10 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “100 гадоў італьянскай моды: абутак і сумкі”
Праект падрыхтаваны Пасольствам Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Самая вялікая калекцыя аксесуараў мінулай эпохі найбольш вядомых прадстаўнікоў італьянскай моды і стылю выстаўлена ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх).
Усе экспанаты – “узоры” вялікай італьянскай рамеснай вытворчасці. Знак “Made in Italy” – гэта не толькі славутыя імёны, але і школа высокага майстэрства яшчэ не вядомых свету маладых талентаў.
Экспазіцыю з рарытэтных рэчаў у Мінск прывёз італьянскі калекцыянер, дырэктар фонду “Мастацтва Сарціраны” Джорджыа Форні. Ён прадставіў гасцям калекцыі такіх вядомых брэндаў, як Прада, Дольчэ&Габана, Армані, Версачэ, Гучы, Фэндзі і іншыя. Ужо на працягу многіх гадоў Джорджыа Форні збірае па ўсім свеце рэчы вядомых дызайнераў, якія належалі знакамітым людзям і маюць свае непаўторныя гісторыі. Экспанаты з поспехам “гастралююць” па ўсім свеце – ад Амерыкі да Кітая.
Наведвальнікі выстаўкі змогуць ацаніць зорныя рэчы, напрыклад, сумку-гарбуз Джуліі Робертс, сумку з пёрамі Барбары Стрэйзанд, рукзак Элтана Джона, боцікі Рудольфа Нурыева і Мадоны.
З нагоды ўрачыстага мерапрыемства Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла таксама кніжную выстаўку-прагляд, прысвечаную Італьянскай Рэспубліцы. У экспазіцыю ўвайшло звыш 70 ілюстраваных выданняў, якія спаўна перадалі сакавітасць фарбаў італьянскай прыроды, прыгажосць шэдэўраў архітэктуры і мастацтва.
Сярод іх – фотаальбомы, прысвечаныя Італіі, даведнікі па Рыме, Венецыі, Неапалі, Мілане, Фларэнцыі, альбомы па італьянскім мастацтве, кнігі пра гісторыю Італіі, класікаў сусветнага жывапісу Леанарда ды Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Бацічэлі і мадэльераў Армані, Версачэ, Бенетоне, а таксама пра італьянскую кухню і вінаробства. У экспазіцыі былі таксама прадстаўлены выпускі часопіса “Italia” пра найбольш значныя і цікавыя падзеі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці маляўнічай і сонечнай краіны.
На цырымоніі адкрыцця выстаўкі прайшоў паказ калекцыі моднага адзення “Dmitry Sholokhov for O. Jen”. У гэтай дынамічнай, шматграннай, элегантнай калекцыі знайшоў адлюстраванне творчы саюз вядучага беларускага і паспяховага нью-йоркскага дызайнерскіх брэндаў моднага адзення.
Наведванне выстаўкі дае ўнікальную магчымасць адкрыць для сябе італьянскую моду і зразумець, як яна развівалася на працягу стогадовай гісторыі, заваёўвала свет дзякуючы творчасці і генію майстроў.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 56.