ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Ствараецца лічбавы архіў газеты “Звязда” за 100 гадоў
Семінар па нарміраванні працы

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі віншуе!

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі віншуе!
Іншыя навіны

Споўнілася 80 гадоў аўтарытэтнаму бібліятэказнаўцу, кандыдату педагагічных навук, прафесару Ліліі Адамаўне Дзямешка.

Бягуць імкліва год за годам…
Ды ў свой чарговы юбілей
Ты не чакай узнагароды:
Ты – узнагарода для людзей.
Ты – для ўсіх нас узнагарода,
Для люду блізкага ўсяго
І для ўсяго свайго народа,
Бо верная дачка яго.
Л.А. Дзямешка “Роднаснай душы”

Высокі прафесіяналізм, шырокая эрудыцыя і актыўная жыццёвая пазіцыя Ліліі Адамаўны выклікаюць заслужаную павагу і з’яўляюцца прыкладам для ўсіх, хто працаваў з ёй доўгія гады, і ўсіх, хто ведае яе. Вядомы вучоны, бібліятэказнавец, яна прайшла шлях ад выкладчыка да прафесара і заслужыла павагу і аўтарытэт не толькі сярод айчыннай бібліятэчнай супольнасці, але і шырока за яе межамі.

Лілія Дзямешка нарадзілася 30 сакавіка 1938 года ў в. Замошша Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння Уздзенскай сярэдняй школы і правучыўшыся год у Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), паступіла на бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), які скончыла ў 1961 годзе. Працавала інспектарам па бібліятэчнай справе ў Мінскім абласным упраўленні культуры, метадыстам у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, галоўным бібліятэкарам навукова-метадычнага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

У 1972 годзе, атрымаўшы пэўны практычны вопыт падчас дванаццацігадовага стажу бібліятэчнай работы, паступіла ў аспірантуру пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Пасля заканчэння аспірантуры з 1976 года працавала выкладчыкам на бібліятэчным факультэце (цяпер факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый) Мінскага інстытута культуры (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў). У 1979 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала навуковую ступень кандыдата педагагічных навук, а ў 1984 годзе – вучонае званне дацэнта. З 1994 года працавала на пасадзе прафесара кафедры бібліятэказнаўства (цяпер кафедра бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці).

Галіна навуковых інтарэсаў Ліліі Адамаўны шырокая. Яна з’яўляецца аўтарам каля 400 навуковых работ у беларускім і замежным друку, навучальных і навукова-практычных дапаможнікаў па пытаннях сутнасці бібліятэчнай прафесіі, сацыяльнай ролі бібліятэкі ў грамадстве, кнігі і чытання ў розных этнічных групах, выхавання і адукацыі карыстальнікаў бібліятэк, інавацыйных і традыцыйных тэхналогій у выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк і доступу да іх, бібліятэчнай тэрміналогіі, рэкламавання бібліятэчнай прадукцыі.

На працягу 36 гадоў Л.А. Дзямешка выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і на працягу 25 гадоў кіравала навукова-даследчай работай кафедры. За гэты час яна распрацавала напрамкі і методыку пяці буйных кафедральных комплексных даследаванняў, у якіх сама прыняла актыўны ўдзел.

Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Ліліі Адамаўны было праведзена даследаванне стану чытання польскай кнігі ў Беларусі і беларускай – у Польшчы, вынікам чаго сталі арганізаваныя Беларускім універсітэтам культуры і Варшаўскім універсітэтам міжнародныя канферэнцыі.

Яшчэ адзін напрамак яе даследаванняў – тэрміналогія ў галіне бібліятэчнай справы, бібліятэказнаўства і кнігазнаўства. У суаўтарстве з прафесарам В.Е. Лявончыкавым і намеснікам дэкана факультэта дадатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Р.І. Саматыя ўпершыню ў Беларусі распрацаваны і выдадзены “Русско-белорусский словарь библиотечных и библиографических терминов”.

Лілія Адамаўна ўдала спалучае навукова-педагагічную дзейнасць з творчай. Яна – паэтэса. Вершы яе, лірычныя, прасякнутыя любоўю да маці, роднай зямлі, беларускай мовы, сяброў і калег, публікуюцца на старонках перыядычнага друку, а таксама ўваходзяць у зборнік “Мелодии” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (1996) і сістэматычна – у выданні творчага аб’яднання ўніверсітэта “Букет” – “Завіруха кропель” (2004), “Каліва” (2005), “Кветка ў мегаполісе” (2006), “Дар зямны” (2007), “Весніцы” (2008). У 2012 годзе выйшаў з друку яе зборнік вершаў “Мне жыццё ўяўляецца полем”.

Уклад Л.А. Дзямешкі ў развіццё бібліятэчнай справы краіны, праца па захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны атрымалі высокую ацэнку дзяржавы. Сведчанне таму – уручаныя ёй узнагароды: медаль “Да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна” (1970), Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1995).

Ліліі Адамаўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя цёплыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і сіл, творчага натхнення, шчасця і дабрабыту!

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам