7 ліпеня ў бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі арт-пленэра "Лета ў правінцыі".
Плён міжнароднага арт-пленэра “Лета ў правінцыі” прадстаўлены да ўвагі аматараў жывапісу ў галерэі “Ракурс” (2-гі паверх). Больш за 50 работ, выкананых у розных тэхніках і матэрыялах, знаёмяць наведвальнікаў з маляўнічымі месцамі смалявіцкага краю. Менавіта тут ужо пяты раз збяруцца мастакі-выкладчыкі для сумеснай пейзажнай працы. З 7 па 14 ліпеня ўдзельнікі праекта будуць ствараць натурныя эцюды каля рэк і азёр Смалявіцкага раёна. Адтуль і назва V арт-пленэра – “Чыстыя вытокі”.
Сімвалічна, што V арт-пленэр стартуе ў дзень адкрыцця экспазіцыі “Лета ў правінцыі” ў Нацыянальнай бібліятэцы. Можна сказаць, выстаўка не толькі падводзіць вынікі чатырох папярэдніх гадоў, але і ўрачыста адкрывае Пяты юбілейны пленэр “Чыстыя вытокі”.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч падзякавала арганізатарам выстаўкі і адзначыла, што бібліятэка заўсёды з радасцю сустракае экспазіцыі, якія кранаюць душу і адкрываюць наведвальнікам нашу цудоўную краіну.
Словы падзякі ўсім, хто дапамог адбыцца гэтай сустрэчы ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі, выказаў намеснік старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шлыкаў. Ён перакананы, што развіццё эканомікі раёна немагчымае без развіцця культуры. Таму мясцовае кіраўніцтва часта выступае ініцыятарам культурных мерапрыемстваў і заўсёды ідзе насустрач ідэйным творчым людзям. “Тое, што пленэр «Лета ў правінцыі» стаў традыцыйным, – гэта вялікае дасягненне. Таму што гэтая выстаўка дорыць людзям часцінку прыгажосці смалявіцкага краю”, – падзяліўся Аляксандр.
З якой мэтай і для каго быў арганізаваны першы пленэр, як ён развіваўся на працягу пяці гадоў, расказала намеснік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Баранок. “Смалявіцкая школа мастацтваў заўсёды была ў шэрагу перадавых, таму невыпадкова пленэр узнік менавіта ў Смалявічах – жыватворная глеба для яго зараджэння існавала тут даўно”, – адзначыла Святлана.
Куратар выстаўкі, загадчыца мастацкага аддзялення Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Камінская, падкрэсліла важнасць правядзення падобнага пленэра для мастакоў-выкладчыкаў – яны атрымліваюць магчымасць адарвацца ад вучнёўскіх мальбертаў, выкладчыцкай дзейнасці і, з’яднаўшыся з прыродай, праявіць свой талент і выказаць сваё светаадчуванне.
У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік пленэра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Пілюзіна і член Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў і Беларускага саюза мастакоў, заснавальнік першай беларускай галерэі “Брама” Ларыса Фінкельштэйн.
Смалявіцкая зямля – гэта не толькі плённае месца для сустрэчы творчых людзей, але і край юных талентаў. Лепшым пацвярджэннем гэтаму стала выступленне маленькіх музыкантаў і выканаўцаў, якія падарылі гледачам свае творчыя нумары. Прыемным завяршэннем мерапрыемства стаў розыгрыш адной з пленэрных работ.
Знаёмства з экспазіцыяй абуджае самыя добрыя і светлыя пачуцці – ёсць у гэтых палотнах душа народа, таемны смутак па дзяцінстве, праведзеным на вёсцы ў бабулі. Вось такое цёплае і квітнеючае лета ў правінцыі.
Тэлефоны для даведак: (0 817) 293 27 56, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by