ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Ствараем праект разам!
Беларусы чытаюць Уладзіміра Караткевіча

Старажытная паэма “Беавульф” у беларускім перакладзе

Старажытная паэма “Беавульф” у беларускім перакладзе
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Самая старажытная паэма еўрапейскай Поўначы, англасаксонскі эпас, створаны ў VIII стагоддзі нашай эры. Самая доўгая паэма на старажытнаанглійскай мове (3 182 радкі), эпас пра змаганне слыннага ваяра Беавульфа (Бэўвульфа ў беларускім перакладзе) з пачварамі.

Чаму вельмі важна, каб скарбы сусветнай літаратуры загучалі на беларускай мове і ў чым значэнне менавіта гэтай паэмы – давайце разбірацца.

Імя “Беавульф” у перакладзе са старажытнаанглійскай мовы азначае “пчаліны воўк”. За гэтай метафарай, характэрнага для язычніцтва табуіраванага наймення, хаваецца мядзведзь – верагодна, татэмная жывёла, важная для рода галоўнага героя, які носіць гэтае імя. Язычніцтва прапітвае ўвесь тэкст, і, уласна, значнасць твора якраз-такі ў тым, што аснова гэтай паэмы склалася яшчэ да прыняцця хрысціянства. Карані скальдычнага майстэрства – асаблівасцей метафорыкі, стылістычных прыёмаў, міфалагічных адсылак – менавіта ў даўняй паўночнай рэлігіі, цесна звязанай з песеннай традыцыяй. Тое, што “Беавульф” даносіць да нас гэтую традыцыю, хай і з нязначным “налётам” хрысціянізацыі, з пазнейшымі ўстаўкамі, вельмі важна як для гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, так і для звычайнага чытача. Загадкавая старажытная Поўнач блізкая і нам, беларусам, бо яна цесна звязана з нашай ранняй гісторыяй, таму што славуты “шлях з варагаў у грэкі” праходзіў праз нашыя землі.

Старажытная Поўнач бліжэй да нас, чым нам падаецца. І, можа быць, у пэўным сэнсе, таксама і частка нас.

Многія літаратуразнаўцы (напрыклад, Дж.Р.Р. Толкін, адзін з самых буйных даследчыкаў твора) мяркуюць, што пісалася яна двума аўтарамі. Першы, мабыць, старэйшы (ці аддалены ад другога па часе) яўна свабодна валодаў скальдычнай традыцыяй, нязмушана ўплятаючы ў тэкст кенінгі і хейці. Для яго майстэрства скальдаў было натуральным і звыклым, ён знаходзіўся ў адпаведным кантэксце і досыць свабодна аперыраваў любымі прыёмамі. Другі ж аўтар (або, магчыма, перапісчык), нягледзячы на адукаванасць, быў ужо аддзелены ад даўніх традыцый і карыстаўся майстэрствам трохі змушана, штучна. Менавіта таму другому належаць пазнейшыя “хрысціянскія” дадаванні да тэксту.

Для першага аўтара, адпаведна, важна прадэманстраваць адвагу і веліч героя, яго неўтаймаванасць у бойцы ды іншыя яўна язычніцкія дабрачыннасці. Другі ж, сам хрысціянін, спрабуе дадаць у мастацкі свет твора, свет герояў і пачвараў, святло хрысціянства, на ўласны лад ператрактоўваючы некаторыя вобразы, перапрацоўваючы язычніцкую паэму пад патрэбы новай рэлігіі.

Але пагадзіцеся: тэкст на старажытнаанглійскай мове не будзе зразумелы сённяшняму чытачу. Што ж з перакладамі?

Існуе шмат перакладаў на англійскую мову (што не дзіўна), толькі адзін пераклад на рускую (1975 года), на ўкраінскую (2012). На беларускую ж тэкст быў перакладзены ў 2013 годзе і быў выдадзены асобнай кнігай. Аўтар пераклада – Антон Брыль, дзякуючы якому (хай ён і не лінгвіст па адукацыі) на беларускай мове загучаў і гімн Кэдмана, і Беавульф.

Трохі адступаючы ад тэмы, заўважу, што на сёння пераклады старажытнай спадчыны Поўначы на беларускую мову не заглухлі як з’ява. Напрыклад, у часопісе “Маладосць” за апошні год былі надрукаваны пераклады “Прароцтва вёльвы”, “Песні пра Трума” (са старажытнаісландскай) і балады “Сенакосец і муха” (з фарэрскай) за аўтарствам Яўгена Папакуля.
Увогуле, прыемна, што “Бэўвульф” А. Брыля займеў досыць шырокі розгалас у прэсе. Напрыклад, газета “Звязда” назвала гэтае выданне беларускай кнігай года. Але сам факт таго, што той або іншы твор быў перакладзены на беларускую мову, яшчэ нічога не значыць – важная таксама і якасць працы перакладчыка. Якасны пераклад, думаецца, той, які актыўна выкарыстоўвае рэсурсы мовы, адэкватна перадае асаблівасці перакладзенага тэксту і дазваляе ацаніць майстэрства арыгінальнага аўтара. Васіль Жукоўскі, канечне, слушна казаў, што перакладчык лёгка можа супернічаць у літаратурным майстэрстве з тым, каго перакладае. Але дужа важна, асабліва ў выпадку з культурна і гістарычна значнымі тэкстамі, каб творы і ў перакладзе захоўвалі тыя характэрныя рысы, што робяць іх адметнымі.

Ці атрымалася гэта зрабіць у беларускага перакладчыка? Натуральна, параўноўваць пераклад А. Брыля са старажытным арыгіналам у мяне наўрад ці атрымаецца. Але, нават не ведаючы даўняй мовы, як чытач я магу параўнаць уражанні ад англа- і рускамоўнага перакладаў, з якімі знаёмая. І паглядзець, наколькі беларускае гучанне адпавядае таму глыбокаму ўражанню, які гэты твор зрабіў на мяне некалі.

Саму кнігу адкрывае прадмова з кароткімі звесткамі пра рукапіс, саму паэму. Таксама перакладчык дае некалькі ўдакладненняў наконт перадачы імёнаў і назваў у перакладзе ды адметнасцей лексікі. Дадаткам да перакладу паэмы выступае “Песня пра Гільдэбранда” – яшчэ адна перакладчыцкая праца А. Брыля (захаваны фрагмент старажытнагерманскага гераічнага эпасу). Логіка ўкладання кнігі падаецца зразумелай: і той, і другі твор – эпічныя расповеды пра герояў старажытнасці.

Датычна самога Беавульфа – ёсць асобныя шаргаватасці ў рытміцы, асабліва на пачатку, якія рэжуць слых. Таксама трохі сумнеўным падаюцца некаторыя словаўжыванні – скажам, у запазычаннях перакладчыка са старабеларускай мовы. Цытуючы Толкіна, які кажа пра неабходнасць “паэтычнага і традыцыйнага” перакладу, А. Брыль быццам загадзя апраўдвае гэты ход, што нібыта ідзе на карысць выбудоўвання архаічнай стылістыкі твора. Але асабіста мне досыць спрэчным падаецца словаўжыванне “дрыгант” у значэнні “жарабец”: з лёгкай рукі Караткевіча беларускі чытач успрымае слова як назву беларускай пароды коней. Замены кшталту “акрутны” замест “жорсткі” або “валечны” замест “смелы” падчас прачытання складаюць уражанне паланізмаў, а не непасрэдных адсылак да беларускай даўніны. Ужыванне лексемы “гелм” замест “шлем” імпанавала б, калі б побач не ўжывалася нароўні і форма “шалом”. Асобныя словаўжыванні (сучаснай беларускай мовы) падаюцца трохі неадпаведнымі – кшталту форм “згіблыя” або “барукацца” (пра змаганне воя і пачвары). Сустракаюцца і лексемы, упрост незразумелыя сярэдняму носьбіту сучаснай беларускай мовы, напрыклад, назоўнік “выступіца” або “шлюбую” (верагодна, як можна здагадвацца па кантэксце, у значэнні “сведчу”). Выкарыстоўваючы падобныя словы, перакладчык, на жаль, не паклапаціўся пра зноскі ці іншыя тлумачэнні. Радкі і сказы часта пачынаюцца з кароткіх гукаў – “ў”, “й”, што, вядома, аблягчае справу пры пабудове рытмікі паэтычнага тэксту, але глядзіцца не вельмі ахайна.

Ёсць асаблівасці і ў перадачы некаторых міфалагічных паняткаў – скажам, назву свету людзей, перакладчык перадае як “Двор Сярэдзінны” (рускамоўны пераклад у тых жа радках лакалізуе “на земле под небесным сводом”). Для параўнання – адзін з англійскіх перакладаў перадае той самы панятак наступным чынам: “middle-earth’s regions,\\’Neath the whole of the heavens”. Даслоўна – “у сярэдзінных землях (г.зн. “Мідгард”) пад нябёсамі ўсімі”. “Двор”, атрымліваецца, тут – наватвор перакладчыка, і гэты наватвор трохі замінае сувязі з міфалагічнай адсылкай.

Калі ж падагульніць уражанні, то, напэўна, мне не хапіла сістэмнасці – у маўленчых сродках, у стылістыцы перакладзенага тэксту. Зазначу, аднак, што асобныя моманты падаюцца досыць удалымі з паэтычнага боку, але шаргаватасці, апісаныя вышэй, накладаюць адбітак на агульнае ўражанне.

Тым не менш, вельмі важна, што старажытная літаратурная спадчына перакладаецца на беларускую мову – гэта ўзбагачае літаратуру, далучае беларускага чытача да сусветнай скарбніцы. І таксама дае магчымасць працаваць з мовай, дэманстраваць яе моцныя бакі, яе пластычнасць.

А гэта значыць, што пазнаёміцца з “пчаліным воўкам”, пакаштаваць гучанне старадаўняй Поўначы на беларускі лад – варта.

Вось #такое_чытво.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам