З 9 жніўня па 14 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Пявучыя струны душы”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга Алеся Ставера (1929–1995).
Аляксандр Сяргеевіч Ставер – адзін з тых зямных працаўнікоў і зорак, якія сціпла ззялі самі і шчодра дзяліліся гэтым святлом з іншымі. Адметнасцю твораў пісьменніка з’яўляецца гістарычная тэма, фальклорная вобразнасць, народныя традыцыі, сюжэтнасць. Аўтар услаўляе гераічныя і працоўныя подзвігі народа. Для паэзіі характэрны выразнасць думкі, шчырасць, тонкі лірызм. Факты асабістай біяграфіі, рамантычныя парывы і рэальнае штодзённае жыццё – усё гэта арганічна спалучаецца ў творчасці пісьменніка.
З літаратурнай спадчынай Алеся Ставера наведвальнікаў выстаўкі знаёміць раздзел “Пра пачуцці свае расказаць”. На экспазіцыйных паліцах – раман “Пад канвоем”, кнігі прозы “Да сваіх”, “Лясныя аповесці”, паэтычныя зборнікі “Золак над Бярозай”, “Ластаўкі перад дажджом”, “Лірнік”, “Жнівеньскі вырай”, “Пад вясёлкавай дугой” і іншыя, а таксама творы пісьменніка ў шматлікіх зборніках і перыядычных выданнях.
Паэзіі Алеся Ставера ўласцівы блізкая да фальклору вобразнасць, гутарковая інтанацыя, напеўнасць, меладычнасць. Многія яго вершы былі пакладзены на музыку і сталі вядомымі песнямі (“Жураўлі на на Палессе ляцяць”, “А мне ў шчасце верыцца”, “Беларусачка” і інш.). Нотныя выданні змешчаны ў раздзеле “Голас сэрца”.
Жыццёваму і творчаму шляху Алеся Ставера прысвечаны раздзел “Быць самім сабой”.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.