10 сакавіка ў галерэі “Атрыум” адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі да 80-годдзя заслужанага мастака РСФСР Віктара Чыжыкава.
Дружалюбны і святочны настрой панаваў на юбілейнай выстаўцы вядомага мастака-графіка, карыкатурыста, аўтара знакамітага алімпійскага Мішкі. Госці, што наведалі мерапрыемства, мелі магчымасць пазнаёміцца з арыгіналамі лепшых работ мастака. Цэнтральнае месца сярод іх занялі маляўнічыя ілюстрацыі да кніг такіх знакамітых дзіцячых пісьменнікаў, як Сяргей Міхалкоў, Аляксандр Волкаў, Карней Чукоўскі, Джані Радары і інш. Ніводзін наведвальнік не застаўся раўнадушным да серыі карыкатур і сяброўскіх шаржаў, выкананых з тонкім пачуццём гумару і любоўю да сваіх персанажаў.
Эмацыянальную прамову, прасякнутую шчырасцю і дабрынёй, сказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Выказаўшы словы падзякі Віктару Чыжыкаву за яго творчасць, ён распавёў прысутным, з якім трапятаннем рыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі выстаўку і як прымалі гэты цудоўны мастацкі свет – з цёплай усмешкай і ўспамінамі пра дзяцінства, добрыя кнігі і казкі.
Графік і жывапісец Георгій Паплаўскі ў сваім выступленні адзначыў, што з вялікім поспехам Віктар мог стаць не толькі мастаком, але і настаўнікам. Яго творы не проста аздабляюць кнігі, а ў першую чаргу нясуць у сабе глыбокі сэнс. “Углядайцеся ў гэтыя карціны і вучыцеся быць выхаванымі і добрыми”, − звярнуўся мастак да прысутных на вернісажы юных наведвальнікаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел выканаўца абавязкаў кіраўніка Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Мічурын, віцэ-прэзідэнт Расійскага фонду культуры Юлія Субоціна-Міхалкова і рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна.
Словы ўдзячнасці ў адрас мастака выказалі госці мерапрыемства – экспазіцыя знайшла водгук у сэрцы кожнага наведвальніка. У ілюстрацыях Віктара Чыжыкава шмат павучальнага як для дзяцей, так і для дарослых. Не адно пакаленне вырасла на кнігах з яго ілюстрацыямі. У асяроддзі яркіх і пацешных персанажаў мастака кожны дарослы змог хоць бы ненадоўга вернуцца ў краіну дзяцінства і адчуць сябе дзіцём. А дзеці, несумненна, напаткалі новага сябра, вялікага фантазёра і выдумшчыка, які ў сілу свайго таленту размаўляе з імі на адной мове.
Віктар Чыжыкаў падзякаваў арганізатарам за магчымасць размясціць выстаўку ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Напрыканцы мерапрыемства заслужаны мастак расказаў гісторыю стварэння легендарнага алімпійскага Мішкі, падарыў гасцям паштоўкі з яго выявай і ўласнымі аўтографамі.
Наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй у галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) да 16 красавіка 2016 года.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 28 33, 293 27 56.
Е-mail: pr@nlb.by