ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Рарытэтныя выданні ўзбагацілі нацыянальную “кніжніцу”
Беларускія кнігі перададзены ў Іарданію!

Цуды і капітаны: аповесць А. Грына “Пунсовыя ветразі”

Цуды і капітаны: аповесць А. Грына “Пунсовыя ветразі”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

“Аповесць пра капітана і дзяўчынку”, як назваў твор сам Грын. Аповесць-феерыя пра веру ў цуды, названая Паўстоўскім “паэмай у прозе”. Як сёння чытаецца твор з амаль стогадовай гісторыяй, ці добрую ралявую мадэль уяўляе Асоль і пра каго насамрэч гэтая аповесць – давайце разбірацца.

“Ветразі” Грын пісаў на працягу амаль пяці гадоў, і папярэдні рукапіс, у які, праўда, часта і памногу ўносіліся праўкі, быў закончаны ў снежні 1920-га. Адным з першых тэкст прачытаў і ацаніў Максім Горкі, які ўва многім паспрыяў аўтару, замучанаму нядаўна перанесеным тыфам. І Горкі, варта заўважыць, асабліва любіў чытаць сваім гасцям эпізод, дзе перад Асоль з’яўляецца казачны карабель – вобраз з яе мараў і сненняў, што ў адзін момант зрабіўся рэальным.

Можа быць, чытачоў у гэтай рамантычнай гісторыі прыцягвае якраз-такі “спраўджанасць” жаданага цуда? Можна зразумець, чаму у пострэвалюцыйным Петраградзе чытачам хацелася збегчы ў загадкавую Грынландыю. Туды, дзе чарадзеі (або фалькларысты, часам і не адрозніць) прадказваюць дзяўчаткам сустрэчы з прынцамі, а капітаны скупаюць увесь пунсовы шоўк, каб ветразі іх белых караблёў сталі нібы полымя.

Нагадаю сюжэт для тых, хто даўнавата перачытваў твор. Былы марак Лангрэн вяртаецца дамоў і даведваецца, што ягоная жонка памерла, пакінуўшы яму немаўлятка-дачку. З шэрагу прычын Лангрэн з дачкою аддзелены ад іншых вяскоўцаў, прычым аддзелены найперш духоўна. Сцяна непаразумення толькі ўмацоўваецца, калі ўсе даведваюцца пра “прадказанне”, якое маленькая Асоль пачула ад Эгля, “вядомага збіральніка песень, легенд, паданняў і казак”. Па яе, калі яна вырасце, нібыта мусіць прыехаць прынц на караблі з пунсовымі ветразямі. “Прадказанне” перакручваюць, з яго смяюцца, а саму Асоль пачынаюць лічыць вар’яткай.

У той жа час Артур Грэй, сын заможных арыстакратаў, вырашае зрабіцца капітанам і праходзіць, крок за крокам, няпросты шлях станаўлення. Дваццацічатырохгадовым капітанам і ўласнікам карабля “Сакрэт” Грэй з’яўляецца ў родных мясцінах Асоль. Выпадкова пабачыўшы дзяўчыну, калі тая спала ў лесе, ён ў знянацкім парыве надзявае той пярсцёнак на палец. А пачуўшы ад вяскоўцаў показку пра мару Асоль, вырашае тую мару спраўдзіць. І, да здзіўлення ўсіх вяскоўцаў, па Карабельную Асоль сапраўды прыплывае карабель з пунсовымі ветразямі.

Заканчваецца феерыя радасным яднаннем дзяўчыны і яе капітана ды баляваннем каманды “Сакрэта”. Мілая, светлая гісторыя, дзе несправядлівасць выпраўляецца, дзе нягоды аказваюцца часовай справай, а цуды, так або іначай, усё-такі становяцца часткай рэальнасці. Мне добра помніцца экранізацыя Грына за аўтарствам Аляксандра Птушко (1961 год) – фільм вельмі казачны і вельмі рэчыўны адначасна. І, апроч усяго, вельмі прыгожы, вельмі яркі.

Але, прыгадваючы першае, яшчэ дзіцячае прачытанне аповесці і свае ўражанні ад кінафільма, я разумею, што заўжды з куды большай цікаўнасцю чытала або глядзела эпізоды, звязаныя з Грэем. І гэта нягледзячы на тое, што знаёміцца са светам мы пачынаем з Лангрэна і Асоль, нягледзячы на сюжэтна ключавую сустрэчу дзяўчынкі, што бегла за цацачкай лодачкай, і “чарадзея”-фалькларыста. Менавіта гэта сустрэча, менавіта гэта “прадказанне” задае ход усёй гісторыі, менавіта дзеля Асоль ствараюцца цуды.

Адно толькі Грэй, з яго дзіцячым даследаваннем замка продкаў, з яго даследаваннем свету, з яго зачараванасцю адной карцінай і адной марай, заўжды імпанаваў мне куды больш. Па вялікім рахунку, у цэнтральных персанажах Грын дае нам два чалавечыя тыпы. Першы (Асоль) мару не абірае – ёй падносяць яе ў якасці падарунка. І, калі падумаць, з гэтым падарункам яна надалей нічога не робіць – апроч чакання цуда, які сам сабою спраўдзіцца. Другі (Грэй), змалку зачараваны карцінай з морам і караблём, сам разумее, чаго прагне ад жыцця. І накіравана, адольваючы перашкоды, дасягае мэты. А дасягнуўшы, здольны нават рабіць шчаслівымі іншых, – таму, што можа і хоча. Нам паказваюць персанажаў прыблізна ў адным і тым жа ўзросце, дзе кожны з іх робіць свой выбар мары. Адно пасля мы бачым толькі сталенне і шлях Грэя, ягоныя дзеянні.

Асоль жа для аўтара як бы спыняецца ў сваім сталенні на тым васьмігадовым узросце, калі сустрэла Эгля. Ад яе быццам бы больш нічога і не патрабуецца – толькі верыць у “прадказанне” і чакаць шчасця. Змаганне яе, вядома, унутранае, змаганне з соцыумам, атрыманае ў спадчыну ад бацькі і прыпраўленае здзекамі ды кпінамі з яе мары. Па тыпажы, такім чынам, Асоль – характэрная damselin distress, дзева ў небяспецы, што спадзяецца на выратавальніка, бездапаможная і наіўная. Вобраз, можна сказаць, нават меладраматычны, улічваючы дэталі біяграфіі з раннім сіроцтвам ды пагардаю з боку аднагодкаў. Вобраз, які, можа, выклікаў бы спагаду і замілаванне, калі б з Асоль мы правялі хоць трохі болей часу (як з Артурам). А ўвогуле, рэцэпт шчасця гэтага персанажа, што давёў-такі яе да хэпі-энду, лепей не ўжываць у рэальным жыцці: капітанаў Грэяў на ўсіх дакладна не хопіць.

Што ж тычыцца Грэя, то, калі ўдумацца ў размеркаванне роляў у тэксце, менавіта ён з’яўляецца галоўным героем, пратаганістам, выратавальнікам, які вызваліць дзеву і надалей атрымае яе ў якасці ўзнагароды (“найлепшы груз «Сакрэта», найлепшы прыз”, як Асоль называе матрос Леціка). Менавіта Грэй, а не Асоль, праходзіць праз выпрабаванні дзеля сваёй мэты. Менавіта Грэй праз замілаванасць да безабароннай Асоль як бы пераходзіць на новы ўзровень чалавечнасці. Дасягае той унутранай гармоніі, таго “раю”, у якім павінен, паводле сямейнага падання знаходзіцца адзін з Грэяў, каб пакаштаваць запаветнае віно. Цяпер Грэй не толькі спраўджвае ўласныя мары – але "з жалезным «так»" дорыць іх рэалізацыю іншым.

Ці не таму развагі абноўленага, шчаслівага галоўнага героя з’яўляюцца тым самым важным, што хацеў бы данесці да свайго чытача аўтар:

…я ўразумеў адну простую ісціну. Яна ў тым, каб рабіць так званыя цуды сваімі рукамі. Зрабі чалавеку цуда, калі ты можаш. Новая душа будзе ў яго і ў цябе.

Вось #такое_чытво.
У тэксце цытуецца беларускамоўны пераклад Андрэя Каляды.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам