ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Здабылі славу сабе і Радзіму праславілі
Адно вялікае захапленне кнігамі

Бяз'ядзерны свет для новага пакалення

Бяз'ядзерны свет для новага пакалення
Іншыя навіны

З 16 жніўня па 18 верасня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстаўка “Бяз'ядзерны свет для новага пакалення”, прысвечаная Міжнароднаму дню дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў.


Гэты Дзень быў заснаваны 2 снежня 2009 года на 64-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (рэзалюцыя 64/35) і, пачынаючы з 2010 года, штогод адзначаецца 29 жніўня.

З прапановай абвясціць Міжнародным днём дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў 29 жніўня выступіў урад Казахстана. Менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў афіцыйна закрыў выпрабавальны палігон у Сяміпалацінску, дзе былы Савецкі Саюз ажыццявіў 456 выбухаў ядзернай зброі, якія мелі спусташальныя і згубныя наступствы для навакольнага асяроддзя і мясцовага насельніцтва. У праекце рэзалюцыі была вылучана прапанова прысвяціць Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў актыўнай асвеце і інфармаванню людзей пра наступствы выпрабаванняў ядзернай зброі. Для гэтага па ўсім свеце прапаноўвалася правесці мерапрыемствы грамадска-палітычнага і адукацыйнага характару, на якіх палітыкі, грамадскія дзеячы і вучоныя змаглі б мець магчымасць абмяняцца меркаваннямі па пытаннях забароны ядзерных выпрабаванняў і мабілізацыі намаганняў па ўмацаванні міру і стабільнасці на ўсёй планеце.

Такая дзейнасць, па меркаванні аўтараў рэзалюцыі, павінна стаць адным з ключавых сродкаў дасягнення мэты пабудовы свету, свабоднага ад ядзернай зброі. Гэта прапанова атрымала аднадушную падтрымку міжнароднай супольнасці. Суаўтарамі рэзалюцыі сталі 26 дзяржаў, у тым ліку Арменія, Беларусь, Таджыкістан і Туркменістан.

Гісторыя правядзення ядзерных выпрабаванняў пачалася 16 ліпеня 1945 года на выпрабавальным палігоне ў пустыні ў Аламагорда, штат Нью-Мексіка, калі Злучаныя Штаты ўзарвалі сваю першую атамную бомбу. Савецкі Саюз правёў першае выпрабаванне атамнай бомбы 29 жніўня 1949 года. Гэты дзень паклаў пачатак перыяду гонкі ядзерных узбраенняў, або «халоднай вайне», у адносінах паміж СССР і Злучанымі Штатамі. Пікам правядзення ядзерных выпрабаванняў стаў перыяд канца 1950-х – пачатку 1960-х гадоў. Толькі ў 1962 годзе было праведзена 178 выпрабаванняў: 96 ажыццявілі Злучаныя Штаты і 79 – Савецкі Саюз. Ядзерныя выбухі праводзіліся ва ўсіх прыродных асяроддзях: над зямлёй, пад зямлёй і пад вадой.

Падчас «халоднай вайны» было зроблена шмат спроб дамовіцца пра ўсеагульную забарону на правядзенне выпрабаванняў ядзернай зброі. У 1963 годзе згодна з Дагаворам аб абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі былі забаронены выпрабаванні для ваенных і мірных мэт, атмасферныя і падводныя выпрабаванні і выпрабаванні ў космасе. У 1974 г. паміж СССР і ЗША быў заключаны Дагавор аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядзернай зброі, па якім магутнасць падземных выпрабаванняў ядзернай зброі, якія ажыццяўляліся, абмяжоўвалася 150 кілатонамі.

У 1990 годзе Савецкі Саюз прапанаваў устанавіць мараторый на ядзерныя выпрабаванні, які быў узгоднены з Вялікабрытаніяй і Злучанымі Штатамі. 24 кастрычніка 1990 года ў Савецкім Саюзе адбылося апошняе ядзернае выпрабаванне; 26 лістапада 1991 года – у Вялікабрытаніі і 23 верасня 1992 года – у Злучаных Штатах. Францыя і Кітай праводзілі свае апошнія выпрабаванні ў студзені і ліпені 1996 года. За пяць дзесяцігоддзяў, з 1945 па 1996 год, у свеце было праведзена больш за 2 000 ядзерных выпрабаванняў. Яшчэ шэсць прагрымелі ўжо пасля 1996 года, нягледзячы на тое, што быў падпісаны Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў (ДУЗЯВ).

ДУЗЯВ быў прыняты ў 1996 годзе, але дагэтуль не ўступіў у сілу. З 182 краін, якія падпісалі дакумент, яго ратыфікавалі 153 дзяржавы. Для таго, каб ён уступіў у сілу, яго павінны ратыфікаваць яшчэ дзевяць краін: Кітай, КНДР, Егіпет, Індыя, Інданезія, Іран, Ізраіль, Пакістан і ЗША. Дагавор забараняе выпрабаванні ядзернай зброі ў любым месцы – на паверхні зямлі, у атмасферы, пад вадой і пад зямлёй. Уступленне ў сілу дагавора дапаможа сусветнай супольнасці стрымаць узровень выдаткаў на ядзерную зброю і пазбавіць свет ад ядзернай пагрозы.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 дакументаў на рускай, англійскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, буклеты.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Гісторыя стварэння ядзернай зброі. Ядзерныя выпрабаванні. Гонка ядзерных узбраенняў;
  • Ядзернае раззбраенне і нераспаўсюджанне ядзернай зброі;
  • Спыненне ядзерных выпрабаванняў. Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў;
  • Міжнародныя прававыя акты і пагадненні, накіраваныя на нераспаўсюджанне, скарачэнне і спыненне выпрабаванняў ядзернай зброі.

Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне раззбраення і бяспекі, атамнай энергетыкі, міжнародных адносін, а таксама палітолагам, эколагам, сацыёлагам, студэнтам і выкладчыкам ВНУ.

Карысныя спасылкі

Дагаворы па ядзернай зброі і іншыя дакументы

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам