З 6 сакавіка па 2 красавіка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) дэманструецца выстаўка “Жанчыны: роўныя правы, роўныя магчымасці”, прысвечаная Міжнароднаму жаночаму дню.
Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 1977 года (рэзалюцыя A/RES/32/142) і штогод адзначаецца 8 сакавіка.
Міжнародны жаночы дзень, або Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын і міжнародны мір ААН – гэта свята, якое шырока адзначаюць ва ўсім свеце як дзень міжнароднай салідарнасці жанчын у барацьбе за эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае раўнапраўе. У некаторых краінах гэты Дзень з’яўляецца нацыянальным святам.
Для жанчын усяго свету гэта яшчэ адна падстава, каб ацаніць, наколькі далёка наперад яны рушылі ў сваёй барацьбе за роўнасць, мір і развіццё. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў дасягнуты значны прагрэс. На сённяшнім этапе прыкладаў прагрэсу – мноства, у значнай ступені ён дасягнуты дзякуючы рашучым намаганням міжнародных арганізацый і грамадзянскага супольніцтва. Так, паўсюдна ў свеце павялічыўся доступ жанчын да адукацыі і якаснай аховы здароўя, узрос іх удзел у аплачваемай працы, стаў больш верагодным удзел жанчын у кіраванні бізнесам, у дзяржаўным кіраванні, а таксама ў працэсе сацыяльнага развіцця. Акрамя таго, у многіх краінах прыняты законы, якія гарантуюць жанчынам роўныя магчымасці і павагу да іх праў.
Тым не менш, зрабіць давядзецца яшчэ нямала. Усё гэтак жа празмерна высокі паказчык мацярынскай смяротнасці, занадта мала жанчын у свеце маюць доступ да паслуг па планаванні сям’і, востра стаіць праблема насілля супраць жанчын і гендарная дыскрымінацыя. Па дадзеных ААН, большасць з 1,3 мільярда абсалютна немаёмнага насельніцтва ў свеце – жанчыны. У сярэднім жанчыны атрымліваюць на 30–40 % менш, чым мужчыны, за выкананне той жа самай працы. Ва ўсім свеце 603 млн жанчын жывуць у краінах, дзе насілле ў сям’і не лічыцца злачынствам.
Сёння галоўны прынцып, які мабілізуе дзейнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заключаецца ў тым, што ні адно трывалае рашэнне найбольш сур’ёзных сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем грамадства не можа быць знойдзена без усебаковага ўдзелу жанчын свету і без прадастаўлення ім усіх праў і магчымасцей. Дасягненне мэты роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі з’яўляецца неад’емным элементам дзейнасці ААН па забеспячэнні гарантаванай і стабільнай будучыні.
Матэрыялы выстаўкі пазнаёмяць чытачоў з гісторыяй стварэння зводу міжнародна-узгодненых стратэгій, стандартаў, праграм і мэт, накіраваных на дасягненне роўнасці паміж мужчынам і жанчынай і закліканых палепшыць становішча жанчын ва ўсім свеце і забяспечыць ім стабільную будучыню.
У экспазіцыі прадстаўлена звыш 100 публікацый ААН, ЮНЕСКА, Савета Еўропы, Еўрапейскага саюза і Сусветнага банка на рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН.
Экспазіцыя змяшчае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Жанчыны свету: гісторыя і сучаснасць.
- Шматгранная роля жанчын у грамадстве (жанчыны ў палітыцы, эканоміцы, сям’і, культуры).
- Міжнародныя прававыя дакументы, накіраваныя на паляпшэнне становішча жанчын.
- Здароўе і адукацыя жанчын.
- Барацьба за ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын.
- Гендарныя праблемы роўнасці палоў.
- Становішча жанчын у Рэспубліцы Беларусь.
Выстаўка будзе цікавай выкладчыкам сацыяльна-палітычных дысцыплін, студэнтам, прававедам, гісторыкам, прадстаўнікам дзяржаўных органаў і няўрадавых арганізацый, а таксама тым, хто цікавіцца пытаннямі гендарнай ідэалогіі і сацыялогіі.
Карысныя спасылкі
- Даклад Генеральнага сакратара "Актывізацыя намаганняў з мэтай выкаранення ўсіх форм насілля ў адносінах да жанчын"
- Даклад Генеральнага сакратара "Папярэджанне насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчынак"
Канцэптуальныя дакументы па правах жанчын
- Усеагульная дэкларацыя праў чалавека (1948 год)
- Канвенцыя аб палітычных правах жанчын (1952 год)
- Канвенцыя аб грамадзянстве замужняй жанчыны (1957 год)
- Канвенцыя аб згодзе на ўступленне ў шлюб, шлюбным узросце і рэгістрацыі шлюбаў (1962 год)
- Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (1979 год)
Дзейнасць ААН
- Кампанія Генеральнага сакратара ААН "Разам пакончым з насіллем у адносінах да жанчын"
- Глабальная стратэгія аховы здароўя жанчын і дзяцей
Мэты развіцця тысячагоддзя
- Падтрыманне роўнасці мужчын і жанчын і пашырэнне праў і магчымасцей жанчын
- Паляпшэнне аховы мацярынства
- Дапаможнік для парламентарыяў: Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і Факультатыўны пратакол да яе
- Жанчыны і свет і бяспека
- Паляпшэнне становішча жанчын
- Камісія па становішчы жанчын
- 60-годдзе Камісіі па становішчы жанчын
Канферэнцыі і мерапрыемствы
- Міжнародны жаночы дзень (8 сакавіка)
- Міжнародны дзень сельскіх жанчын (15 кастрычніка)
- Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын (25 лістапада)
- 49-я сесія Камісіі па становішчы жанчын (Пекін+10) (2005 год)
- Чацвёртая Сусветная канферэнцыя па становішчы жанчын (1995 год)