ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Увага! Акцыя! Зніжка на абанемент у трэнажорную залу!
У кнігі няма канікулаў

Народжаны Палессем, адданы Беларусі: выстаўка памяці мастака Гаўрыіла Вашчанкі

Народжаны Палессем, адданы Беларусі: выстаўка памяці  мастака Гаўрыіла Вашчанкі
Іншыя навіны

21 чэрвеня ў бібліятэцы адкрылася выстаўка Гаўрыіла Вашчанкі "Зямля пад белымі крыламі", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння мастака.

Аднойчы ў Гаўрыіла Іванавіча спыталі: "Якая работа ў вас самая любімая?". "Няма любімых, ёсць найбольш эмацыянальна выпакутаваныя – гэта тыя, што звязаны з маёй малой Радзімай, з маім домам, з маці", – адказаў мастак.

Гэтая думка, выказаная вядомым майстрам, чырвонай ніткай праходзіць праз экспазіцыю "Зямля пад белымі крыламі", што ўпрыгожыла выставачную прастору галерэі "Лабірынт". Эмацыянальная, гарманічная, жыццесцвярджальная, у чымсьці нават рамантычная, яна вяртае да той пары і таго месца, дзе мастак нарадзіўся, спасцігаў жыццё і дзе ўзыходзіла зерне яго неўміручага таленту.

"Летнія радасці" і "Вераснёўскае шчасце". Мастак знаходзіць іх у простых рэчах – дзяўчаты купаюцца ў рэчцы, шчодры грыбны ўраджай на стале. Вось на дарозе сустрэліся дзве бабулі з вёдрамі – хадзілі па ваду – перадаюць адна адной навіны.

Закаханыя на мосце намаляваны са спіны – не абавязкова бачыць іх твары, каб зразумець тыя пачуцці, што іх захапілі. Ды і пад карцінай значыцца – "Без назвы", тут і так усё зразумела. А побач – "Рамантычны пейзаж", "Сярэбраная ноч" і "Блакітам возера свяцілася". Гэта ўсё ён, звыклы для ўсіх манументаліст Гаўрыіл Вашчанка, чуллівы і шчыры, як разгорнутая старонка перад гледачом.

Многія з прадстаўленых работ прысвечаны славутым месцам Беларусі і роднаму краю – "Мірскі замак", "Храм у Сынкавічах", "Навагрудчына", "Браслаўскія азёры", "Палессе". Жыццёвай філасофіяй прасякнуты карціны "Дарогі" і шэры "Восеньскі сум", ад якога так і вее адзінотай і развітаннем.

І над усім гэтым узвышаюцца магутныя "Крылы" – серыя карцін-разважанняў пра тайны быцця. Здаецца, яны нябачна прысутнічаюць на ўсіх работах майстра. Дзіўныя анёлы быццам пакрываюць вялікімі крыламі ўсё дарагое сэрцу мастака – зямлю, прыроду, родных людзей. Анёл-абаронца ўзняў меч і захінуў сабой безабаронных, Анёл-ахоўнік схіліў галаву і скрыжаваў рукі, нібы застыў у малітве, а вось прамяністы Анёл нібы пралівае свет на ўсё, што змяшчаецца пад яго велізарнымі крыламі.

Прайсці жыццёвы шлях і застацца сабой, не здраджваючы радзіме і святым каштоўнасцям, здолее не кожны нават вельмі таленавіты чалавек. Гаўрыіл Вашчанка не толькі здолеў, а зрабіў сваю радзіму больш багатай. Сваім талентам, сваёй творчасцю ўслаўляў і ўслаўляе родны край, працягваючы жыць у памяці людзей і сваіх непаўторных работах.

У вернісажы ўзялі ўдзел намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па інфармацыйных рэсурсах Таццяна Кузьмініч, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Шаранговіч, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Зінкевіч, беларускі мастак-графік, сын Гаўрыіла Вашчанкі Канстанцін Вашчанка.

Прайсціся шляхам мастака і па-новаму адкрыць для сябе яго талент запрашаем да 19 верасня 2018 года.

Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 23.
Е-mail: pr@nlb.by

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам