ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Навагоднія цуды
Прэзентацыя “энцыклапедыі” беларускай эстрады

Чым маладая беларуская літаратура зацікавіла чэхаславацкую прэсу

Іншыя навіны

У 1920-х гг. з маладой Краіны Саветаў актыўна пракладваліся замежныя маршруты з мэтай расказаць Еўропе і ўсяму свету пра поспехі новага сацыяльнага ўпарадкавання і нацыянальнага будаўніцтва. Адной з кропак на гэтых шляхах была Чэхаславацкая Рэспубліка, у якой пісьменніцкія дыпламатычныя місіі чакала крытычная ўвага з боку многіх партый, карэнных народаў і шматлікай эміграцыі з абшараў былой Расійскай імперыі. Палітычна ангажаваныя выданні, якія з сімпатыяй ставіліся да Савецкага Саюза, з ахвотай выдзялялі свае медыйныя плошчы для знаёмства з маладымі літаратурамі.

 Янка Купала, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Цішка Гартны. Прага, 1927 г.
Янка Купала, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Цішка Гартны. Прага, 1927 г.

Газета «Rudé právo», афіцыйнае выданне камуністычнай партыі Чэхаславакіі, 28 верасня 1927 г. у рубрыцы «Культурны агляд» змясціла здымак з подпісам «Беларускія пісьменнікі ў Празе» і невялікім суправаджальным тэкстам: «Мінулы тыдзень знаходзіліся ў Празе выбітныя беларускія пісьменнікі. Наша фатаграфія прадстаўляе (злева направа): Янку Купалу, М. Зарэцкага, М. Чарота і Цішку Гартнага».

Не толькі назва кароткага допісу, але і выява беларускіх творцаў перайшла з газеты «Rudé právo» ў іншыя, ідэйна блізкія, выданні. Літаратурны часопіс «Kmen» (1927, № 10), які рэдагаваў пісьменнік-камуніст Юліус Фучык, змясціў на сваіх старонках аб’ёмісты артыкул «Беларускія пісьменнікі ў Празе», у якім выказвалася наступнае назіранне: «Апошнім часам Прага стала ўлюбёным месцам візітаў пісьменнікаў з Савецкага Саюза. Да вайны, нягледзячы на трывалыя чэшскарускія стасункі, рэдка хто з рускіх аўтараў па дарозе ў Еўропу наведваў Прагу. Цяпер, на наш погляд, кантакты ажывіліся. У Празе пабывалі рускія пісьменнікі: Ілья Эрэнбург, Маякоўскі, Лідзія Сяйфуліна, Палонскі. Два гады таму прыязджала група ўкраінскіх пісьменнікаў на чале з Тычынам — найбуйнейшым паэтам сучаснай Украіны, а магчыма, і Расіі. А ў гэтым годзе мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі маладой беларускай літаратуры».

Аўтар артыкула, літаратар і журналіст Ёзаф Гора (Josef  Hora; 1891—1945), восенню 1925 г. пабываў у Краіне Саветаў. Спецыфіка творчых узаемаабменаў была для яго добра вядомай на асабістым вопыце. У сябе на радзіме Ё. Гора меў дзелавыя сустрэчы, датычныя ў асноўным выдавецкіх планаў, з У. Маякоўскім, Ц. Гартным, іншымі савецкімі аўтарамі.

Госці з Беларусі асабліва ўражвалі творчую супольнасць Чэхаславакіі: «Якая розніца паміж імі і заходнімі пісьменнікамі, якія прыязджаюць у Прагу! Простыя, яны амаль па-вясковаму выступаюць, дзеці сялянскай краіны, якая паволі абуджаецца ад стагоддзяў прыгнёту, у параўнанні з якім становішча чэхаў пад Габсбургамі было сапраўдным раем. З імі крочыць дух маладога народа, і яны — маладыя, дзеці старой сялянскай краіны і маладой рэвалюцыі».

У адным абзацы Ёзаф Гора здолеў падзяліцца сваім маўленча-камунікатыўным досведам, выказаць крытычнае стаўленне да сучаснай пастаноўкі славянскага пытання і прадэманстраваць уласныя палітычныя сімпатыі: «Вы гаворыце па-чэшску, яны па-беларуску: столькі агульных слоў і каранёў, за якую хвіліну — вы ўжо разумееце адзін аднаго. Аднак хто ў нас, ведаючы пра хвалёную славянскую агульнасць, што-небудзь ведае пра існаванне беларускай літаратуры? А хто ведаў бы пра яе, калі б не адбылася рэвалюцыя, якая вызваліла яе, як і ўсё іншае прыгнечанае, і якая сваім магутным напорам дала гэтай літаратуры пачатак?»

Пра кожнага з чацвёркі беларускіх пісьменнікаў-візіцёраў коратка сказана ў біяграфічных звестках і агульных творчых характарыстыках. У дачыненні да прозы Міхася Зарэцкага — «наймалодшага з чатырохлістніка» — адзначана, сярод іншага, прыналежнасць да «Маладняка», а таксама тэматычны прыярытэт рэвалюцыйных змен, пластыка пісьма і эратычныя дамінанты ў адлюстраванні жыцця. «І ўсе гэтыя чатыры беларусы, самаму маладому з якіх 26 год, а найстарэйшаму 45, нясуць на сваіх абліччах энергічную пячатку жыцця, пройдзенага ў цяжкай барацьбе, насычанага няпэўнасцямі, але і поўнага веры», — падводзіць рысу Ёзаф Гора.

«Літаратурны дадатак да газеты “Савецкая Беларусь”» 15 лютага 1928 г. апублікаваў тэкст «Новая беларуская літаратура» з наступным уводным тлумачэннем: «Пад гэтаю назваю ў нямецкай газеце Чэхіі — газеце, якая распаўсюджана галоўным чынам у дыпламатычных колах усяго свету, з’явіўся артыкул, пераклад з якога мы і змяшчаем». Назва і выхадныя звесткі выдання прыведзены ніжэй: «Prager Presse», 17 снежня 1927 г. (№ 346). Асноўная ўвага ў тэксце (гэта падмацавана і шрыфтавым рашэннем) сфакусіравана на імёнах Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Міхася Чарота. Гаворка пра Міхася Зарэцкага нязмушана ўлучана ў «гартнаўскі» блок: «“Сокі цаліны” павінны былі б з’явіцца першым беларускім раманам. Гэты твор мае пры тым вельмі шырока накіданы план і (наколькі можна судзіць на падставе першых дзвюх частак) — добрую пабудову. Аднак ён застаецца няскончаным — і гонар напісання першага беларускага рамана выпаў на долю Міхася Зарэцкага (“Сцежкі-дарожкі”, якія з’яўляюцца кавалкамі ў часопісе “Полымя”)».

Далей пра маладога пісьменніка — у некалькіх сказах: «Зарэцкі здабыў сабе і ў якасці навелістага пачэснае месца. Яго навелы: “Пад сонцам” (зборнік), “Голы звер” і “У віры жыцця” (новы зборнік выдадзены Дзяржаўным Выдавецтвам на 225 старонак) маюць толькі адну загану: яны занадта моцна падкрэсліваюць мараль і таму парушаюць раўнавагу паміж мэтаю і сродкамі».

Гэта не адзіная публікацыя, прысвечаная беларускай літаратуры, што з’явілася на старонках газеты «Prager Presse». Напрыклад, у нумары ад 11 кастрычніка 1929 г. быў змешчаны аглядны артыкул аб праграмных устаноўках «Узвышша», іх рэалізацыі ў паэзіі, прозе, літаратурнай крытыцы і сатыры.

Абодва нямецкамоўныя артыкулы, закранутыя намі, падпісаны крыптанімам M. H. (кірылічная транслітарацыя — М. Г.). Мяркуем, зыходныя тэксты могуць належаць пяру Максіма Гарэцкага, аўтара «Гісторыі беларускай літаратуры», агляднай крытычнай працы «“Маладняк” за пяць гадоў. 1923—1928».

У 1920-х гг. пісьменнікі замацоўвалі міжнародныя сувязі не толькі перакладчыцкай працай, але і непасрэдным поціскам рук — народнай дыпламатыяй, дзейснай ва ўсе часы. Сляды савецкіх паязджанскіх місій, рассеяныя ў перыёдыцы і архіўных зборах, вартыя пошуку, вывучэння і сучаснага асэнсавання.

Аўтар публікацыі: Мікола Трус.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам