ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
30 красавіка 1945 года. 9 дзён да Перамогі
Віртуальная даведачная служба ў дапамогу дыстанцыйнаму навучанню

Свет як Тэатр: па старонках аповесці А. Горвата “Прэм’ера”

Свет як Тэатр: па старонках аповесці А. Горвата “Прэм’ера”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Высушаны любоўю да Незалежнага Тэатра,
прыкаваны цяпер да яго, як жук да корка,
я ўвечары хадзіў на спектаклі…

М. Булгакаў, “Тэатральны раман”


Колас, Купала, Танк. Мда. Харошыя грыбы.

А. Горват,“Прэм’ера”


Жанр “тэатральнай” аповесці Андрэя Горвата самім аўтарам вызначаецца як “трагікамедыя ў дзвюх частках з антрактам”. Як суадносяцца трагічнае і камічнае ў гэтым тэксце, якія ўзаеміны ў персанажа і аўтара і што прыхавана за кардоннымі дэкарацыямі чалавечай штодзённасці – давайце разбірацца.

А разбірацца ёсць з чым: у тэксце функцыянуе некалькі”вымярэнняў”, якія перагукаюцца паміжсабой і сыходзяцца ў ключавых кропках. Ці – у кропцы, там, дзе зацягнуты ў вузел і адначасна прысутнічаюць “я” і “аўтар” (ад трэцяй асобы).Унутрытэкставы Аўтар (з вялікай літары) і Персанаж (таксама з вялікай) – як двухаблічны Янус. 

Тэкст гуляе з чытачом. Аўтар можа аддаваць даніну павагі булгакаўскаму тэксту, уводзячы ў аповед алюзію на досыць вядомую сцэну з працытаванага ў эпіграфе твора класіка. Аўтар можа параўноўваць самога сябе з персанажам Андрэя Федарэнкі. Аўтар можа дэструктаваць тэкст – і тут жа збіраць яго нанова ў “сцэнічнай” версіі, паўтараючы, пераплятаючы, перабудоўваючы. Як на тэатральнай сцэне падчас лёгкага зацямнення варушацца, варочаюцца,тасуюцца дэкарацыі, прымаючы новыя, патрэбныя для развіцця п’есы формы. 

Аўтар і сам становіцца Персанажам. І тады, падаецца, сам знікае, правальваючыся ў “шматслойнасць існавання” – то замяняючы акцёра на сцэне, то блытаючы самога сябе з Персанажам, які “прапаў”. 

І гэтае пранікненне рэальнасцей (персанажа-Аўтара і персанажа-Персанажа) адна ў адну, гэтая постмадэрновая фрагментацыя тэксту (нават, хутчэй, тэкстаў – бо маем лінію драматурга, які прыехаў ставіць сваю п’есу, а таксама ўмоўны “сцэнар” і лінію Персанажа) дае дзіўны эфект. Тэкст, рассыпаючыся на асобныя плыні, як прамень святла ўпрызме распадаецца на асобныя колеры, усё ж існуе як адзінства. І – як адзінства – пераканаўча і эмацыйна распавядае пра адну з самых загадкавых сфераў чалавечай псіхікі  – творчасць. 

Літаратурная творчасць як тэатр. Як унутранае (для сябе) акцёрства, калі другасная рэальнасць зрастаецца з першаснай, так, што не адрозніць. Прымерванне на сябе не толькі маскі, але і словаў персанажа, пачуццяў ягоных. Ягонага жыцця.
Je vis. Tu vis. Nous vivre. 

Такі ўнутраны спектакль утварае вакол Аўтара па-булгакаўску фантасмагарычную атмасферу. У гэтым карагодзе трагікамедыі, які з цягам часу набірае хуткасць, магчыма ўсё. І падзеі, дзеі, і “…людзі – кіно. Ці тэатр”. Як тут не страціць раўнавагу: “Я падаю, падаю, падаю. І адчуваю пах мокрай травы і гнілых яблыкаў...” 

