ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Заснавальнік зоагеаграфіі Беларусі
Водгукі пра XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

“Беларускі салавей”: новая віртуальная экспазіцыя да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі

“Беларускі салавей”: новая віртуальная экспазіцыя да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі
Іншыя навіны

Прадстаўляем новы раздзел віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам “Маладосць” да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Новая віртуальная экспазіцыя праекта прысвечана надзвычай цікавай асобе – пісьменніку, мовазнаўцу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, аднаму з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, сябру літаратурнага аб’яднання “Маладняк” Змітраку Бядулю (1886–1941), 135-годдзе якога адзначаецца 6 мая (па новым стылі).

Мемарыяльная дошка-1.jpg
Мемарыяльная дошка на доме ў вёсцы Пасадзец (Лагойскі раён), дзе нарадзіўся З. Бядуля

Асоба пісьменніка за апошні час стала асабліва актуальнай. 3 лістапада 2020 года ў гадавіну яго смерці адбылася найважнейшая для беларускай культуры падзея: прах пісьменніка нарэшце вярнуўся на радзіму, прайшло яго перапахаванне на Усходніх могілках. Цяпер да ўшанавання памяці Змітрака Бядулі далучылася і Нацыянальная бібліятэка, стварыўшы віртуальны раздзел праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаны юбілею пісьменніка.

Увазе карыстальнікаў прадстаўлены матэрыял пра жыццё і лёс Змітрака Бядулі, асаблівасці яго творчасці. У раздзеле размешчаны 29 алічбаваных кніг Змітрака Бядулі, якія пабачылі свет пры жыцці “маладнякоўца” і сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод іх “Абразкі” (1913), паэтычны зборнік “Пад родным небам” (1922), “На зачарованых гонях” (1923, 1927), зборнік апавяданняў “Дэлегатка” (1928), раман “Язэп Крушынскі” (1929–1932), кніга нарысаў “Дзесяць” (1930), зборнік апавяданняў “Тры пальцы” (1930), “Па пройдзеных сцежках” (1940), а таксама шэраг твораў для дзяцей: знакамітая аповесць “Салавей” (1928, 1932), “Хлопчык з-пад Гродна” (1940), “Люцік” (1941) і іншыя творы.

Звяртаем увагу, што па тэхнічных прычынах прагляд паўнатэкставых дакументаў на партале бібліятэкі часова недаступны.

У раздзеле сабрана літаратура пра жыццё і творчасць З. Бядулі. Для даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца асобай і творчасцю пісьменніка, будуць карыснымі поўныя тэксты матэрыялаў сучасных аўтараў – артыкулы Зоі Мельнікавай, Ігара Шаладонава, Віктара Жыбуля, Анатоля Трафімчыка, Дарыі Карчашкінай, якія размешчаны з дазволу аўтараў.

Надзвычай цікавай з’яўляецца “Фотагалерэя”. Тут можна ўбачыць шэраг каштоўных фотаздымкаў з фондаў партнёраў праекта, сярод якіх фота з сямейнага альбома і групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі. З выяў на нас глядзяць і малады, і больш сталы Змітрок Бядуля, а таксама яго родныя, нашчадкі, сябры…

 Byadulya.jpg Мацвей Плаўнік-3.jpg 
 Змітрок Бядуля. г. Вільня. 1914 г. З фондаў ДМГБЛ Мацвей Плаўнік, брат Бядулі. 30.03.1926. З фондаў ДМГБЛ 

З. Бядуля, М. Каспяровіч, У. Дубоўка.jpg
З. Бядуля, М. Каспяровіч, У. Дубоўка, 1925–1926 г. З фондаў БДАМЛМ

Асобна ў фотагалерэі прадстаўлены лісты і дакументы З. Бядулі, а таксама крытычнае даследаванне яго навуковай дзейнасці аўтарства М. Камінскага. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць усе фотаматэрыялы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.

Ліст да сястры Гені.jpg

Ліст Змітрака Бядулі да сястры Гені Чаржынскай. 23.03.1941. Мінск.
З архіву Рагнеды Маслоўскай, пляменніцы З. Бядулі. ДМГБЛ

Зацікавяць карыстальнікаў каштоўныя фотаздымкі пастаноўкі “Салавей” паводле аднайменнай аповесці З. Бядулі. Прэм’ера спектакля адбылася на сцэне БДТ-1 у 1937 г. Ролі ў ім выконвалі вядучыя артысты тэатра: Л. Рахленка, С. Станюта, Г. Глебаў, М. Зораў, В. Галіна-Александроўская, С. Бірыла і іншыя.

Сцэна са спектакля “Салавей”.jpg
Сцэна са спектакля “Салавей”. Г. Глебаў у ролі Выгорскага (сядзіць у цэнтры), Л. Рахленка ў ролі Салаўя (стаіць трэці злева). Пастаноўка Л. Рахленкі і Л. Літвінава. БДТ-1. 1937 г. З фондаў БДАМЛМ

Памяць пра Змітрака Бядулю захоўваецца намаганнямі цэлага шэрагу культурных і навучальных устаноў. Так, Нацыянальнай бібліятэцы ўдалося наладзіць сувязь з сярэдняй школай аг. Крайска, дзе па сённяшні момант захаваліся каштоўныя экспанаты, звязаныя з асобай пісьменніка, напрыклад, яго аўтограф (фота можна ўбачыць у праекце).

У 2021 г. да юбілею З. Бядулі было рэалізавана ўжо некалькі цікавых ініцыятыў. Так, “Беларуская хатка” (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), дзе з канца 1915 па 1919 г. жыў пісьменнік, арганізавала конкурс “Мастак слова – Змітрок Бядуля” для юных мастакоў ад 6 да 18 гадоў, а таксама літаратурна-дакументальную экспазіцыю “На струнах душы”, прысвечаную 135-годдзю Змітрака Бядулі, якую кожны можа наведаць да 31 жніўня. Сярод мерапрыемстваў – некалькі ініцыятыў Нацыянальнай бібліятэкі: навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, акцыя “Беларускі салавей” з удзелам Яфіма Плаўніка, сына пісьменніка. Сёлета плануецца яшчэ цэлы шэраг падзей, прымеркаваных да 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Запрашаем да знаёмства з праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, дзе вас чакае шмат цікавага пра новага героя нашага віртуальнага рэсурсу!

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

У бібліятэцы адбыўся адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы”

24 Чэр 2021

24 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся рэспубліканскі адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы” з анлайн-падключэннем рэгіёнаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вынікі XXIX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

24 Чэр 2021

22 чэрвеня 2021 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 97 зацверджаны вынікі XXIX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сярэдневяковая паэзія, якая абавязкова вам спадабаецца

24 Чэр 2021

Сярэдневякоўе зачароўвае. Пышныя рыцарскія турніры, высакародныя дамы, легенды пра караля Артура, чума, у рэшце рэшт! Антураж больш чым захапляльны, але мы з ім знаёмыя ў асноўным па празаічных творах. А як наконт паэзіі? Сапраўднай сярэдневяковай паэзіі. Апранайцеся ў латы, доблесныя аматары вершаў: сёння мы ўспомнім пра сем неверагодных еўрапейскіх паэтаў і гераічныя эпасы, якія вы палюбіце з першага позірку.

Аўтарскі погляд

Перасоўная выстава “Лясная песня” адкрылася ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан

22 Чэр 2021

Прэзентацыя інфармацыйна-ілюстрацыйнага праекта “Лясная песня” ў горадзе Нур-Султан была прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

23 Чэр 2021

«Тэатр, як вядома, мае звычай зацягваць у сябе людзей, як зачараваны лес». Думаецца, праўдзівасць гэтага радка з рамана «Вялікае падарожжа Малой» пацвердзіць аўтарка Алена Папова. Ведаюць яе не толькі як драматурга, чые п'есы ідуць па ўсім свеце, перамагаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах, але і як адметнага празаіка. «Таямнічы код прозы Алены Паповай» – гучала ў загалоўку адной з рэцэнзій.

Навіны бібліятэк

22 Чэр 2021

19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Большасць твораў, напісаных аўтарам, – аповесці, дзеянне якіх адбываецца ў час Вялікай Айчыннай вайны. У іх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Быкаў на свае вочы бачыў вайну, таму так ярка і эмацыянальна яму ўдавалася перадаць увесь цяжар ваенных гадоў. Прапануем вам пяць кніг народнага пісьменніка Беларусі, якія праславілі беларускую літаратуру на ўвесь свет.

Навіны бібліятэк

24 Чэр 2021

Наш сёньняшні госьць – знаны дасьледчык беларускае даўніны Сяргей Тарасаў. Справай усяго яго жыцьця стала вывучэньне гісторыі Полацкага княства. А яго новая кніга «Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая. Яе час, яе Крыж» ужо выклікала вялікі розгалас і нават стала сэнсацыяй для многіх чытачоў.

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам
111