19–20 красавіка на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў машынабудавання і прыборабудавання (г. Каралёў, Маскоўская вобласць) адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Ацэнка і кантроль якасці сканіравання папяровых дакументаў”.
Канферэнцыя была прысвечана праблемам ацэнкі якасці сканіравання папяровых дакументаў, вывучэнню практыкі сканіравання, якая склалася, і патрабаванняў да тэхнічных параметраў сканаў у розных бібліятэках, архівах і іншых арганізацыях, што акумулююць дакументы на папяровых носьбітах.
Мэта канферэнцыі – абагульненне вопыту сканіравання, стварэнне рабочай групы па выпрацоўцы метадычных рэкамендацый для работ па захаванні дакументальнай спадчыны шляхам сканіравання, а ў аддаленай перспектыве – стварэнне міждзяржаўных стандартаў якасці сканіравання.
Рэспубліку Беларусь на канферэнцыі прадстаўляў Касцюкевіч М.Г., які выступіў з дакладам “Вопыт вырабу электронных копій друкаваных дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі: падыходы да сканіравання розных тыпаў дакументаў, тэхнічныя патрабаванні да сканіравання”.
Удзельнікі канферэнцыі абмяняліся меркаваннямі пра магчымыя далейшыя крокі па стандартызацыі патрабаванняў да сканіравання дакументаў. Адной з бліжэйшых задач была прызнана падрыхтоўка да выпрацоўкі метадычных рэкамендацый для работ па сканіраванні і прыцягненне ўвагі шырокай бібліятэчнай грамадскасці на канферэнцыі “Крым-2011” да важнасці рашэння праблем стандартызацыі ў гэтай галіне.