6 снежня ў бібліятэцы прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу малюнка “Намалюй свае правы. 70 гадоў Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека”.
Дакумент-юбіляр – адзін з самых важных у гісторыі чалавецтва. Дэкларацыя нават трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса – за 70 гадоў яе перавялі больш чым на 500 моў. У дакуменце адлюстраваны асноўныя правы чалавека: права на жыццё, працу, адукацыю і медыцынскае абслугоўванне, годны ўзровень жыцця і многія іншыя. На аснове гэтага дакумента былі напісаны канстытуцыі многіх краін, у тым ліку Беларусі.
Да 70-годдзя Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сталі арганізатарамі выстаўкі-конкурсу малюнка “Намалюй свае правы”.
На цырымоніі ўзнагароджання намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша нагадаў, што галоўная бібліятэка краіны з 1957 года – дэпазітарый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які захоўвае ўнікальную калекцыю дакументаў ААН, даступную для чытачоў.
Кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі павіншаваў пераможцаў конкурсу і падзякаваў бацькам і настаўнікам за выхаванне ў дзецях павагі да праў і свабод чалавека.
У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел намеснік дырэктара ўстановы адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Левіна, начальнік упраўлення інтэрнэт-рэсурсаў Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Гвардзіян, пераможцы і прызёры конкурсу, бацькі, навучэнцы і педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усіх рэгіёнаў краіны.
У заключным рэспубліканскім этапе конкурсу ўдзел прынялі больш за 500 чалавек ад 6 да 17 гадоў. Іх работы адлюстравалі ідэі, закладзеныя ва Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека. Падарункамі і дыпломамі I, II і III ступені ў дзвюх намінацыях – “Жывапіс” і “Графіка” – былі ўзнагароджаны 30 чалавек. Астатнія ўдзельнікі ўдастоены дыпломаў выстаўкі-конкурсу.
З 7 снежня выстаўка будзе экспанавацца ў мабільнай галерэі (кальцавы калідор 3-га паверха).
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Телэфоны для даведак: (8 017) 293 28 33, 293 28 81.
Е-mail: pr@nlb.by
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.