Жыццё – як тэатр. Ці тэатр – як жыццё? Пранікненне розных пластоў рэальнасці адзін у аднаго, “слаі існавання” і постмадэрновая гульня з тэкстамі ў выніку дае эфект “ненадзейнага апавядальніка”. Мы не можам з поўнай упэўненасцю сказаць, што з апісанага з’яўляецца рэальнасцю – ды і, па вялікім рахунку, які з герояў галоўны, Аўтар або Персанаж. Мы не ўпэўненыя да канца ўва многім. Напрыклад, ці існая ў свеце Аўтара абсалютна рэальная для Персанажа “кардонная фігурка Оля”, у якой “работа і кот”. “Усяго адно слова магло спрасціць нашыя стасункі, але гэтае слова не было напісана” дэміургам-сцэнарыстам, і таму ўзаеміны Олі і Персанажа – быццам той кот Шродзінгера, існуюць і не існуюць адначасна. Як і яна сама, як і многае іншае ў мастацкай рэальнасці, што разгортваецца перад чытачом. І калі размежаванне “фантазіі і жыцця” для Аўтара яшчэ досыць важнае на пачатку аповесці, то фінал (“не канец” у аўтарскай тэрміналогіі) разбурае гэтую хісткую мяжу канчаткова і ставіць перад Аўтарам і чытачом пытанне: 

– Хто я, хто я, хто я, хто я? 

Пытанне датычнае як жыцця ў тэатры, так і “тэатральнасці” чалавечага жыцця ўвогуле. Роляў, каторыя мы граем. Рэквізіту ідэкарацый нашыхстасункаў, калі “акцёры часта паўтараюцьтыя ж рэплікі”. Руціна: “спынішся – засмокча балота, і ўсё”. Чарада будней, якая заўжды, з дня ў дзень падаецца толькі падрыхтоўкаю да нечага важнага, адзінага, самага галоўнага. Прэм’еры. “Гэта не жыццё, а спектакль… Як іначай? Усе так жывуць, і ніхто не скардзіцца. Трэба цярпець”.

 Пытанні пошукаў самасці, пытанні “маскавасці” і двухаблічнасці вяртаюць нас да галоўнага локуса твора, сапраўднага цэнтра мастацкага сусвету – Тэатра, у якім, як у сусветнымЯйку, выспявае чаканая Прэм’ера. Тут у белым святле ліфта яўляецца, “нібы добры айцец з белага воблака”, нібы deus ex machine, мастацкі кіраўнік Купалаўскага – “высокі рэжысёр Пінігін”. Тут Света Анікей становіцца цёткай Дуней – “адзін слой, другі, трэці, пяты”. Але дзе ўсё-такі сапраўднае? І чаму Міша Зуй размаўляе як Міша, а неяк Персанаж, ажно пакуль не адкрывае партал у Прудок? І чаму ў Венецыі Марыё ўвесь час многа сонца, а ўФеліцыі рукі сцерліся ад мыцця бялізны? 

Калі ласка, адключыце вашы мабільныя тэлефоны. Да пачатку спектакля засталося пяць хвілін. 

Калі ніякага Сержа няма? Калі я проста ўсё прыдумаў? Можа, я і ёсць Серж”. 

А можа, ты і ёсць Аўтар, чытач?.. 

Я буду жыць пад гэтым небам секунду і буду любіць”. 

Бо не любіць тое, штожыве ўнутры цябе, губляецца і зноў знаходзіцца, прарастае скрозь слаі, пласты і глыбы, – немагчыма.

Вось #такое_чытво. 

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Фонд бібліятэкі папоўніўся каштоўнымі выданнямі

6 Ліп 2020

У рамках выставачнага праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне”, прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў перадаў бібліятэцы рэдкія выданні XIX–XX стагоддзяў. Сярод іх – унікальныя кнігі, якія распавядаюць пра ваеннае і мірнае жыццё Беларусі ў перыяд з 1812 па 1945 год.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Як стваралася і як працуе галоўная бібліятэка рэспублікі

6 Ліп 2020

Архітэктура Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перавярнула ўяўленні аб тым, як павінна выглядаць галоўнае кнігасховішча краіны. Форма ромбакубаактаэдра, вынайдзеная Леанарда да Вінчы, складаная і адначасова эфектная, таму не дзіўна, што “алмаз ведаў” увайшоў у рэйтынг 100 архітэктурных шэдэўраў свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111