ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Кампазітар-арганіст
Магія кветак

Лясы свету

Лясы свету
Іншыя навіны

З 1 сакавіка па 12 красавіка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “Лясы свету: рацыянальнае выкарыстанне, захаванне і ўстойлівае развіццё”, прысвечаная Міжнароднаму дню лясоў.


Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 21 снежня 2012 года (Рэзалюцыя A/RES/67/200) і штогод адзначаецца 21 сакавіка, пачынаючы з 2013 года.

Асноўная задача Міжнароднага дня лясоў – павялічыць дасведчанасць жыхароў планеты пра значнасць лясных экасістэм, іх сапраўдны стан, асноўныя меры іх аховы, узнаўленне і аднаўленне.

Лясы – лёгкія нашай планеты. Яны маюць неацэннае экалагічнае, сацыяльнае і эканамічнае значэнне, удзельнічаюць у фарміраванні клімату планеты, забяспечваюць кіслародам, перапрацоўваюць шкодныя выкіды, захоўваюць водныя рэсурсы, з’яўляюцца асяроддзем рассялення раслін і жывёл, забяспечваюць ежу і здаровае асяроддзе для людзей, дапамагаюць захаваць урадлівасць глеб і ландшафты.

Згодна з апошняй Глабальнай ацэнкай лясных рэсурсаў ФАО ААН (2015), агульная плошча лясоў свету складае 3 999 млн гектараў, што адпавядае 30,6 % тэрыторыі сушы, тады як у 1990 годзе лясы пакрывалі да 31,6 % тэрыторыі сушы ці прыкладна 4 128 млн гектараў. Нягледзячы на каласальнае значэнне лясоў, працягваецца іх знішчэнне і нанясенне ім шкоды. Кожны год з паверхні Зямлі знікае 7 млн гектараў прыродных лясоў і 50 млн гектараў лясных угоддзяў пакутуюць ад пажараў, прыродных катастроф, хвароб і іншых прычын. Скарачэнне плошчы лясных масіваў вядзе да непапраўных негатыўных працэсаў, якія маюць глабальнае значэнне для ўсёй прыроды і жыццядзейнасці чалавецтва.

Праблема захавання лесу стаіць сёння ў шэрагу найважнейшых экалагічных задач для ўсіх краін. У апошнія гады тэндэнцыі, звязаныя з абязлесеннем Зямлі, выклікаюць трывогу не толькі ў эколагаў, але і ва ўсёй міжнароднай супольнасці.

У кастрычніку 2000 года быў заснаваны міжурадавы орган высокага ўзроўню – Форум ААН па лясах. Яго функцыямі з’яўляюцца садзейнічанне кіраванню, захаванню і ўстойліваму развіццю лясоў, а таксама ўмацаванне адпаведных доўгатэрміновых палітычных абавязацельстваў.

Дзякуючы міжнароднай палітыцы і супрацоўніцтву дзяржаў свету ў галіне лясной гаспадаркі, гадавыя тэмпы лясных страт скараціліся з 0,18 % напачатку 1990-х гадоў, да 0,08 % у перыяд з 2010 па 2015 год.

Міжнародны дзень лясоў актыўна адзначаецца і ў нашай краіне. Беларусь – лясная краіна, амаль 40 % яе тэрыторыі заняты лясамі. Лясны фонд рэспублікі складае звыш 9 млн гектараў. Штогод у лясах рэспублікі прырастае звыш 28,6 млн куб. м драўніны. Па шэрагу паказчыкаў, якія характарызуюць лесасыравінавыя рэсурсы, Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы.

Штогадовым мерапрыемствам у падтрымку Міжнароднага дня лясоў у Беларусі з’яўляецца акцыя Міністэрства лясной гаспадаркі “Тыдзень лесу”, накіраваная на прыцягненне ўвагі насельніцтва і грамадскіх арганізацый Беларусі да рашэння задач захавання лесу як нацыянальнага багацця.

На выстаўцы прадстаўлена каля 80 дакументаў на рускай, англійскай і нямецкай мовах. Вялікую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя часткі:

  • Лясы і ўстойлівае развіццё.
  • Міжнародныя прававыя дакументы па захаванні і рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў.
  • Міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне захавання ўсіх відаў лясоў.
  • Лясы і іх ахова ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне лясной гаспадаркі, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, навуковым работнікам, аспірантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемай захавання лясоў і біялагічнай разнастайнасці нашай планеты.

Карысныя спасылкі

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам