ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Унікальная магчымасць публікацыі ў часопісах адкрытага доступу для аўтараў навуковых прац з Беларусі
Заняткі ў межах конкурсу “Малады беларускі экслібрыс”

Кніга і аўтарскае права ў сучасным свеце

Кніга і аўтарскае права ў сучасным свеце
Іншыя навіны

З 20 красавіка па 23 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстава “Кніга і аўтарскае права ў сучасным свеце”, прысвечаная Сусветнаму дню кніг і аўтарскага права.

Гэты Дзень быў абвешчаны на 28-й сесіі ЮНЕСКА 15 лістапада 1995 года (рэзалюцыя 28 C/3.18) і штогод адзначаецца 23 красавіка пачынаючы з 1996 года.

Сёлета Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права адзначаецца ўжо ў 25-ты раз. За гэты час свята зрабіла сябрамі кнігі вялікую колькасць людзей, якія належаць да розных культур на ўсіх кантынентах.

Мэтай святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права стала прыцягненне ўвагі як урадавых органаў, так і шырокай публікі да кніг як да крыніц атрымання ведаў, сродкаў выказвання і камунікацыі, якія застаюцца асновай актыўнай адукацыі і крытычнага мыслення, нягледзячы на хуткае развіццё больш складаных крыніц інфармацыі. Таксама гэты Дзень падкрэслівае асаблівае значэнне кніг і аўтарскага права ў развіцці культуры свету, талерантнасці і міжкультурнага дыялогу. Дзякуючы перш за ўсё кнізе людзі атрымліваюць доступ да ведаў, ідэй, духоўных і маральных каштоўнасцей, да разумення прыгажосці і творчых дасягненняў чалавека. Носьбіт інфармацыі, аснова адукацыі і творчасці, кніга дае магчымасць кожнай культуры расказаць пра сябе, знаёміць са звычаямі і традыцыямі розных народаў. Кніга – гэта акно ў свет культурнай разнастайнасці, мост, які злучае розныя цывілізацыі ў часе і прасторы.

У гэты Дзень канцэнтруецца ўвага грамадскасці на самых розных аспектах дзейнасці чалавека, звязаных з кнігай, – творчых, выдавецкіх, нарматыўных, палітычных. Колькасць прымеркаваных да гэтага свята мерапрыемстваў і ініцыятыў расце, пашыраецца іх геаграфія правядзення. Сярод самых папулярных у многіх краінах свету – гэта кніжныя кірмашы і выставы, публічныя чытанні твораў сусветных класікаў літаратуры і розныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.

Яшчэ адна цікавая традыцыя, звязаная з гэтым святам. Пачынаючы з 2001-га штогод 23 красавіка аднаму з гарадоў свету роўна на адзін год прысвойваецца ганаровае званне Сусветнай сталіцы кнігі. Прысваенне гэтага звання сведчыць пра жаданне гарадоў садзейнічаць развіццю кнігавыдавецкай справы і чытання, а таксама супрацоўніцтва паміж асноўнымі партнёрамі ў кнігавыдавецкай справе. Горад, названы Сусветнай сталіцай кнігі, павінен садзейнічаць папулярызацыі кніг і чытання і рэалізоўваць праграму адпаведных мерапрыемстваў на працягу аднаго года. Сёлета гэтага звання ўдастоены Тбілісі, які стаў 21-й па ліку Сусветнай сталіцай кнігі. Праграма свята пройдзе пад слоганам “Такім чынам, ваша наступная кніга...?” (Ok. Soyournextbookis…?) і будзе сфакусіравана на выкарыстанні сучасных тэхналогій у якасці інструментаў папулярызацыі чытання сярод моладзі, а таксама сярод чытачоў, якія маюць абмежаваны доступ да кніг.

Развіццё кніжнай справы неаддзельна ад аўтарскага права, без якога кнізе не здабыць свайго законнага месца. Аўтарскае права – маральная і маёмасная ахова твораў інтэлектуальнай працы і іх творцаў – забяспечвае юрыдычныя рамкі, якія садзейнічаюць паляпшэнню ўмоў для развіцця кніжнай справы і аховы інтэлектуальных твораў і іх стваральнікаў.

На выставе прадстаўлена больш за 100 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, буклеты на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Кніга і яе роля ў грамадстве
  • Кніжная культура
  • Аўтарскае права
  • Міжнародныя канвенцыі, дагаворы і пагадненні ў галіне аўтарскага права і кнігавыдання
  • Ахова аўтарскага права, кніжная і выдавецкая справа ў Рэспубліцы Беларусь

Выстава будзе цікавая журналістам, выдаўцам, бібліятэкарам, аўтарам, работнікам кніжнай сферы, а таксама юрыстам, прадпрымальнікам і ўсім, хто цікавіцца выдавецкай справай, абаронай і праблемамі аўтарскага права.

Карысныя спасылкі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам