30 мая ў бібліятэцы адбылося адкрыццё выстаўкі “Калекцыя графікі”, якая дэманструе панараму сучаснага беларускага мастацтва, аб’яднанага высокім узроўнем прафесійнага майстэрства аўтараў.
У экспазіцыі – кніжная і станковая графіка, эстампы, экслібрысы і інш., якія адлюстроўваюць актуальны зрэз сучасных графічных прыёмаў, жанраў, тэм і аўтарскіх вынаходак, падкрэсліваюць значную ролю фарміравання калекцый графікі ў беларускай культуры і развіцці выяўленчага мастацтва.
“Калекцыя графікі” прадстаўляе работы сталых і маладых аўтараў, членаў Беларускага саюза мастакоў, выкладчыкаў мастацкіх спецыяльнасцей беларускіх ВНУ і школ, уладальнікаў дзясяткаў узнагарод і ўдзельнікаў соцень беларускіх і замежных выставак, такіх мастакоў, як Таісія Барысава, Генадзь Вяль, Валерыя Жылінская, Уладзіслаў Квартальны, Вольга і Юрый Крупянковы, Марына Мароз, Сафія Піскун, Віктар Саўчанка, Глеб Сідарэнка, Яўгенія Цімашэнка, Фёдар Шурмялёў.
Работы ўражваюць вытанчаным майстэрствам, здзіўляюць глыбінёй мастацкіх рашэнняў. Значная частка экспазіцыі прысвечана кніжнай графіцы, выкананай па матывах вядомых літаратурных сюжэтаў. У экспазіцыі – літаграфіі, прысвечаныя казцы Люіса Кэрала “Аліса ў Краіне цудаў”, афорты, на якіх паўстаюць кананічныя рэлігійна-біблейскія сюжэты, старажытнагрэчаскія міфы і нават прыгоды сусветна вядомага архетыпа – рыцара сумнага вобраза Дон Кіхота, створанага раманістам Мігелем дэ Сервантэсам. Экспануюцца работы, прысвечаныя рускім народным і еўрапейскім аўтарскім казкам: “Царэўна-Лебедзь”, “Чырвоны Капялюшык”, “Бітва мышэй і цацак”. Надзвычайна прыгожыя гарадскія замалёўкі, дзіўныя сюжэты кампазіцый, святло казачнага побыту. Не пакідаюць абыякавымі далікатныя экслібрысы ў мецца-тынце, акватынце, літаграфіі, афорце і змешаных тэхніках, прысвечаныя калекцыянерам, значным асобам беларускай і сусветнай культуры.
Кожная з работ выстаўкі з гонарам можа дапоўніць самыя высакародныя, густоўныя сусветныя зборы. У экспазіцыі “Калекцыі графікі” – аўтарскія шэдэўры, дасягненні, вынаходкі і эксперыменты, на якіх будуецца сучасная гісторыя беларускага мастацтва.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка, мастацтвазнаўца, арт-крытык, арт-дырэктар аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі “Брама”, сябра Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў Ларыса Фінкельштэйн, мастак, друкар “Мастацкага камбіната”, сябра Беларускага саюза мастакоў Віктар Саўчанка, графік, сябра Беларускага саюза мастакоў, старшы выкладчык кафедры “Малюнак, акварэль і скульптура” архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Крупянкова.
Экспазіцыя размешчана ў галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх) да 16 кастрычніка 2023 года.
Дата заканчэння яе працы можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.