22 кастрычніка ў бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай мастацкай выстаўкі “Разумны метал”. Аўтарам і куратарам праекта з'яўляецца мастацтвазнавец Ларыса Фінкельштэйн.
Пачалося мерапрыемства нечаканым выступленнем групы “Steel Razor” у стылі “heavy metal”, а затым гасцей выстаўкі ўсхваляваў эмацыянальны пластычны танец у выкананні дуэта “Plastic Energy”. Здзіўляючы і зачароўваючы гледача, артысты ўжо ў пачатку мерапрыемства стварылі ў зале атмасферу супярэчлівых пачуццяў і эмоцый, так неабходных для таго, каб зразумець задумы мастакоў і тайны, што скрываюць іх шэдэўры.
“Усё, што робіць Ларыса Давыдаўна, заўсёды непрывычна і непрадказальна, – успамінала супрацоўніцтва з мастацтвазнаўцам у бытнасць размяшчэння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў старым будынку першы намеснік дырэктара бібліятэкі Алена Далгаполава. – Вось і сёння, пасля доўгай паўзы мы назіраем нешта незвычайнае. Больш за тое, хард-рок у бібліятэцы ў разгар працоўнага дня за восем гадоў існавання будынка зайграў упершыню! А выстаўка сапраўды перахоплівае дыханне”. Алена Далгаполава нагадала гасцям, што экспазіцыя размясцілася на двух паверхах, пасля чаго пажадала далейшых поспехаў і аўтару праекта, і мастакам, якія прадставілі свае творы ў экспазіцыі.
“Праект выспяваў шмат гадоў, ён ахапіў мастакоў усёй рэспублікі, прадставіўшы гледачу ўсе віды мастацтва, – адзначыла аўтар выстаўкі, заснавальнік аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі «БРАМА», якая стала першай беларускай галерэяй, Ларыса Фінкельштэйн. – У аснове канцэпцыі праекта ляжыць новы погляд на метал з пункта гледжання розных відаў мастацтва: у экспазіцыі бяруць удзел не толькі прафесійныя мастакі-«металісты», але і жывапісцы, скульптары-станкавісты, дызайнеры, мастакі тэкстылю”.
Ларыса Давыдаўна пайменна падзякавала ўсім, хто прыклаў намаганні і аказаў дапамогу ў рэалізацыі яе шматгадовай ідэі, і перадала слова свайму старому сябру, народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, рэжысёру-пастаноўшчыку тэатра і кіно Барысу Луцэнка. “Я вельмі рады, што гэты дзіўны чалавек выцягнуў мяне на такую выдатную выстаўку, – падзякаваў ён аўтару праекта. – Касцюмы XIV стагоддзя, іржа на экспанатах як сведчанне бязлітаснасці часу – усё гэта так падзейнічала на мяне! Да мурашоў па целе! Метал сам па сабе вельмі страшны, ім страляюць, бамбяць, рэжуць... А нам паказваюць, што ён можа быць добрым. Мастакі паказваюць, што метал – не толькі разбурэнне, метал – гэта жыццё!”
Да гэтай думкі ў далейшым далучыліся і іншыя выступоўцы, сярод якіх – член Беларускага саюза мастакоў, загадчык кафедры дызайну Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава Леанід Дзягілеў, мастак-авантурыст (як адзначыла Ларыса Фінкельштэйн), рэжысёр і музыкант Андрэй Плясанаў, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, маладая паэтэса Людміла Клачко. Замест доўгіх вусных эмацыянальных выступленняў аўтарскімі песнямі публіку ўразіў мастак-канцэптуаліст, бард Сяргей Шыла. Адну з сваіх музычных кампазіцый – “А у меня от Вас стихи...” – ён адрасаваў Ларысе Фінкельштэйн.
Наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі могуць пазнаёміцца з выстаўкай “Разумны метал” у галерэях “Ракурс” (2-гі паверх) і “Лабірынт” (3-ці паверх) да 24 лістапада 2014 года.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by