ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Дызайн выдавецкай маркі Крыстафа Плантэна: погляд праз 500 гадоў
Да 90-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі В.Н. Дышыневіч

Жыццёвая арыфметыка: апавяданне “Урок арыфметыкі” Вячаслава Адамчыка

Жыццёвая арыфметыка:  апавяданне “Урок арыфметыкі” Вячаслава Адамчыка
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Вячаслаў Адамчык у сваім поўным светлай настальгіі апавяданні расказвае гісторыю першай падлеткавай улюблёнасці – тым больш пранізлівую, што адбываецца ўсё ў “апошні год вайны”. Гэта апавяданне-ўспамін, сумнае і радаснае адначасна, як любы драбок памяці пра незваротнае і няспраўджанае.

Бо першыя падлеткавыя ўлюблёнасці, нязграбныя, няўдалыя, часта беспадстаўныя, амаль заўжды нешчаслівыя. Гэта, мабыць, частка сталення, частка станаўлення асобы, урок пачуццяў. Урок жыццёвай арыфметыкі, часта досыць суровы. Як суровы і фон, на якім разгортваецца гэты ўрок.

Штораніцы ў школе гучаць зводкі Саўінфармбюро, “школа пахла лякарствам, і ля плота валяліся доўгія бінты, парудзелыя ад крыві, і скрозь па ямах у смецці ржавелі пустыя кулямётныя ленты, падобныя на хрыбты нейкіх страшэнных вужакаў”. На настаўніках-мужчынах “было ўсё вайсковае – кірзавыя боты, зялёныя не перашытыя яшчэ галіфэ, кіцелі з петлямі ад нядаўніх пагонаў”, настаўніцы мала чым адрозніваліся ад мацярок вучняў, бо “туга закручвалі вакол шыяў цёплыя хусткі, як нашы мацяркі, і, як нашы мацяркі, насілі гэткія самыя прыпаленыя на галянішчах валёнкі”. А побач з гэтымі стомленымі, часам нават скалечанымі вайною людзьмі, як мара, як сон, – Часлава Карлаўна, “маладзейшая за ўсіх, далікатная з твару, з прыгожым, дзіўным для мяне прозвішчам – Вератынская”.

Мабыць, найперш гэта знешняя адметнасць, выключнасць маладой, прыгожай і добра апранутай жанчыны сярод звычайных – звыклых падчас ваеннай навалы – людзей і прыцягвае да сябе героя апавядання. Мы глядзім на Чаславу Карлаўну вачымападлетка, і вобраз гэты “харашэе” ад дзіцячай любові, як твары школьнікаў ад агністага святла яе ружовага світара. Прыгожая жанчына, настаўніца, маці сямікласніка, што “з твару гэтакі самы, як яна, і гэтак мякка хаваў пад густымі вейкамі свае вочы”. Адно толькі за дзіцячым захапленнем настаўніцай, за ідэалізаваным яе вобразам свіцяцца не самыя сімпатычныя рысы. Сын яе, аказваецца, разбэшчаны хлопчык: на перапынках ганяе дзяўчатак, лезе ў бойкі, “дае таму вусатаму салдату ў заячай шапцы, што вартуе за школаю склад, аж тры рублі, каб дазволіў стрэліць са свае вінтоўкі”. А сама Часлава Карлаўна, мяркуючы па ўсім, здраджвае свайму мужу, “немаладому, хмураму, чырвонаму ў твары”, з дырэктарам школы. Усе гэтыя драбочкі, незаўважныя для апавядальніка-дзіцёнка, усё ж відавочныя і аўтару, і чытачу, і тым больш шчымліва адчуваецца настраёвасць у творы, і сам апавядальнік, падаецца, згадвае сябе колішняга адначасна з лёгкай іроніяй і замілаваннем.

Бо Часлава Карлаўна, якою б ні была, усё-такі абуджае ў галоўным героі думкі пра лепшае – лепшую долю, вялікія гарады. Шчасце, нарэшце: “…мне думалася пра нязнаны празрысты свет, пра вялікі горад, куды я паеду, як вырасту, у той горад, дзе ўсе прыгожыя людзі, дзе ўсе хораша адзяюцца,смачна ядуць – булку з маслам, – як Кіра Фахрушава, што прыехала ў нашую школу недзе з Масквы”. Мары пра шчасце ў героя пакуль яшчэ цьмяныя, невыразныя, мары галоднага дзяцінства – пра булку з маслам. І сама Часлава Карлаўна, думаецца, гэта мара згаладалага па прыгажосці маленькага чалавека. Згаладалага па прыгажосці настолькі, што нават легкадумная маладая жанчына ў яркім ружовым світары падаецца вяршыняй пекнаты і чалавечнасці.

Кантрастам глядзіцца вобраз маці галоўнага героя. Спрацаваная жанчына, стомленая, змучаная вайной і цяжкаю працай на зямлі, побач з прыгожа апранутай Чаславай Карлаўнай, якая ніколі не ведала нястачы, выглядае выродлівай. Ці не таму галоўны герой амаль саромеецца яе – і самога сябе, поўны “наіўнага шкадавання, што ў мяне не гэтакая прыгожая маладая мама, і, мусіць, не гэтакі прыгожы я сам, і не гэтак хораша адзеты, як сын Чаславы Карлаўны”. Ці не таму з такім здзіўленнем “…настаўніца і дырэктар школы разглядалі маміну фатаграфію – мама там яшчэ была прыгожая”. Але і гэта, думаецца, важны ўрок жыццёвай арыфметыкі для галоўнага героя: прыгажосць – не толькі звонку, а папраўдзе блізкіх, сваіх, родных людзей ніколі нельга саромецца.

Наіўнасць падлетка, канечне, можна і варта выбачыць.

Асабліва цікавым падаецца эпізод на таўкучцы, дзе “можна было даведацца і пра свой лёс. Кожны чалавечы лёс быў у папяровым канверціку. Канверцікі ляжалі ў фанернай скрыначцы, якую трымала на каленях жанчына з цвёрдым абветраным тварам і без аднае рукі”. Аддаўшы за свой канверцік рубель, галоўны герой спрабуе зазірнуць у сваю будучыню, якая адначасна страшыць і вабіць яго. Але Часлава Карлаўна, нечакана з’явіўшыся побач са сваім мужам-вайскоўцам, адбірае прадказанне марской свінкі і рве яго – цытату са Святога Пісання. Бадай, гэта адзінае, што яна робіць для якога-кольвек выхавання сваіх вучняў, і тое – не тлумачачы, адно загадваючы болей тут не з’яўляцца. Зрэшты, гэта яшчэ раз характарызуе яе як педагога: Вячаслаў Адамчык дае нам падказкі адносна сапраўднага аблічча гэтага персанажа вельмі мякка і ненавязліва.

Жыццёвыя ўрокі – падлеткавыя ўлюблёнасці ў тым ліку – не праходзяць без слядоў. У галоўнага героя, калі на другі год Часлава Карлаўна знікла са школы, “застаўся сум, нейкі невыразны сум, як сум перад восенню па яснай вясне, па першаму грому, празрыстаму лістку і маладой пяшчотнай траве”. Але пасля, з цягам часу і сталеннем, як звычайна бывае, прайшоў і ён: “у мяне было ўжо нешта другое, я вастрэй і больш стала думаў пра вялікія гарады”.

Згадваючы праз дваццаць гадоў сваё “няблізкае і падхарошанае даўняе”, герой-апавядальнік зноў думае пра сустрэчу з Чаславай Карлаўнай, пра сваю паўдзіцячую ўлюблёнасць, у якой нават зараз не змог бы ёй прызнацца.

Бо “мы заўсёды мала добрага гаворым другім, баючыся чужое радасці, і, мусіць, гэтак трацім сваю”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

111