ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Экскурсія “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” напярэдадні дня народзінаў Максіма Багдановіча
Выстава кніг па генеалогіі

Што сапраўды застаецца

Што сапраўды застаецца
Іншыя навіны

12 лістапада ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў вечар “Кругі лёсу Яна Скрыгана”, прысвечаны 115-годдзю пісьменніка, сябра літаб’яднання “Маладняк” і…

… і – галоўнае (галоўнае, што можна і трэба было зразумець, наведаўшы мерапрыемства) – цудоўнага чалавека.

Мы прывыклі глядзець на пісьменнікаў (асабліва тых, хто “застаўся”, чые юбілеі адзначаюцца не толькі сямейным колам) як на… Як на пісьменнікаў: нас цікавіць, што яны напісалі і чым заслужылі вядомасць. Пры гэтым памяць, ды і проста ўяўленне пра пісьменніка як чалавека застаецца недзе “па-за”: па-за старонкамі яго кніг, па-за тэкстамі артыкулаў па яго творчасці, па-за звесткамі энцыклапедый, па-за ўрокамі літаратуры, па-за, па-за, па-за… А трэба іначай: трэба, каб школьнік пачуў ад настаўніцы, што пісьменнік такі-та ішоў такім-та днём такой-та вулкай, сустрэў таго і таго, гаварылі пра тое і тое. Трэба, каб бацькі ці бабулі-дзядулі, мінаючы з унукамі помнік паэту, спыняліся і прачытвалі верш. Трэба, каб хадзіла ў паветры: паэт такі-та (заслужаны і народны) сам квасіў капусту (і пажадана прывесці рэцэпт), у паэткі такой-та любімымі цукеркамі былі такія-та (і шырока разрэкламаваць, і ў крамах на цэнніках указаць – хай паэты купляюць), празаічка такая-та, дарма што феміністкай слыла і дэмакраткай была, вязала кручком сурвэткі і засушвала кветкі. Калі ўжо мы будзем так дбаць пра свае агульнанацыянальныя здабыткі, каб замілоўвацца імі як уласнымі дзецьмі і хваліцца, як аўтамабілямі ды смартфонамі? Калі будзем, тады ўсё будзе інакш…

dsc_0059.jpg

Ага, дык жа вечар 12 лістапада. Хто быў. Адкрыў мерапрыемства Алесь Суша, нагадаўшы прысутным пра наш агульны праект да 100-годдзя “Маладняка” і павітаўшы ганаровую госцю – дачку Яна Скрыгана Галіну Іванаўну Скрыган. Таццяна Лаўрык, аўтар ідэі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і адна з самых непасрэдных яго рэалізатараў, прэзентавала віртуальны раздзел праекта, напоўнены “алічбаванымі” матэрыяламі: кнігамі, фотаздымкамі, выявамі асабістых рэчаў, рукапісамі і іншымі прадметамі, праз якія, зноў жа, хоць і “віртуальна”, можна бачыць чалавека і знаёміцца з ім як з жывым. Варта падкрэсліць яшчэ раз тое, што кожны раз пры чарговай прэзентацыі чарговага віртуальнага раздзела, прысвечанага чарговаму юбіляру “Маладняка”, падкрэсліваецца: любы наведвальнік сайта Нацыяналкі можа карыстацца, і абсалютна бясплатна, усімі матэрыяламі такіх баз, паўнатэкставымі і паўнавартаснымі, у любы час і, што вельмі каштоўна, з любога камп’ютара, то бок, нават не выходзячы з дому. Фонды пісьменніка, яго асабісты архіў, увесь яго набытак, напісанае ім і пра яго – з дастаўкай у любую кропку краіны, так бы мовіць. Трэба вітаць такі падыход, цаніць намаганні і важнасць, а галоўнае – карыснасць праробленай працы. Гэта і ёсць, сярод іншага, тое, што перакрочвае мяжу, узведзеную шматлікімі “па-за”, згаданымі і незгаданымі.

dsc_0091_0.jpg

Цэнтрам увагі вечара стала, канечне, Галіна Скрыган. Бываюць розныя дзеці пісьменнікаў, іх унукі і іншыя сваякі, і па-рознаму яны паводзяць сябе ў дачыненні да юбілеяў вядомых продкаў. Нехта толькі наведвае мерапрыемствы і дзякуе за памяць, нехта іх увогуле ігнаруе, на запрашэнні не рэагуе, нехта становіцца адным з арганізатараў ці, прынамсі, цэнтральным звяном самой юбілейнай праграмы, а то і ўвогуле арганізатарам. Галіна Іванаўна Скрыган прадстаўляе тых, хто і цэнтр увагі, і арганізатар. Вядома, што 28 лістапада ў бібліятэцы № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага адбудзецца вечарына, арганізаваная непасрэдна ёю. Ну, а 12 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Галіна Іванаўна прадстаўляла кнігі, якія яна падрыхтавала і якія выходзілі ў розныя юбілейныя для яе бацькі гады. У тым ліку і фотаальбом – сапраўдны дамашні фотаальбом, толькі ў выглядзе кнігі. Гэты фаліянт Галіна Іванаўна падарыла бібліятэцы.

Услед за Галінай Скрыган выступіў Ян Скрыган. Так, так, малодшы Ян Скрыган, вядомы ў розных краінах як гітарыст. Ён выступіў з відэазваротам і сыграў на гітары мелодыю лістапада. Прыгожа, вельмі прыгожа яна гучала…

Цікавую гісторыю знаёмства з сям’ёй Яна Скрыгана ў сваёй настаўніцкай маладосці на Случчыне расказаў Кастусь Аляксеевіч Цвірка. Кастуся Цвірку ўвогуле трэба слухаць і слухаць, прыходзячы на такія вось вечарыны нават толькі дзеля яго аднаго…

Жыццё любога чалавека, пісьменнік ён ці касманаўт, складаецца з імгненняў. З мірыядаў імгненняў. Нечым жа яны поўняцца… Вельмі важна пра іх гаварыць.

“На хвалі часу, у плыні жыцця” – праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса “Маладосць”.

Аўтар публікацыі: Святлана Воцінава.
Крыніца: Маладосць

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам