ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
7 кастрычніка спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Ірыны Ігараўны Курбатавай
Імя табе – Мама

Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў лічбах і фактах: з архіва базы “НББ у прэсе”

Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў лічбах і фактах: з архіва базы “НББ у прэсе”
Іншыя навіны

Сёлета мы адзначалі 15-годдзе пераезду галоўнай бібліятэкі краіны ў новы будынак і актыўна рыхтуемся да яе 100-гадовага юбілею, які будзем святкаваць у 2022 годзе.

Распачалася праца над рэдагаваннем базы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе”, дзе знаходзяцца асобныя артыкулы з перыядычных выданняў з 1922 г. па сённяшні час. У гэтым своеасаблівым архіве перыёдыкі можна знайсці ўнікальныя факты амаль векавой гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі, даведацца пра яе супрацоўнікаў і развіццё бібліятэчнай справы краіны.

Датай заснавання нацыянальнага сховішча ведаў лічыцца 15 верасня 1922 года. Менавіта ў гэты дзень Савет Народных Камісараў Беларускай ССР прыняў пастанову “Аб заснаванні Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і абавязковай рэгістрацыі ўсіх твораў друку, якія выходзяць у межах ССРБ”.

Аднак гісторыя ўстановы пачынае свой адлік ад арганізацыі ўніверсітэцкай бібліятэкі пры створаным увосень 1921 г. Беларускім дзяржаўным універсітэце. У хуткім часе яна набыла статус дзяржаўнай.

Пра ўрачыстае адкрыццё 1 мая 1922 г. Дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі ў новым памяшканні пісалі на старонках газеты “Савецкая Беларусь” ад 29 кастрычніка 1922 г. У гэтым будынку бібліятэка знаходзілася да 1932 г.

1_Jubilejny-dom.jpg
Першы будынак бібліятэкі – Юбілейны дом па вул. Захар’еўскай

2_Suchasny-vyhliad-Jubilejny-dom.jpg
Сучасны выгляд будынка, пр. Незалежнасці, 24

У артыкуле можна прачытаць пра фарміраванне і папаўненне кніжнага фонду, даведацца, што “важнай галінай працы Бібліятэкі” – складаннем картачнага каталога кніг, выдадзеных на беларускай мове альбо пра Беларусь, займалася Беларускае бібліяграфічнае бюро пры бібліятэцы. Агульная колькасць абанентаў установы на той перыяд складала 1 500 чалавек. Адзначым, што лічба вельмі адрозніваецца ад сучаснай, але на той час гэта была вельмі добрая статыстыка.

Пры Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў 1922 г. для рэгістрацыі бягучай друкаванай прадукцыі была створана Беларуская кніжная палата, якая атрымлівала 2 экзэмпляры ўсіх выданняў, што выходзілі на тэрыторыі рэспублікі.

У газеце “Савецкая Беларусь” ад 5 верасня 1924 г. паведамлялася аб заканчэнні складання сістэматычнага каталога, аўтар падкрэсліваў недахопы бібліятэкі – нястачу навуковых выданняў дарэвалюцыйных часоў.

3_Sav-Biel-1924-5.jpg
Белар. Дзярж. Бібліатэка. Савецкая Беларусь. 1924. 5 верас. С. 4

Артыкул Змітрака Бядулі “Ідзеце на выстаўку!” запрашаў у Беларускую дзяржаўную і ўніверсітэцкую бібліятэку на кніжную выстаўку, прымеркаваную да Усебеларускага з’езда Саветаў. Аўтар зрабіў падрабязны агляд экспазіцыі, акцэнтаваў увагу на ўсе цяжкасці пры стварэнні бібліятэкі і на асабісты ўклад у гэтую справу яе кіраўніка – Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага. Распачынаўся агляд выстаўкі з беларускага аддзела.

4_Bieladdziel.jpg
Бядуля, З. Ідзеце на выстаўку! Савецкая Беларусь. 1922. 20 снеж. С. 3.
Фота беларускагаі аддзела. 1925 г.

“Савецкая Беларусь” за 1924 г. запрашала на розныя выстаўкі бібліятэкі: у беларускі аддзел на выстаўку кніг па краязнаўстве, якая была прымеркавана да Усебеларускай краязнаўчай канферэнцыі; на выстаўку літаратуры па навуковай арганізацыі працы. Газета пісала пра добрыя перспектывы папаўнення фондаў бібліятэкі па выніках рабочай паездкі І.Б. Сіманоўскага ў Маскву і Ленінград.

Яшчэ ў 1921 г. І.Б. Сіманоўскі ўзначаліў бібліятэку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым Дзяржаўную бібліятэку БССР. Ён кіраваў бібліятэкай амаль 40 гадоў (з 1922–1937, 1941–1961 гг.), дзякуючы яго намаганням былі сабраны вялікія кніжныя фонды і створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця бібліятэчнай справы.

5_Simanoгski-IB.jpg
Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі

“Дзякуючы энэргічным стараньням загадчыка т. Сіманоўскага, папаўненьне Беларускай дзяржаўнай Бібліатэкі ідзе шырокім тэмпам” (Папаўненьне Беларускай Дзяржаўнай Бібліатэкі. Савецкая Беларусь. 1922. 25 кастр. С. 4).

З першых дзён працы Іосіф Бенцыянавіч шмат увагі надаваў пытанням камплектавання фонду, выкарыстоўваў усе магчымасці, каб атрымаць для бібліятэкі дарэвалюцыйныя навуковыя выданні. Ім  было наладжана камплектаванне фондаў новай літаратурай.

Папаўненне праходзіла і за кошт прыватных бібліятэк. Напрыклад, чытачам сталі даступны кнігі акадэміка Я.Ф. Карскага, выданні па беларусазнаўстве, этнаграфіі і літаратуры прафесара Н.А. Янчука, даследаванні І. Карнілава па беларускай гісторыі, частка кніжнай спадчыны Янкі Купалы, а таксама кнігі з Полацкай езуіцкай акадэміі, Мінскай духоўнай семінарыі, Маскоўскай харальнай сінагогі.

6_Sav-Biel-1922-7.jpg
Дзяржаўная бібліатэка. Савецкая Беларусь.1922. 7 кастр. С. 2

7_Sav-Biel-1922-29.jpg
Сіманоўскі, І.Б. Беларуская Дзяржаўная і Унівэрсытэцкая бібліатэка. Савецкая Беларусь. 1922. 29 кастр. С. 3

7 кастрычніка 1922 г. газета “Савецкая Беларусь” размясціла матэрыял, у якім паведамлялася:

8_Zahadchyku.jpg

Юлія Бібіла, першы загадчык беларускага аддзела, у артыкуле “Беларуская дзяржаўная бібліатэка” прыводзіць статыстыку фондаў, даныя пра аддзелы і чытачоў установы.

9_Sav-Biel-1924-4.jpg
Беларуская Дзяржаўная Бібліатэка. Савецкая Беларусь. 1924. 4 снеж. С. 4

14 мая 1926 г. пастанова “Аб рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі” СНК БССР узаконіла выдзяленне установы са складу БДУ і вылучэнне ў самастойную Дзяржаўную бібліятэку БССР.

Праглядаючы архіў перыядычных выданняў 1927 г., можна знайсці інфармацыю пра адкрыццё ў бібліятэцы выстаўкі кніг, выдадзеных за 10 гадоў існавання савецкай улады.

У часопісе “Полымя” (№ 10 за 1929 г.) знойдзены змястоўны матэрыял – рэцэнзія на “Летапіс беларускага друку, Ч. II: Паасобныя выданні на беларускай мове, 1835–1916 г.г.: (з дадаткам пракламацый і адозваў 1863 і 1905 г.)”. У артыкуле адзначаецца, што зробленая бібліятэкай праца па складанні і выданні летапісу мела надзвычайную каштоўнасць. Раней выйшаў агляд паасобных выданняў 1917–1924 гг., гэта значыць, укладальнікамі былі падлічаны старыя выданні да 1925 г. А з 1924 г. Беларуская кніжная палата пачала выдаваць “Летапіс друку БССР”. Такім чынам, справа выяўлення беларускага друку прынесла добры плён. Аўтар указвае на адсутнасць сістэматычнага паказальніка кніжнай прадукцыі, які быў бы вельмі карысным і палегчыў бы карыстанне летапісам. Яго здзіўляе малы тыраж выдання, патрэбнага для школ, бібліятэк і іншых асветных устаноў.

Аўтар артыкула “Наконт рэцэнзіі на бібліяграфію пэрыодычных выданьняў на беларускай мове” падрабязна разглядае некаторыя крытычныя заўвагі рэцэнзента “Летапісу беларускага перыядычнага друку” і адзначае, што мэтай гэтага выдання было даць арыенціровачны рэгістрацыйны спіс беларускіх перыядычных выданняў. Рэцэнзію на “Летапіс беларускага друку. Ч. IV. Пэрыодычны друк на беларускай мове” (Менск, 1927) можна знайсці ў часопісе “Полымя” (№ 1 за 1929 г.).

У 1929–1932 гг. па архітэктурным праекце Г. Лаўрова вядзецца будаўніцтва новага памяшкання для Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. На старонках часопіса “Прафесійны рух Беларусі” быў знойдзены малюнак будынка.

10_Praf-ruch Bielarusi-1929.jpg
Прафесійны рух Беларусі. 1929. № 22. С. 25

Напярэдадні 100-гадовага юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праца па рэдагаванні і папаўненні базы даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе” працягваецца. Са старонак газет і часопісаў мы можам даведацца, чым жыла бібліятэка сто гадоў таму назад, пра вялікі шлях яе станаўлення, маем магчымасць успомніць імёны тых, хто працаваў і працуе ў галоўным кнігасховішчы краіны і прысвяціў сваё жыццё любімай справе.

Гісторыя галоўнай бібліятэкі Беларусі цесна пераплялася з гісторыяй усёй краіны, бо з дзейнасцю ўстановы звязаны імёны вядомых пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Інфармацыя з перыядычных выданняў БД “НББ у прэсе” будзе карыснай не толькі спецыялістам, але і ўсім, хто займаецца вывучэннем беларускай культуры.


Бібліяграфія:

  1. Бядуля, З. Ідзеце на выстаўку! / З. Бядуля // Савец. Беларусь. – 1922. – 20 снеж. – С. 3.
  2. Дзяржаўная бібліятэка // Савец. Беларусь. – 1922. – 7 кастр. – С. 2.
  3. Здабытак чужаземнай літаратуры // Савец. Беларусь. – 1922. – 7 кастр. – С. 3.
  4. Папаўненьне Беларускай Дзяржаўнай Бібліатэкі / П.Л. // Савец. Беларусь. – 1922. – 25 кастр. – С. 4.
  5. Сіманоўскі, І. Б.  Беларуская Дзяржаўная і Унівэрсітэцкая  бібліатэка / І. Б. Сіманоўскі // Савец. Беларусь. – 1922. – 29 кастр. – С. 3
  6. Белар. Дзярж. Бібліатэка // Савец. Беларусь. – 1924. – 5 верас. – С. 4.
  7. Беларуская Дзярж. Бібліатэка // Савец. Беларусь. – 1924. – 5 лістап. – С. 4.
  8. Беларуская Дзяржаўная Бібліатэка: (Даклад т. Бібілы) // Савец. Беларусь. – 1924. – 4 снеж.. – С. 4.
  9. Выстаўка кніжак па "НОТ" // Савец. Беларусь. – 1924. – 20 лістап. – С. 4.
  10. Няхай, Г. Бібліятэка – выстаўка краязнаўства / Г. Няхай // Савец. Беларусь. – 1924. – 4 снеж. – С. 4.
  11. Выстаўка кнігі // Савец. Беларусь. – 1927. – 10 лістап. – С. 2.
  12. Ю. Бібіла. Летапіс Беларускага друку [рэцэнзія] / М. Стаход // Полымя. – 1929. – № 10. – С. 150
  13. Мачульскі, В. Да выданьня бібліографіі беларускага пэрыодычнага друку / В. Мачульскі // Полымя. – 1929. – № 1. – С. 216–217.
  14. Наконт рэцэнзіі на бібліяграфію пэрыодычных выданьняў на беларускай мове / пад крыпт. Ю.Б. // Полымя. – 1929. – № 3. – С. 170–172.

Больш падрабязную інфармацыю па тэме можна знайсці ў базе даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе”. Акрамя таго, аформіўшы рассылку на згаданы рэсурс, вы будзеце атрымліваць усе навіны пра нашу бібліятэку.

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам