З 26 лістапада па 12 снежня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) працуе тэматычная выстаўка “СНІД: час дзейнічаць”, прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы супраць СНІДу.
Ідэя правядзення гэтага Дня была прапанавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (САЗ), яе падтрымалі прадстаўнікі 140 краін. Упершыню ён адзначаўся 1 снежня 1988 г. Пасля таго, як на сустрэчы міністраў аховы здароўя краін, што ўваходзяць у САЗ, прагучаў заклік да сацыяльнай цярпімасці і пашырэння абмену інфармацыяй па ВІЧ/СНІДзе, Генеральная Асамблея ААН падкрэсліла важнасць правядзення Сусветнага дня барацьбы супраць СНІДу і ў сваёй рэзалюцыі (A/RES/ 43/15) пастанавіла святкаваць яго 1 снежня штогод.
Гэты Дзень стаў адным з найважнейшых міжнародных дзён, звязаных з пытаннямі аховы здароўя. 1 снежня мільёны людзей ва ўсім свеце аб’ядноўваюцца, каб ушанаваць памяць тых, хто памёр ад ВІЧ-інфекцыі, адзначыць дасягнутыя поспехі ў процідзеянні ВІЧ/СНІДу і пацвердзіць сваю гатоўнасць пакласці канец гэтай эпідэміі.
Па даных ААН, на зямлі налічваецца звыш 35 млн заражаных ВІЧ. Кожны дзень у свеце з’яўляецца 7 400 новых ВІЧ-інфіцыраваных, а 5 500 чалавек паміраюць ад захворванняў, выкліканых СНІДам. Разумеючы ўсё нарастаючыя складанасці, звязаныя з пандэміяй ВІЧ/СНІДу, ААН стварыла ў 1996 г. Сумесную праграму Аб’яднаных Нацый па праблемах ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС). ЮНЭЙДС падтрымлівае доўгатэрміновыя глабальныя праекты па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і СНІДу, дапамагае барацьбе за правы чалавека незалежна ад ВІЧ-статусу, ажыццяўляе дапамогу краінам ва ўсім свеце ў правядзенні даследаванняў па пытаннях ВІЧ/СНІДу.
Кожны год Сусветны дзень барацьбы супраць СНІДу праводзіцца пад рознымі дэвізамі, якія адлюстроўваюць існуючыя ў дадзены момант праблемы. “У напрамку мэты «нуль»” – такая тэма абрана сёлета для правядзення кампаніі Дня. Дасягненне мэты “нуль” – гэта агульная стратэгічная задача ў сферы процідзеяння ВІЧ да 2015 г., сфармуляваная ЮНЭЙДС: “Нуль новых выпадкаў ВІЧ-інфіцыравання. Нуль дыскрымінацыі. Нуль смерцяў з прычыны СНІДу”.
Усяго толькі некалькі гадоў таму сама размова пра тое, што са СНІДам можна пакончыць у найбліжэйшай будучыні, здавалася нерэальнай, аднак навука, палітычная падтрымка і зваротныя меры з удзелам насельніцтва пачынаюць даваць выразныя і адчувальныя вынікі. Па даных ЮНЭЙДС, у 2010 г. колькасць людзей, памерлых ад СНІДу, паменшылася да 1,8 млн, у той час як у сярэдзіне 2000-х гг. – на момант піку – гэтая колькасць складала 2,2 млн. Колькасць новых ВІЧ-інфекцый склала 2,7 млн. Гэта на 15 % менш, чым у 2001 г., і на 21 % менш за колькасць новых ВІЧ-інфекцый у 1997 г., калі эпідэмія дасягнула свайго піку.
Барацьба супраць ВІЧ-інфекцыі актыўна вядзецца і ў нашай краіне. За апошнія некалькі гадоў у рэспубліцы дасягнуты вялікія поспехі ў прафілактыцы і лячэнні ВІЧ-інфекцыі. Прынята Дзяржаўная праграма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011–2015 гг., якая адлюстроўвае мэты, задачы і прыярытэты з улікам спецыфікі распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў краіне. Мэтамі праграмы з’яўляюцца стрымліванне распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь і паніжэнне смяротнасці ад СНІДу.
На выстаўцы прадстаўлена звыш 60 дакументаў міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.
Экспазіцыя складаецца з наступных раздзелаў:
- Эпідэмія СНІДу: глабальны агляд.
- Што такое СНІД, яго ўздзеянне на людзей і грамадства, лячэнне і догляд хворых.
- Прафілактыка ВІЧ/СНІДу.
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў мэтах супрацьстаяння ВІЧ/СНІДу. Дзейнасць ЮНЭЙДС.
- СНІД і правы чалавека.
- Дзяржаўная палітыка барацьбы супраць ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь.
Выстаўка адрасуецца сацыяльным і медыцынскім работнікам, супрацоўнікам праваахоўных органаў, выкладчыкам і студэнтам, педагогам і бацькам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемамі, звязанымі з ВІЧ/СНІДам.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 34.
Карысныя спасылкі
- Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС)
- Дзейнасць ААН па барацьбе супраць ВІЧ/СНІДу
- Пасяджэнне высокага ўзроўню па СНІДзе (8–10 чэрвеня 2011 г.)
- XVIII Міжнародная канферэнцыя па пытаннях ВІЧ/СНІДу (Вена, Аўстрыя, 18–23 ліпеня 2010 г.)
- ВІЧ: Новыя рэкамендацыі САЗ для паляпшэння здароўя, памяншэння колькасці інфекцый і выратавання жыццяў
- Спецыяльная сесія Генеральнай Асамблеі (25–27 чэрвеня 2001 г.)
- ВІЧ/СНІД: матэрыялы Дзіцячага фонду ААН
- ААН працуе, каб спыніць ВІЧ/СНІД
- Сусветны дзень барацьбы супраць СНІДу
Дакументы
- Даклад ЮНЭЙДС да Сусветнага дня барацьбы супраць СНІДу 2011 г.
- Даклад ЮНЭЙДС "Ажыццяўленне мер у адказ на СНІД"
- Даклад аб глабальнай эпідэміі СНІДу (2008 г.)
- Палітычная дэкларацыя па ВІЧ/СНІДзе: актывізацыя нашых намаганняў па выкараненні ВІЧ/СНІДу (2011 г.)
- Палітычная дэкларацыя па ВІЧ/СНІДзе, прынятая на Нарадзе высокага ўзроўню па СНІДзе, 2 чэрвеня 2006 г.
- Дэкларацыя аб прыхільнасці да справы барацьбы супраць ВІЧ/СНІДу, прынятая на 26-й спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі, 27 чэрвеня 2001 г.
- Венская дэкларацыя