябе. Да пошукаў нітачкі жыцця, на якой, балансуючы, стаіць кожная Асоба: “засяроджанай душою я намацваю дрогкую лінію сэнсу, па якой мушу ісці дарэшты”.

Амаль медытатыўная засяроджанасць, дарэчы, адна з характэрных рысаў як гэтай кнігі, так, верагодна, і творчай манеры Разанава ўвогуле.

І дзеля гэтай засяроджанасці і медытатыўнасці, як і традыцыйную японскую паэзію, вершы Разанава варта чытаць удумліва, вяртаючыся да асобных радкоў, робячы “засечкі” на памяці, намагаючыся разгадаць падтэкст. Зразумець, прычым не толькі (не столькі) тэксты, колькі праз вершы і дзякуючы ім самога сябе.

Сапраўдная паэзія, думаецца, і скіравана на тое, каб чытач, убіраючы яе, жывячыся ёю, знайшоў нешта новае ўнутры сябе. Каб зразумеў, пераканаўся разам з паэтам:

– Сэрца сусвету б’ецца ўва мне.

Назва кнігі адсылае да вядомага парадоксу пра стралу, якая, калі разбіць яе шлях на дробныя кавалкі, у кожнай асобнай кропцы нерухома вісіць у паветры. Гэты парадаксальны вобраз распрацоўваецца аўтарам (версэт “Палёт стралы”). Паўкружнасць лука дапаўняецца паўкружнасцю цецівы, і дзякуючы гэтай паўнаце палёт уяўляецца “звышвыйсцем”, што мяжуе з вечнасцю: “І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім”.

Вечнымі і нацыянальна маркіраванымі з’яўляюцца многія любімыя паэтам вобразы. Ён ставіцца да іх з ашчаднасцю, увасабляючы ў аўтарскіх формах, і ў творах ажывае беларускае язычніцкае светаадчуванне, вогнепаклонніцтва. Агонь згадваецца часта, прычым менавіта як роднасная, прыязная стыхія. “Мой шлях – шлях агню”, – заўважае паэт “з маланкаю ў сэрцы”. “Мову агню”, на якой у рэшце рэшт пачынае размаўляць дзічка з аднайменнага верша, Разанаў называе мовай “самай відушчай”. Называе, адразу адсылаючы чытача да колішніх жрацоў, што вышуквалі ў святым полымі таемныя знакі, якія прарочылі б будучыню.

Тэма будучыні, дарэчы, часта гучыць у зборніку. Што, напэўна, і не дзіўна, улічваючы саму канцэпцыю кнігі: рух у прасторы і часе, рух настолькі імклівы, што яго быццам і няма. “Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня – у светлыні”, – адзначае Разанаў. Святло ж ёсць святло ад агню, які прарочыў і варажыў, наканаваў пэўны, пракрэслены вогненнымі знакамі, лёс.

Аднак фаталізм Разанаву чужы. “Не закончаны дзень тварэння: зноўку і зноў вылеплівае чалавек сваю лепшую долю”, – пераконвае ён чытача. І раіць адпусціць жаданне, каб болей не быць нацэленым супраць усіх. Раіць перамагчы і слабасць, і сілу (зброі).

Слабасць і сіла, святло і цемра, будучыня і мінулае. Зборнік Алеся Разанава будуецца на антытэзах, і не апошняя з іх – проціпастаўленне Жыцця і Смерці. Смерць у кнізе па-язычніцку рэчыўная, і ад гэтага вобразу “непазнанай жанчыны” патыхае народнымі легендамі:

А па вуліцы туды-сюды пахаджае, бы
Штосьці яна шукае, жанчына:
У плюшавым каптане, у паркалёвай хустцы,
З абломкам сярпа ў руках…

Жняя вышуквае чагосьці, і людзі, тыя самыя караткевічаўскія “каласы пад сярпом”, баяцца яе пазнаць. Бо спяшаюцца і жадаюць жыць, пакідаючы па сабе адно рэчы – “апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй”.

Памятаючы пра гэта, паэт звяртаецца да атавы:

– Спяшайся расці, трава,
спяшайся…

Аднак смяротнасць травы і смяротнасць чалавека не падаюцца трагедыяй, хутчэй нечым натуральным – часткаю жыцця. Разанаў не выпадкова параўноўвае чалавецтва з лесам, ставячы знак роўнасці паміж жывымі істотамі:

– Куды б ні ішоў – я вяду за сабою лес.
Дзе б я ні быў – застаюся ў лесе.

Куды б ні ішоў, мусіш заставацца чалавекам. Сабою. І пошукі гэтай самасці, адчування сябе, няпростыя. Лірычны герой Разанава крочыць “у пятую пару года”, адлігу, скрозь туман, і жоўтыя ліхтары вакол яго ўтвараюць кола: і кампазіцыйнае, і вобразнае.“…азірніся, і ў гэты кароткі прамежак ты ўбачыш сябе, што не паспеў яшчэ стаць мінулым”, – раіць Разанаў.

…мой апошні, непераможны, утоены і ад мяне аргумент, – я сам”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам