ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Сусветныя каштоўнасці з 500-гадовай гісторыяй – у Нацыянальнай бібліятэцы
З юбілеем, захавальніца ведаў!

Шмат моў – адна Еўропа

Шмат моў – адна Еўропа
Іншыя навіны

З 14 верасня па 17 кастрычніка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) будзе прадстаўлена тэматычная выстаўка “Шмат моў – адна Еўропа”, прысвечаная Еўрапейскаму дню моў.


Гэтае свята ўпершыню адзначалася падчас правядзення ў 2001-м Еўрапейскага года моў. Пасля яго завяршэння – 6 снежня 2001 г. – Камітэт міністраў Савета Еўропы пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі ЕС прыняў рашэнне аб штогадовым правядзенні Еўрапейскага дня моў (PA REC_1539 (2001)). Датай святкавання было абрана 26 верасня.

Еўрапейскі дзень моў прысвечаны багатай мазаіцы моў, якія існуюць у Еўропе і па-за яе межамі. Мэта свята – прыцягнуць увагу да багатай моўнай і культурнай разнастайнасці Еўропы, якую варта падтрымліваць, а таксама пашыраць дыяпазон моў, якія людзі вывучаюць на працягу ўсяго жыцця, развіваючы моўныя навыкі і ўмацоўваючы ўзаемаразуменне паміж народамі. Еўрапейскі дзень моў – выдатная магчымасць аддаць належнае ўсім еўрапейскім мовам, уключаючы як рэдкія, так і тыя, на якіх гавораць мігранты.

У працэсе святкавання Еўрапейскага дня моў праходзіць шэраг афіцыйных мерапрыемстваў – прэс-канферэнцыя еўрапейскага камісара па справах шматмоўя, розныя семінары і круглыя сталы, прысвечаныя моўным пытанням. Неафіцыйная частка Дня ўключае разнастайныя акцыі, прысвечаныя шматмоўю, культурныя шоу, канцэрты і банкеты з запрошанымі носьбітамі рэдкіх еўрапейскіх моў.

Захаванне і развіццё моў, у тым ліку малых, дэкларуецца ў якасці афіцыйнай моўнай палітыкі Еўрасаюза. Сярод спосабаў дасягнення гэтых мэт звычайна называюцца вывучэнне больш чым адной замежнай мовы і працяг вывучэння моў у сталым узросце.

Ведаць як мінімум яшчэ адну мову – гэта не проста норма ў сучасным свеце, але і неабходнасць. Дзень моў не толькі нагадвае пра іх шматлікасць, але і заахвочвае да іх вывучэння. Моўныя кампетэнцыі з’яўляюцца неабходным правам кожнага – гэта адзін з галоўных заклікаў свята.

Паводле статыстыкі, сёння на тэрыторыі Еўропы існуе 225 моў, што складае каля 3 % ад сусветных у цэлым. Найбольш распаўсюджана руская мова – на ёй гавораць больш чым 150 млн еўрапейцаў. Далей са значным адрывам ідзе нямецкая мова – каля 95 млн, французская – 66 млн, англійская – 63 млн, італьянская – 60 млн, іспанская і польская мовы – прыкладна па 40 млн носьбітаў. У якасці замежных моў, якімі валодаюць еўрапейцы, вылучаюцца: англійская (38 %), нямецкая (15 %), французская (14 %), руская (7 %), іспанская (5 %), італьянская (3 %).

Рэспубліка Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку па падтрымцы і развіцці беларускай мовы, захаванні культурнай спадчыны беларусаў і лепшых рыс беларускага характару. Разам з развіццём нацыянальнай мовы, у нашай краіне праводзіцца палітыка, накіраваная на падтрыманне моўнай і культурнай разнастайнасці. У рэспубліцы расце патрэба ў вывучэнні замежных моў. Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах Беларусі вывучэнне адной з замежных моў з’яўляецца абавязковым. Асноўнымі мовамі навучання з’яўляюцца англійская, нямецкая, французская і іспанская.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 публікацый на розных еўрапейскіх мовах – кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Мова і шматмоўе ў эпоху глабалізацыі
  • Міжнародныя нарматыўна-прававыя акты, якія заахвочваюць развіццё моўнай разнастайнасці
  • Вывучэнне замежных моў для павышэння ўзроўню міжкультурнага і міжмоўнага ўзаемаразумення
  • Моўная разнастайнасць Еўропы
  • Вывучэнне замежных моў у Рэспубліцы Беларусь

Выстаўка будзе карысная лінгвістам, філолагам, супрацоўнікам устаноў культуры і мастацтва, гісторыкам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца моўнай і культурнай разнастайнасцю.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 26.

Карысныя спасылкі:

Дакументы:

Спіс літаратуры

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам