ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
З надыходзячым 2023 годам!
Галоўную таямніцу Дзеда Мароза раскрылі… у бібліятэцы!

“…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»”

“…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»”
Іншыя навіны

Найстарэйшы айчынны літаратурны часопіс «Полымя» святкуе стагоддзе. Агеньчык запалілі ў бурапенны час лёсавызначальных для краіны падзей пачатку 1920-х гадоў, а завіхаліся вакол таго зніча, кідаючы на алтар служэння слову свой талент, любоў, сілы, а нярэдка і жыцці, найлепшыя сыны і дочкі Беларусі. Вогнішча разгаралася, узгадаванае служэннем маладых атлантаў-пасіянарыяў, умацоўвалася, яднала вакол сябе тых, хто аддаваўся яму напоўніцу, і вабіла, прыцягвала новыя і новыя пакаленні пакліканых…

Ажывіць час стагадовай даўніны, рэканструяваць атмасферу, грамадска-палітычныя падзеі і абставіны, у якіх узнік і развіваўся часопіс «Полымя», паказаць жыццёвы і творчы шлях нашых славутых папярэднікаў-юбіляраў, якія спрычыніліся да стварэння выдання, – да такіх мэт ішлі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пры напаўненні часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «…І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі “Полымя”».

Нагодай для адкрыцця часовай экспазіцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры стаў сёлетні юбілей «Полымя»: першы нумар часопіса пабачыў свет у снежні 1922 года. Экзэмпляр той захаваўся ў музейных фондах. Як часопіс эвалюцыянаваў? Усё паказана ў экспазіцыі: як штогод мяняліся ілюстрацыйны і візуальны складнікі, кантэнт і вонкавыя формы. Выстаўка насычана, акрамя таго, і культурнымі падзеямі мінулага, звязанымі з літаратурай: найперш гэта кінематограф – нараджэнне новага віду мастацтва, якое прыйшло ў Беларусь зусім маладым, адкрыццё першага кінатэатра.

Так, на пачатку выставачнай залы – стылізаваны кінатэатр. Ты прыходзіш у музей, і… Шырокі экран, крэслы, падобныя на антыкварную мэблю, выявы старога Мінска на чорна-белых і каляровых гравюрах мастака Анатоля Тычыны, гучыць факстрот як атрыбут багемных салонаў мінулага… Твае штодзённыя справы застаюцца звонку, а ты ўглядаешся ў адухоўленыя маладыя твары, спрабуючы ўявіць побач тых герояў, і здаецца, што адлегласць у цэлае стагоддзе паміж імі і табой танчэе, растае, як лядзяш у адлігу, а 120-, 115-гадовыя юбіляры, большасць з якіх назаўжды застануцца ў гісторыі айчыннай літаратуры вечна юнымі, быццам ажываюць – са сваімі чалавечымі звычкамі, захапленнямі, памкненнямі, жарсцямі, прыхільнасцямі і любоўю да слова…

Экскурсію пачынае чатыроххвілінны, зманціраваны з каштоўнай хронікі, прадстаўленай Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, і з фрагментаў кінакарціны «У агні народжаная», ролік пад адмысловай назвай «Фільма» (менавіта так, падказвае куратар выстаўкі Ірына Князева, называлі тады стужкі). І гэта адразу ж адсылае да Анатоля Вольнага, аднаго з герояў экспазіцыі, з дня нараджэння якога святкуецца 120-годдзе. Анатоль Вольны лічыцца патрыярхам беларускай кінадраматургіі, бо ён першы сярод айчынных літаратараў рызыкнуў пісаць сцэнарыі: кінадраматургія была абсалютна новым жанрам у айчынным пісьменстве. Фільм «У агні народжаная», якому пашчасціла захавацца, быў створаны па арыгінальным сцэнарыі А. Вольнага.

Задзірысты, дзёрзкі твар сцэнарыста ў галерэі юбіляраў – адзін з першых, які прыцягвае позірк. Побач – рукапісны артыкул Кастуся Губарэвіча, выбітнага драматурга, пад назвай «Анатоль Вольны: якім ён быў?». Фотаздымкі пісьменнікаў адмыслова прадстаўлены самыя раннія, дзе яны выглядаюць зусім маладымі. Толькі Міхась Дуброўскі сталы. Яго архіў згарэў…

Перыяд 1920-х гадоў у культурным жыцці краіны калісьці называлі бурапенным – пасля Першай сусветнай і Грамадзянскай войн краіна, зруйнаваная фізічна і духоўна, аднаўлялася, з асяроддзя сялян і рабочых у літаратуру прыйшло шмат таленавітых і нават геніяльных творцаў. Выдавалася шмат часопісаў, праводзіліся лекцыі, ствараліся эпахальныя дакументы (так, захаваўся архіў «Маладняка»). Гэтыя акалічнасці не маглі не ўплываць на грамадскае жыццё. Адметнасць таго часу яшчэ і ў тым, што літаратура была моцна інтэграваная ў грамадска-палітычнае жыццё краіны. Новую дзяржаву будавалі літаратары, настаўнікі.

Першым кіраўніком ураду Беларусі быў пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). Цішка Гартны распачынае галерэю юбіляраў. Ён напісаў першы маніфест стварэння Беларускай ССР, быў заснавальнікам архіўнай справы на Беларусі. Ствараюць вобраз літаратара кранальныя артэфакты – аўтэнтычная вопратка пісьменніка, прадстаўленая пад сямейнымі фотаздымкамі: кашуля, камізэлька, два гальштукі (па ўспамінах, ён вельмі любіў элегантна апранацца), прадметы побыту і рукапісы, а таксама ноты санат для фартэпіяна, якія клапатлівы бацька калісьці падараваў сваёй дачцэ; вершы-прысвячэнні Янку Купалу і Якубу Коласу, а таксама старыя выданні – кнігі з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і музейных фондаў.

Жаночы куток. Фрагмент часовай экспазіцыі.
Жаночы куток. Фрагмент часовай экспазіцыі

Цішка Гартны лічыцца заснавальнікам часопіса. Ён кіраваў выдавецтвам «Адраджэнне», што потым было скасавана і перайменавана ў «Савецкую Беларусь», якое і выпусціла першы нумар «Полымя». Мастак Міхась Філіповіч аздобіў вокладку. Асаблівасцю часопіса было і тое, што пасады галоўнага рэдактара не існавала: усё вырашала рэдкалегія. Прадстаўлена ў экспазіцыі і прэзентацыя першага нумара: можна пагартаць старонкі і азнаёміцца з публікацыямі, паглядзець здымкі, звязаныя з паўсядзённай працай у выданні: прадстаўнікі рэдкалегіі, візіты пісьменнікаў.

Адзін з найцікавейшых 125-гадовых юбіляраў, прадстаўленых у экспазіцыі – Васіль Шашалевіч, брат Андрэя Мрыя, выбітны тэатральны дзеяч. Музейныя рэчы сведчаць пра яго дзейнасць: разам з сям’ёй ён стварыў тэатр у Краснаполлі, які нядаўна адзначыў 102 гады – цяпер ён народны. П’еса В. Шашалевіча “Апраметная” ставілася і ў Маскве. Адно са сведчанняў мінулага – замаляванае імя перакладчыка Васіля Шашалевіча пад вокладкай выдання Чэхава па-беларуску. Перакладчык быў рэпрэсіраваны…

Васіль Шашалевіч. Фрагмент часовай экспазіцыі.
Васіль Шашалевіч. Фрагмент часовай экспазіцыі

Адной з лакацый, што неадольна прыцягвае ўвагу, з’яўляецца так званы жаночы куток. Жанчыны ў той час пачалі актыўна адыгрываць важныя ролі ў грамадскім жыцці, поплеч з мужчынамі ішлі ў літаратуру, палітыку. Нагодай для стварэння стылізаванага кутка стаў 115-гадовы юбілей Наталлі Вішнеўскай. А побач з ёй прадстаўлены найвыбітнейшыя паэтэсы таго часу: Зінаіда Бандарына, Яўгеніна Пфляўмбаўм і Ядвіга Бяганская. Экспазіцыя аздоблена жаночымі строямі і фотаздымкамі. Углядаючыся скрозь прызму часу ў іх лёс, не стамляешся здзіўляцца: як шмат нягод могуць вынесці крохкія жаночыя плечы, які цяжар хавалі ўражлівыя пісьменніцы ў сваіх душах! Тонкі інтэлігентны твар Ядвігі Бяганскай… Яна зазнала пераслед за неданясенне, доўгі час жыла ў высылцы, а яе муж і бацька былі расстраляны. Асоба выбітнай пісьменніцы багата прадстаўлена матэрыяламі з музейных фондаў і БДАМЛМ.

У высылку за рэпрэсіраваным Максімам Лужаніным паехала жонка Яўгенія Пфляўмбаўм. Хаця яны і не жылі разам, Яўгенія пасялілася непадалёк, і суджэнцы ўвесь час ліставаліся… Пасля Яўгенія распавядала пра тыя часы ў інтэрв’ю. Максім Лужанін марыў выдаць яе паэтычны зборнік.

Адметным для 1920-х гадоў стаў выхад з асяроддзя маладнякоўцаў літаб’яднання «Узвышша», якое пачало выдаваць свой часопіс з аднайменнай назвай. Але жанчын яны не друкавалі. А маладнякоўцы, стварыўшы ў 1927 годзе пры часопісе «Полымя» сваё літаб’яднанне з назвай часопіса, актыўна публікавалі ў «Полымі» жанчын. Наталля Вішнеўская, Зінаіда Бандарына, Яўгенія Пфляўмбаўм, былі частымі госцямі на старонках выдання. У экспазіцыі музея прадстаўлены верш галоўнага рэдактара сучаснага «Полымя» Віктара Шніпа, напісаны адмыслова да юбілею часопіса. Куратар выстаўкі Ірына Князева вынайшла спосаб зацікавіць юных наведвальнікаў гісторыяй выдання: на аснове схаваных у паэтычных радках назваў літаратурных твораў, якія калісьці пабачылі свет пад вокладкай часопіса, распрацавала інтэрактыўную гульню. Яна праходзіць як конкурс: кожны імкнецца расшыфраваць як мага больш назваў.

Жаночы куток. Фрагмент часовай экспазіцыі.
Жаночы куток. Фрагмент часовай экспазіцыі

Цяпер культура чытання змяняецца, нашым далёкім папярэднікам і не снілася, што калісьці можа ўзнікнуць пытанне аб тым, што кніга страчвае сваю актуальнасць, маўляў, чытаць можна і ў электронным фармаце. Тым часам літаратары імкнуцца вярнуць моладзь да чытання на папяровых носьбітах: таямніца кнігі ў тым, што чытач пакідае між старонак сваю энергетыку. І сам, у сваю чаргу, убірае ў сябе энергетыку папярэднікаў, адчувае атмасферу мінулага.

– Кнігі прасякнуты духам часу. Рэдагаваныя старонкі захоўваюцца праз эпоху, і ў гэтым іх каштоўнасць, – дзялілася развагамі Ірына Князева падчас экскурсіі.

Адчуць атмасферу іншай эпохі, акунуцца ў яе, паразмаўляць у думках з тымі, хто стварыў для нас тое, што падаецца неад’емнай часткай сучаснасці, – усё гэта магчыма для тых, хто завітае на гадзінку ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры азнаёміцца з мінулым найстарэйшага айчыннага часопіса.

Выстаўка стваралася ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаванага да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое будзе святкавацца ў наступным годзе. У стварэнні часовай экспазіцыі бралі ўдзел таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Музей гісторыі беларускага кіно, Нацыянальная студыя «Беларусьфільм». Выстаўка чакае наведвальнікаў да 25 лютага.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кніжную выстаўку “Іскрыся іскрамі, палай!”, прымеркаваную да 100-годдзя з часу заснавання “Полымя”, можна наведаць да 31 снежня.

Аўтар публікацыі: Марыя Ярашэвіч.
Фота Кастуся Дробава.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Чытайце таксама:

Навіны

У бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка “Репрезентация современного искусства”

29 Вер 2023

29 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі сумесны кітайска-беларускі праект – зборнік “Репрезентация современного искусства”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віншуем з 75-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людмілу Міхайлаўну Мыльнікаву!

29 Вер 2023

Ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Людміле Міхайлаўне – самыя шчырыя віншаванні і пажаданні даўгалецця, бадзёрасці і моцнага здароўя. Няхай будзе больш светлых дзён, прыемных сустрэч, любячых людзей і цёплых абдымкаў. Хай блізкія заўсёды будуць побач, дораць падтрымку і напаўняюць ваша жыццё радасцю і шчасцем!

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Музычнае жыццё гарадоў Беларусі – Віцебск: па матэрыялах газет 1917–1922 гг. Частка 2. Кансерваторыя і іншыя падзеі

28 Вер 2023

У рамках папулярызацыі газетнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і праекта “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны” працягваем знаёміць чытачоў з газетнымі артыкуламі, рэцэнзіямі, аб’явамі і іншымі матэрыяламі 1917–1922 гг. аб музычным жыцці гарадоў Беларусі.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

Супрацоўнікі бібліятэкі наведалі Дні культуры Растоўскай вобласці

26 Вер 2023

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі ўзялі ўдзел у адкрыцці Дзён культуры Растоўскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь. Урачыстасці прайшлі ў Палацы Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам