12 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы "30 гадоў першай беларускай галерэі", прымеркаванай да юбілею аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі “Брама”.
Выставачны праект – рэтраспектыўны дайджэст 30 гадоў існавання галерэі. На яе рахунку – каля 300 выстаў і канцэптуальных праектаў, у тым ліку міжнароднага фармату. Выставы ўпрыгожвалі фестывалі і прэм’еры, адкрывалі новыя імёны.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава. Яна падкрэсліла, што для бібліятэкі стала добрай традыцыяй супрацоўніцтва з галерэяй “Брама”: “30 гадоў для канцэптуальнай галерэі – узрост, які сведчыць аб зацікаўленасці грамадства ў мастацтве і дае магчымасць ганарыцца вялікай колькасцю яскравых выставачных праектаў”.
Ларыса Фінкельштэйн – куратар выстаўкі, мастацтвазнаўца, арт-крытык, арт-дырэктар аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі “Брама”, член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў – падзялілася найцікавейшымі гісторыямі пра станаўленне і няпросты шлях першай беларускай галерэі, пра яе дзейнасць на нацыянальным і міжнародным узроўнях і абвясціла аб закрыцці галоўнага праекта свайго жыцця – галерэі “Брама”.
Выказаць падзяку за праведзеную працу, па вартасці ацаніць уклад у развіццё беларускага мастацтва, павіншаваць галерэю “Брама” з юбілеем сабраліся калегі, сябры і госці. З цёплымі словамі да прысутных звярнуліся намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па творчай рабоце, мастак-графік Андрэй Басалыга, мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, калекцыянер сучаснага беларускага мастацтва, куратар мастацкіх і музычных праектаў Яўгеній Ксяневіч, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, аўтар дзевяці дакументальных фільмаў, член Міжнароднай акадэміі тэлебачання і радыё Тамара Вяцкая, гісторык мастацтва, куратар выставак, перакладчык і журналіст Юрый Абдурахманаў.
Цёплую атмасферу сустрэчы стварылі творчыя нумары тэатра танца “Отражения”, квартэт саксафонаў “SaXaS” і цыркавая студыя “Белая Русь”.
“Брама” – эпоха і падзея ў беларускай галерэйна-выставачнай прасторы. Юбілей галерэі – сімвал вопыту асэнсаванага спажывання выяўленчага мастацтва беларускім гледачом, які за дзесяцігоддзі назапасіў веды аб беларускай культуры, яе самых бескампрамісных, смелых, выразных, своеасаблівых аўтарах і творах, а таксама аб надзвычайна таленавітым, харызматычным мастацтвазнаўцы – заснавальніцы аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі “Брама” Ларысе Давідаўне Фінкельштэйн.
У экспазіцыі – работы яркіх майстроў: Алеся Родзіна, Андрэя Плясанава, Віктара Саўчанкі, Гаўрыла Вашчанкі, Ізраіля Басава, Марыі Талецкай, Марыны Бацюковай і многіх іншых не менш значных асоб, якія найбольш адпавядаюць духу галерэі і здзейсненым ёй за 30 гадоў праектам. Жывапіс, графіка, інсталяцыі, скульптура, шкло, фарфор, кераміка, дрэва, метал, скура, тэкстыль ствараюць грандыёзную, сапраўды чароўную прастору.
Убачыць апошні выставачны праект зорак беларускага мастацтва і даведацца болей пра гісторыю першай беларускай галерэі можна ў галерэі "Ракурс" (2-гі паверх) да 1 сакавіка 2022 г.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.