ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
“Трэба дома бываць часцей”: асэнсаванне творчасці Рыгора Барадуліна
Аксана Спрынчан: «Быць унучкай і дачкой паэтаў – таксама шэдэўральна»

Заставацца чалавекам: апавяданне “Пошласць” Андрэя Федарэнкі

Заставацца чалавекам: апавяданне “Пошласць” Андрэя Федарэнкі
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

У слова “пошласць” некалькі значэнняў (як і ў самой пошласці шмат абліччаў). З аднаго боку, пошласць прыраўнаная да непрыстойнасці. З другога – да банальнасці. Гэтыя два значэнні слова, варта заўважыць, не супярэчлівыя: непрыстойнасць сама па сабе банальная, банальнасці ж – непрыстойна нудныя.

Але каторае са значэнняў мае на ўвазе Андрэй Федарэнка ў сваім апавяданні “Пошласць”? Давайце разбірацца!

Андрэя Федарэнку беларускі чытач ведае як аднаго з лепшых празаікаў сучаснасці. Крытык Ганна Кісліцына не выпадкова назвала яго “калекцыянерам заканамернасцей чалавечага быцця”: пісьменніцкі зрок Федарэнкі ўдала, амаль фатаграфічна схоплівае адметнасці людской натуры. Схоплівае, каб пасля структураваць, пераасэнсаваўшы ў мастацкай прасторы, ствараючы пластычныя вобразы-тыпы – пазнавальныя, жыццёвыя, арыгінальныя ў прачытанні.

Дык пра што ж апавяданне з такой “чэхаўскай” назвай? Чэхава тут згадваем не выпадкова, бо гэты класік – прызнаны змагар з мяшчанствам і пошласцю як такой. Прыгадаем цытату з ягонага апавядання “Учитель словесности”, у якім галоўны герой з трагічнай раптоўнасцю разумее ўсю жудаснасць свайго становішча: “Где я, боже мой?! Меня окружает пошлость и пошлость. Скучные, ничтожные люди, горшочки со сметаной, кувшины с молоком, тараканы, глупые женщины… Нет ничего страшнее, оскорбительнее, тоскливее пошлости. Бежать отсюда, бежать сегодня же, иначе я сойду с ума!” То бок у трактоўцы чэхаўскага кшталту тэрмін “пошласць” бліжэйшы менавіта да другога слоўнікавага значэння. Для Чэхава – гэта банальшчына і руціна, глупства і шэрасць, нікчэмнасць думкі і побыту.

Што ж пошласць для Андрэя Федарэнкі?

Сцісла акрэслім сюжэтную канву. Твор фактычна ўяўляе сабой нешта кшталту дзённіка назіранняў апавядальніка за сваім суседам па інтэрнаце. Яго вачыма мы бачым “паддоследнага” – “закончанага, завершанага” пашляка. Каментуецца гэтае вызначэнне так: “Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы – не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый… Такога не саб'еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім не ўсчыніш дыскусію аб дуалізме таго ж «дабра»”. Надалей прыводзяцца аргументы ў бок гэтага сцверджання, і перад намі паступова ствараецца партрэт суседа апавядальніка.

Чалавек гэта не дужа далёкі: для яго “не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б”, у яго на ўсё гатовы адказ, што складаецца з банальнага выслоўя. Ані ў ягонай знешнасці, ані ў ягоных звычках (і адсутнасці звычак – шкодных), ані ў “сініх, бязвінна-бяздумных гузіках вачэй” апавядальнік не знаходзіць нічога адметнага, нічога выключнага. Сапраўды, перад намі – прызнаем гэта – сярэдні абывацель, зусім не інтэлектуал (“паступіў” у ВНУ ён, напрыклад, толькі дзякуючы накіраванню). Прыглядацца тут няма да чаго, па вялікім рахунку: такіх, як сусед апавядальніка, мноства, у ім няма нічога выключнага. Проста не дужа разумны або прывабны чалавек з беднай сям’і, які спрабуе неяк выжываць на “бульбе і часныку”. Ды якога ўвесну зацікавілі “пошукі «адданай спадарожніцы жыцця» – праз газетныя рубрыкі знаёмстваў”. Апошняе – рэч хутчэй камічная, а грэблівасць суседа да жанчыны з дзіцем – з’ява хутчэй брыдкая. Але, зноў жа, нічога выключнага. Сапраўды банальны, шараговы чалавек, адчайна нецікавы. Звычайны. З чым жа звязана амаль хваравітае жаданне апавядальніка падтрымліваць “філасофскія” дыскусіі з такім чалавекам, назіраць за ім, прыкідваючыся, што ”ўнураны ў кнігу”, вывучаючы, як цікавага жука, “эксперыментаваць”?

Апавядальнік у пэўны момант сам прызнаецца, што, сочачы за суседам, ператварыўся ў “шпіка з усімі атрыбутамі: падняты каўнер плашча, насунуты на вочы брыль кепкі, купля непатрэбнай газеты ў кіёску, заварочванне за вугал, калі ён азіраўся...”. Да непрыстойнага банальны вобраз, ці не праўда? Сама спрэчная мараль гэтага назірання і глыбіня пагружэння трохі нагадвае хваравітую сувязь паміж ненадзейным апавядальнікам Набокава і персанажам Смурава ў аповесці “Соглядатай”. У Набокава, праўда, апавядальнік і Смураў у выніку аказваюцца адным і тым жа чалавекам. У Федарэнкі ж… А што ў Федарэнкі?

Эксперыменты апавядальніка над ягоным “падвопытным” у пэўны момант падыходзяць да крытычнай мяжы: апавядальнік спрабуе не проста з нездаровай цікаўнасцю сачыць за “паддоследным”, але і дае сто рублёў Светцы, у якой рэпутацыя “самай апошняй – пробаў не было дзе ставіць – шлюхі, вядомай усяму інстытуту, акрамя, канечне, нашага святога героя”, каб тая пераспала з ягоным суседам.

Развязка, аднак, досыць забаўная, хоць і зусім не такая, якой чакаў сам апавядальнік. Светка “вылецела з пакоя куляю, задыханая, чырвоная, разгневаная”. Аказваецца, сусед апавядальніка вырашыў, каб “завесці” яе, чытаць ёй верш Багдановіча, ды яшчэ яе любімы, “так гнюсна, фальшыва, кожны радок скажаючы, блытаючыся, ставячы абы-як націскі...”. Апавядальнік задаволена смяецца і прапануе Светцы ўсё-такі ўзяць грошы: “заслужыла”. Але тая, мабыць, адзіны ў апавяданні персанаж з адчуваннем уласнай годнасці, ад іх адмаўляецца. І заўважае:

Ты са сваімі эксперыментамі пашляк яшчэ горшы, чым ён.

І тым самым быццам дае апавядальніку поўху. Бо, па вялікім рахунку, у чым яго маральная або інтэлектуальная перавага над суседам, такім абрыдліва банальным, непрыемным у побыце, нудным у гутарцы, але не адмоўным? Апавядальнік, занураючыся ў свой эксперымент, з лёгкасцю паступаецца прынцыпамі, шпіёнячы, лезучы ў чужое асабістае жыццё. А пасля нават спрабуе купіць для суседа каханне за грошы, адначасна абражаючы і жанчыну, і суседа, які, пры ўсёй сваёй нікчэмнасці, проста па-чалавечы прагне “душу адагрэць”.

Апавядальнік, калі падумаць, страшэнна банальны ў сваёй перакананасці ва ўласнай выключнасці, у тым, што сам апрыёры лепшы, вышэйшы і за Светку (якая нават за сто рублёў не паступілася любоўю да верша), і за “замаскіраванага пад мараліста” пашляка суседа.

Пошласць – стыхія чалавечага свету, і апавядальнік – яе частка. Задумлівае шматкроп’е завяршае кароткі дынамічны тэкст, але колькі ўсяго стаіць за гэтымі трыма кропкамі?

Можа быць, стаіць там таксама і чэхаўскае: “Постоянное обличение пошлости в конце концов тоже становится пошлостью”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам