ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні” прэзентавана ў Польшчы
На хвалях свята

Веліч Цярплівасці: зборнік апавяданняў “Пялёсткі” Уладзіміра Дубоўкі

Веліч Цярплівасці: зборнік апавяданняў “Пялёсткі” Уладзіміра Дубоўкі
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Першае месца ў беларускай паэзіі пасьлякастрычніцкага пэрыяду заняў Дубоўка”, – так пісаў у свой час Максім Гарэцкі. Уладзімір Жылка заўважаў пра калегу: “Ён умее, як з мармуру, высячы свой непаўторны вобраз”. Калі задумацца, досыць рэдкі выпадак, каб аўтар быў прызнаны сваімі ж сучаснікамі, прычым адзінагалосна.

Але Дубоўка – сапраўды “рэдкі выпадак” у беларускай літаратуры. Чаму гэта так і дзеля чаго варта пазнаёміцца з ягоным зборнікам апавяданняў-успамінаў “Пялёсткі” – давайце высветлім.

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е”, – кажа ў сваім вершы “На Беларусі Бог жыве” Караткевіч, Дубоўкаў цёзка. А вось у дубы, дрэвы самыя моцныя, падавалася б, нябесны агонь трапляе якраз-такі часта. “Маланак” у жыцці Уладзіміра Дубоўкі хапала: ён быў арыштаваны тройчы (у 1930-м, 1937-м і 1949-м гг.), адбываў пакаранне (доўгія гады) далёка ад Беларусі, перажыў гібель сына-падлетка. Падчас зняволення літаратурай не займаўся – быццам адгарэла ўсё ўнутры. Быццам згасла.

Але пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе, ператрываўшы ўсё, Дубоўка вярнуўся – і да Радзімы, і да творчасці. Падарожнічаў, атрымаў літаратурную прэмію. І памёр 74-гадовым у Маскве. Памёр сябрам Саюза пісьменнікаў БССР.

Жыццё ягонае было доўгае і няпростае, і ўсяго там ставала – і ўзвіваў пурпуровых ветразей, і аванпостаў будучыні, і кругоў… пекла. Усё ён прайшоў, загартаваўся, абпалены агнём.

А ўспамінамі вырашыў падзяліцца, бо ёсць чым, як-ніяк.

“Пялёсткі” – аповесць успамінаў, фактычна, модны сёння нон-фікшн. Дубоўка прыгадвае эпізоды жыцця, дробныя, як апалыя пялёсткі, і дзеліцца імі з самай непасрэднай шчырасцю. Назва зборніка абыгрываецца і тлумачыцца ў аднайменным нарысе, які адкрывае сабою падборку. Тут аўтар прыгадвае, як некалі прагульваўся з дзяўчынай па вуліцы і ў вітрыне антыкварнай крамы заўважыў карціну. Там быў намаляваны “асенні сад, а на пярэднім плане – клумба кветак, злева – частка тэрасы дома. Кветкі на клумбе адцвіталі, абсыпалі на дол пялёсткі. Перад клумбаю стаяла двое людзей у гадах – Ён і Яна. Яны, так адчувалася, маўчалі, але гэтае маўчанне было такое красамоўнае!”. І самога аўтара, і ягоную каханую ўразіла гэтая пара ў восеньскім садзе. А праз шмат гадоў на прагулцы ў маскоўскім парку аўтар з жонкаю “спыніліся ля адной клумбы, на якой былі ўсялякія кветкі, але ўсе на адцвітанні. Пялёсткі ад іх ляжалі на клумбе, на сцяжынцы”. Падабенства здзівіла іх, і ўсхваляваная жонка аўтара заўважыла:

– Думалася, што ніколі мы не дачакаем гэтага часу, аж вось!.. Дачакаліся... Стаім і разглядваем пялёсткі свайго жыцця...

“Пялёсткі жыцця”, якое адцвітае, ападае. Пялёсткі на клумбе ў восеньскім садзе, поўным красамоўнага маўчання.

Дубоўка, мабыць, не быў бы паэтам, не быў бы сабою, каб не падхапіў гэты яркі вобраз ад сваёй каханай Марыі Пятроўны і не ажывіў яго ў літаратурным тэксце.

Апавяданні нанізваюцца, як пацеркі, ідуць ад самых ранніх успамінаў, яшчэ нават не ўласных, а хутчэй ад сямейных легенд (“Як мяне маленькага тапіць меліся”, “Прышываны нос”). І далей да гадоў маладосці, да гадоў сталасці. Аўтар не згадвае некаторых фактаў сваёй біяграфіі – гады ссылкі ў ягоным тэксце адбіваюцца як кароткая згадка “я тады жыў у горадзе Яранску”. І далей ідзе патрэбны з пункту гледжання мастака і паэта эпізод.

Можа быць, у гэтым сакрэт Дубоўкі: не забываючыся пра былое, нават самае страшнае, не засяроджвацца на гэтым, глядзець наперад. Жыць жыццё па-чалавечы, не перакладаючы свой крыж на чужыя плечы, не скардзячыся. Амаль боская трываласць, амаль святая цярплівасць.

Дарэчы, пра цярплівасць, датычную збольшага менавіта творчага жыцця, Дубоўка піша ў нарысе “Гартаванне цярплівасці”, называючы самога сябе (мабыць, не без прыхаванай іроніі) “наогул чалавекам цярплівым”. І тут жа тлумачыць: “Цярплівасць – гэта не адназначна з пакорнасцю або пакорлівасцю. Цярплівасць – гэта маці вынаходлівасці, маці творчасці. Няпраўда, што выдатныя творы з’яўляюцца ў адзін міг. Яны выказацца могуць у адзін міг, але яны раслі, спелі ў сэрцы мастака, можа, не год, а дзесяцігоддзі”. Ведаючы біяграфію пісьменніка, хіба можам не пагадзіцца?

Пялёсткі кветак (нарыс “Зімовыя браткі”) некалі не вытрымалі таежных халадоў, але іх сінявокія браты сустрэлі-такі Дубоўку на Беларусі, хай і праз многія гады.

Ён здолеў вярнуцца і да Радзімы, і да самога сябе. Словы спелі ўнутры яго нават у ссылцы, калі ён быў зняволены, калі быў толькі сціплым рахункаводам або сталяром на Далёкім Усходзе. Ён бачыў і тайгу, і спякотны Бірабіджан, і паўсюль ратавала яго тая боская цярплівасць, шчырасць ды сумленная праца рук сваіх.

Таму зборнік “Пялёсткі” – гэта адначасна і творчы, і жыццёвы маніфест Уладзіміра Дубоўкі. Ягоны запавет, мудрае слова таго, хто бачыў свет і пражыў уласнае жыццё, застаючыся Чалавекам і Творцам.

“Калі ўзяць хоць невялічкую частачку іх, паказаць свайму добраму сябру: зірні, што станецца з пялёсткамі нашага жыцця, калі кветкі сілкуюцца толькі ад шчырасці, ад чыстага сумлення. Яны і пасля адцвітання красуюць і зіхацяць, як жывыя...”

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Пра культурную спадчыну нашай краіны – у дакументальным праекце АНТ “Беларусь. Сталенне”

13 Жні 2020

Кожная краіна ганарыцца сваімі дасягненнямі. І Беларусь не выключэнне, нашы поспехі – у самых розных галінах. Сёння цікавасць беларусаў да культурнай спадчыны не знікае, а толькі павялічваецца. Мы ганарымся сваім мінулым і духоўнымі дасягненнямі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Раман Матульскі: Нам усім неабходна стаяць на традыцыях і каранях талерантнасці, якія замацаваліся ў нашым народзе, на тых духоўных хрысціянскіх і еўрапейскіх каштоўнасцях, на якія на працягу стагоддзяў абапіраліся нашы продкі

13 Жні 2020

Вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, сярод якіх і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, заклікаюць беларусаў праявіць мудрасць і талерантнасць.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларускі фальклор і “Век людзей”

13 Жні 2020

З красавіка 2019 года ў літаратурным часопісе “Маладосць” друкуецца фэнтэзійны раман “Век людзей” супрацоўніцы аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала НББ Маргарыты Латышкевіч.
Ці варта сёння пісаць фантастыку і дзе карані “Века”? Аўтарка, якая вядзе на партале НББ чытацкі блог, распавяла пра свой вопыт напісання вялікай прозы.

Аўтарскі погляд

Супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі ўзяў удзел у перадачы тэлеканала “Россия 1”

12 Жні 2020

Андрэй Бараноўскі, галоўны бібліёграф НІА бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гісторык-краязнаўца, аўтар кнігі “Лепельское пехотное училище”, узяў удзел у тэлевізійнай перадачы тэлеканала “Россия 1” з цыкла “Память огненных лет”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

11 Жні 2020

Паступовыя змены ў жыцці грамадства пэўным чынам адбіваюцца і на перакананнях, на думках пісьменнікаў, асабліва тых, якія ствараюць на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. З Міколам Чарняўскім, празаікам, паэтам, публіцыстам, аўтарам шматлікіх твораў для дзяцей, паразмаўлялі пра бачанне мінулага і сучаснасці, а таксама пра спадзяванні ды будучыню.

Навіны бібліятэк

111