10–12 верасня ў Брэсце праходзіць міжнародная канферэнцыя “Кніга ў фарміраванні інтэлектуальнай культуры народа”. Мерапрыемства прысвечана 1000-годдзю Брэста і наданню гораду статусу “Культурная сталіца Садружнасці 2019 года”.
Арганізатары – Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт і Бібліятэчная асамблея Еўразіі пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва.
Удзел у канферэнцыі прымае дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.
11 верасня Раман Сцяпанавіч выступіў на канферэнцыі з дакладам аб дзейнасці і місіі Нацыянальнай бібліятэкі, задачах і сумесных праектах па папулярызацыі кніжнай і культурнай спадчыны Беларусі. Дырэктар распавёў аб унікальных “кніжных скарбах”, у ліку якіх і факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі (1563), выдадзенай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Выдавецкім домам “Сегмент” пры падтрымцы страхавой кампаніі “Белнафтастрах”.
Арыгінал Берасцейскай Бібліі выдадзены ў Брэсцкай друкарні па загадзе і на грошы канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая “Чорнага” Радзівіла. Кніга сведчыць пра славу, магутнасць і багатую культурную традыцыю Брэста, таму праект быў прымеркаваны да святкавання 1000-гадовага юбілею горада. Факсімільнае выданне важыць 15 кг і налічвае каля 1 500 старонак – гэта самая вялікая кніга ў гісторыі айчыннага друку. З абсалютнай дакладнасцю былі адноўлены памер, папера, рукапісныя надпісы і паметкі, закладка і іншыя асаблівасці арыгінала.
Таксама 11 верасня адбылося выязное пасяджэнне Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі. У рабоце сходу прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі бібліятэк – членаў БАЕ: Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Мадэратарам пасяджэння выступіў віцэ-прэзідэнт БАЕ Раман Матульскі.
Дырэктары і вядучыя спецыялісты найбуйнейшых бібліятэк Садружнасці Незалежных Дзяржаў абмеркавалі падрыхтоўку мадэльнай рэкамендацыі па вызначэнні адзіных падыходаў па пытанні абавязковага экзэмпляра друкаванага выдання ў электроннай форме, а таксама шэраг ініцыятыў, прымеркаваных да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.
Падчас пасяджэння дырэктар “алмаза ведаў” перадаў у дар прадстаўнікам бібліятэк Садружнасці факсімільнае ўзнаўленне першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар” (1618). Выданне раскрывае ўсю значнасць і ўнікальнасць помніка і прызначана садзейнічаць папулярызацыі лепшых узораў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню яго духоўнай спадчыны.
12 верасня ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі пазнаёмяцца з гісторыяй горада-героя Брэста, наведаюць Брэсцкую крэпасць, музей “Бярэсце”, музей гісторыі горада, музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцей і музей чыгуначнай тэхнікі.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.