ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Улюбёнец і вязень слова
Патрыяршы экзарх усяе Беларусі наведаў Нацыянальную бібліятэку

Водгалас нашага далёкага

Водгалас нашага далёкага
Іншыя навіны

Ці не пра кожнага пісьменніка шмат гавораць яго творы. У паэтаў гэта бачыцца праз лірычнага героя. Думкі, пачуцці, меркаванні, паводзіны таго ці іншага празаіка асабліва добра прачытваюцца тады, калі пэўнага персанажа ён спісвае з сябе. Аднак найбольш поўнае ўяўленне пра тых, каго ўжо няма з намі, ва ўспамінах іх сучаснікаў. Аб тых, хто жыў і працаваў у 20–30-х гадах, найбольш дакладны сведка Ян Скрыган, які пакінуў пасля сябе не адзін дзясятак згадак пра сяброў і блізкіх. Знайшлося ў іх месца і Міхасю Зарэцкаму.

Чытаеш пра яго і быццам бачыш перад сабой: «Высокі і стройны, ён быў абавязкова відзён, але не ростам, а іменна вось гэтай сваёй асаблівай манерай трымацца: і свабодна, і разам з тым скавана. Гаворыць ён весела, ахвоча. […] Хоча памагчы сабе жэстамі, але жэсты вельмі ж стрыманыя… І раптам, забыўшыся […] ён раскіне рукі і зарагоча так непасрэдна, што аж прысядзе. […] Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім».

Яшчэ колькі згадак: «У 1927 годзе гэта быў ужо ў поўным сэнсе слова пісьменнік і інтэлігент. Папулярнасці і славе яго адпавядаў вонкавы выгляд. Апрануты ён быў, як тады казалі, чыста па-еўрапейску: самае моднае элегантнае паліто, блішчастыя пальчаткі і капялюш. А капялюш на той час мала хто насіў, гэта было нават вельмі смела».

Мяркую, што тыя, хто незнаёмы з творчасцю Міхася Зарэцкага, ужо захочуць пазнаёміцца з ёю. Іншым пажадаецца абнавіць сваю памяць. Зрабіць гэта даволі проста. У 1989–1992 гадах выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла Збор яго твораў у чатырох тамах – у вялікіх бібліятэках ён ёсць. Але лепей набыць 18 том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», якая выходзіць у той жа «Мастацкай літаратуры». У ім змешчаны выбраныя творы Міхася Зарэцкага і Андрэя Мрыя.

Ад нараджэння ён, праўда, не Зарэцкім быў. З'явіўся на свет 20 лістапада 1901 года ў сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцьеўны Касянковых. Бацька з’яўляўся дзякам. Мяняючы месца службы, апынуўся ў Зарэччы непадалёку ад Шклова, поруч з Дняпром. Стаўшы пісьменнікам, Міхась і ўзяў сабе псеўданім Зарэцкі.

Талент у яго праявіўся з маленства. Навучыўся іграць на некалькіх музычных інструментах, меў цудоўны голас. Гэта перадалося яму ад бацькоў. Маці ведала шмат цікавых гісторый, народных песень. Бацька ўзначальваў царкоўны хор, захапляўся музыкай і нават сам пісаў музычныя творы. Але хацеў, каб сын выбраў духоўную прафесію. Скончыўшы Аршанскае духоўнае вучылішча, паступіў у Магілёўскую семінарыю. Аднак праз два гады пакінуў яе.

Захапілі рэвалюцыйныя падзеі. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З 1919-га настаўнічаў на Магілёўшчыне, потым загадваў Шклоўскім валасным аддзелам народнай асветы. Затым на шэсць гадоў звязаў лёс з войскам. Як прызнаваўся ў аўтабіяграфіі, «служба ў Чырвонай Арміі адыграла [...] рашучую ролю ў канчатковым фарміраванні маёй псіхалогіі. Бясконцыя блуканні з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзясяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў – усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў шэрагу сваіх апавяданняў».

Пачатак жа творчай працы быў такі: «Першае апавяданне сваё я напісаў зімой у канцы 1921 года. Справа пачыналася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць. Пісаў я доўга і вельмі старанна, абдумваючы кожную фразу, кожнае слова, закрэсліваючы, перакрэсліваючы і г. д. Працэс пісання мяне дужа хваляваў і ў той жа час падтрымліваў свежасць уражання, якое штурхала мяне на гэту працу. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне я паслаў у рэдакцыю газеты “Савецкая Беларусь”, аднак без усякай сур’ёзнай надзеі на яго надрукаванне».

Апавяданне пад назвай «Спатканне» было змешчана ў нумары за 3 лютага 1922 года. Гэта і стала яго дэбютам як празаіка. Першая ж публікацыя «Ці ж так?!» з’явілася амаль месяцам раней, 6 студзеня. У тым годзе ў «Савецкай Беларусі» друкаваўся шэсць разоў. Апроч згаданага апавядання, гэта «Цімка Бабыль», «У Саўках», «Сёння» з падзагалоўкам «Малюнкі з жыцця». Неўзабаве апавяданні з’явіліся і ў іншых перыядычных выданнях. А хутка выйшлі і асобнымі кнігамі. Аператыўнасці, з якой тады працавала Дзяржаўнае выдавецтва БССР, застаецца па-добраму пазайздросціць.

У 1925 годзе з’явіліся кнігі Міхася Зарэцкага «У віры жыцця» і «Пела вясна».

У наступным – тры: «Пад сонцам», «42 дакументы», «Двое Жвіроўскіх».

Ад «малога жанру» хутка перайшоў да напісання аповесцей, раманаў, вялікую ўвагу ўдзяляў публіцыстыцы. Не стаяў убаку ад грамадскага і літаратурнага жыцця. Адзін з арганізатараў літаратурна-мастацкага аб’яднання «Маладняк» і рэдактар аднайменнага часопіса, а пасля ствараў літаратурнае аб’яднанне «Полымя». Актыўна ўдзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе.

І ўсё ж на першым плане заставалася творчасць. Перачытваючы напісанае Міхасём Зарэцкім, лягчэй вызначыць тыя шляхі, якімі ішла беларуская літаратура на зары свайго адраджэння, звязанага з рэвалюцыйнымі працэсамі ў савецкім грамадстве. У яго творчасці адразу вызначыліся дзве важныя тэмы: паказ рэвалюцыйных пераўтварэнняў і раскрыццё лёсаў людзей, якія з розных прычын у новае жыццё ўваходзілі няпроста ці ўвогуле ўвайсці не маглі. Найчасцей гэтыя дзве тэмы ўзаемазвязаны, нярэдка паўстаюць у адным і тым жа творы.

Прыклад – апавяданне «Ворагі». Дыялектыка паводзін галоўных герояў твора – старшыні павятовай надзвычайнай камісіі Паўла Гуторскага і дачкі памешчыка Ніны Купрыянавай – дыялектыка самога тагачаснага жыцця. Ніна кахае атамана Зарубу, чакае ад яго дзіця. Але ж любіць і свайго бацьку. Калі яна выдасць Зарубу, яго абяцаюць выпусціць на волю. Атрымаўся клубок, які нялёгка разблытаць, але Купрыянава разблытвае яго. Пасля доўгіх хістанняў яна пагаджаецца на тое, чаго ад яе патрабуюць.

Гісторыя ў нечым блізкая да пакладзенай у аснову драмы Канстанціна Транёва «Любоў Яравая». Але яна ўпершыню была пастаўлена ў 1926 годзе. Апавяданне ж друкавалася ў газеце «Савецкая Беларусь» у 1923-м. Сітуацыя не прыдуманая. Падчас службы ў арміі Міхась Зарэцкі сустракаў і Гуторскіх, якія, хоць і дзейнічалі паводле абставін таго часу, ведалі цану дадзенаму слову і стрымлівалі яго.

Прыгадваюцца развагі гераіні апавядання «Мар’я»:

«Дзіўная рэч гэта душа чалавека! Нездаволеная, ненасытная, зайздросная... Ці не знойдзецца на свеце такі чалавек, які б ад шчырага сэрца калі сказаў:

– Я шчаслівы, я жыву поўным жыццём, мне больш нічога не трэба.

Не! Здрадлівыя мары заўсёды турбуюць, абураюць, уносяць на сваіх скрыдлах. А куды, да чаго – невядома!..

А пройдуць гады – і схамянецца чалавек. Зірне назад і ўбачыць тое, чаго калісь не прыкмячаў; убачыць прыгажосць, убачыць жыццё светлае, яскравае і з жалем прамовіць:

– Эх, было колісь. Не вернецца болей...»

Апавяданні Міхася Зарэцкага нязменна даюць спажыву для роздуму. Каторае ні возьмеш («У віры жыцця», «Двое Жвіроўскіх», «У Сіўках», «На чыгунцы» і іншыя), абавязкова напаткаеш цікавыя характары. Пісьменнік не прыхарошваў жыццё, не ідэалізаваў сваіх герояў, а прытрымліваўся жыццёвай праўды, якая, стаўшы праўдай мастацкай, рабілася тым магнітам, што не мог не прыцягваць да сябе ўвагу. Найлепшыя апавяданні не толькі карысталіся вялікай папулярнасцю, aле і перакладаліся на іншыя мовы.

Міхась Зарэцкі вітаў новае жыццё, верыў у лепшае, як у адным з першых сваіх апавяданняў «Пела вясна»:

«Пела вясна... Так смела і горда.

Так радасна, шчыра... Смяялася звонка, задорна. Над старым, струхнелым смяялася. Над тым, што баіцца зірнуць у агністы прасцяг, што сонца баіцца гарачага, палкага... Радасна пела вясна».

Аднак часам з’яўляюцца і хмары. I рэзка можа пахаладаць. Таму ў гэтыя жыццесцвярджальныя матывы і ўрываліся трывожныя акорды. Не толькі ў апавяданнях. У аповесці «Голы звер» Міхась Зарэцкі разважае над тым, да чаго можа прывесці чалавека эгаізм, жаданне пабольш урваць ад грамадства, нічога не даючы ўзамен. Не пабаяўся зрабіць галоўным героем адмоўнага персанажа.

Віктар Яроцкі пазбаўлены хоць якой-небудзь маралі. Усёдазволенасць – норма яго паводзін. Са сваім начальнікам старшынёй крэдытнага таварыства Шчупаком ён крадзе дзяржаўныя грошы, п’янствуе, а яшчэ калечыць лёсы людзей. Філасофія Яроцкага – філасофія прыстасаванца: «Ха-ха-ха! Кажуць – так жыві, а не гэтак, тое рабі, а не гэта. Каму якое дзела? Хто мае права мной кіраваць? Я жыву так, як мне прыемна, я хачу ўзяць ад жыцця ўсё, што мне ўцеху дае, асалоду. Якое мне дзела, што людзям дрэнна жывецца! Ха-ха!.. Каб не было дурняў, дык што б тады было рабіць разумнаму?.. Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. I я жыву. I ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... ха-ха-ха! ...гэта ж для дурняў, для апосталаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я – вышэй за ўсіх, гэтых дрындушак... Я – сам сабе пан...».

Далейшае сталенне таленту Міхася Зарэцкага – раман «Сцежкі-дарожкі», дзеянне якога пачынаецца ў Лютаўскую рэвалюцыю і завяршаецца 1920 годам. А гэта, як вядома, звяржэнне царызму, кастрычніцкія падзеі. Храналагічны прынцып падачы матэрыялу дазволіў звярнуцца і да таго, што адбывалася пасля: контррэвалюцыйны мяцеж генерала Карнілава, барацьба супраць нямецкіх і польскіх акупантаў.

«Сцежкі-дарожкі» – раман лёсаў не гістарычных асоб, а жывых людзей. Найбольш аўтара цікавіла месца інтэлігенцыі ў рэвалюцыйных, лёсавызначальных праблемах. Гэта раскрыта праз вобраз былога студэнта Лясніцкага, які, хістаючыся, расчароўваючыся, шукае сваё месца ў рэвалюцыі. Нарэшце апынуўся ў шэрагах бальшавікоў, стаў камісарам вайсковага падраздзялення. Шмат яму дапамаглі ў гэтым рабочы Андрэй і прафесійны рэвалюцыянер-народнік Матрунін. Абодва яны жывуць марай пра новае, справядлівае грамадства. Але ў кожнага ўласны падыход да ажыццяўлення задуманага.

Праўда жыцця дамінуе і ў рамане «Вязьмо», адным з найлепшых у беларускай літаратуры. У цэнтры твора – вобраз дырэктара сямігодкі, сакратара партыйнай ячэйкі Сымона Карызны.

Паміж раманамі «Сцежкі-дарожкі» і «Вязьмо» Міхась Зарэцкі пісаў яшчэ адзін маштабны твор – «Крывічы», урывак з якога быў апублікаваны ў часопісе «Полымя». Хацеў паяднаць гісторыю Беларусі і сучасны яму дзень, задумваўся над працэсамі нацыянальнага адраджэння, таму і даў твору такую назву. Дарэчы, напісаў і драму «Рагнеда». Быў надрукаваны ўрывак з рамана «Смерць Андрэя Беразоўскага», які называўся «Рубеж».

Пражыўшы ўсяго 36 гадоў, Міхась Зарэцкі для літаратуры зрабіў вельмі шмат. У яго ёсць чаму павучыцца і трэба вучыцца. У яго творчасці водгалас нашага далёка ўспрымаецца актуальным для пошукаў сябе ў жыцці і гісторыі.

Аўтар публікацыі: Арсень Вярэніч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам