ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Жадаю шчасця!
Прэм’ер-міністр павіншаваў бібліятэкараў Беларусі

Лепшыя бібліятэкары краіны атрымалі ўзнагароды

Лепшыя бібліятэкары краіны атрымалі ўзнагароды
Іншыя навіны

15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сабраліся бібліятэкары са ўсіх куточкаў краіны, каб адзначыць прафесійнае свята – Дзень бібліятэк, адпачыць душой сярод калег і аднадумцаў, атрымаць заслужаную ўвагу.

Падзяліць радасць свята і ўзнагародзіць лепшых з лепшых за прафесіяналізм і бездакорнае служэнне бібліятэчнай справе сёння прыйшлі высокія госці з міністэрстваў і ведамстваў.

Словы віншавання прагучалі ад Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Р.А. Галоўчанкі. У прывітальнай прамове Раман Аляксандравіч падзякаваў бібліятэкарам за адданасць высакароднай і важнай справе, падкрэсліў, што работа бібліятэк заўсёды накіравана на ўмацаванне духоўна-культурных і маральных каштоўнасцей грамадства, а дасягнутыя поспехі бібліятэк Беларусі ў папулярызацыі кнігі і чытання – гэта велізарная праца прафесіяналаў.

За шматгадовую плённую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўзнагародзіў Нацыянальную бібліятэку Беларусі Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама ўручыў сертыфікат на 100 тыс. рублёў для набыцця планетарнага кніжнага сканера для фарміравання Нацыянальнай электроннай бібліятэкі і Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Падзяку Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы атрымалі загадчык агульнай чытальнай залы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага Тамара Васільеўна Глазкова, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Марына Эдвардаўна Ігнатовіч, дырэктар Чавускай бібліятэчнай сеткі Алена Уладзіміраўна Максімовіч.

З нагоды прафесійнага свята Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала каштоўны падарунак ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь: намеснік начальніка ўпраўлення Расіі Вольга Іванаўна Далгаполава перадала ў фонд бібліятэкі рарытэтнае выданне “Жезл правления” – самую знакамітую друкаваную кнігу XVII стагоддзя, найбольш вядомую працу дзяржаўнага, царкоўнага і культурнага дзеяча Беларусі і Расіі Сімяона Полацкага.

Цёплыя словы віншаванняў з Днём бібліятэк прагучалі ад начальніка аддзела кадраў і дзяржаўных узнагарод Міністрэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксаны Уладзіміраўны Лісянковай. За шматгадовую плённую дзейнасць і значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адзначыла падзякай Салігорскую раённую цэнтральную бібліятэку. За шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’яўлена бібліятэкару аддзела літаратуры па мастацтве Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Таццяне Алегаўне Дземідзенка. Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры ўзнагароджана загадчык аддзела абслугоўвання навучэнцаў 1–5 класаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Наталля Васільеўна Нікіціна. За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры і мастацтва нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўзнагароджаны загадчык аддзела літаратуры па мастацтве Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Алег Валянцінавіч Ананьеў.

asiarodak15092021_7.JPG

Старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Генадзьевіч Кулажанка павіншаваў калег і ўзнагародзіў ганаровай граматай Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё бібліятэчнай справы Рэспублікі Беларусь загадчыка Дзіцячай бібліятэкі №3 Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Людмілу Леанідаўну Шугаеву і заслужанага работніка культуры, ветэрана бібліятэчнай справы Уладзіміра Мікалаевіча Сароку.

Сардэчныя віншаванні і шчырыя пажаданні бібліятэкарам рэспублікі прагучалі сёння і ад першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А.А. Стэльмах. За высокі прафесіяналізм у справе прапаганды айчыннай літаратуры Алена Анатольеўна ўручыла падзякі Саюза пісьменнікаў Беларусі дырэктару Уздзенскай цэнтральнай бібліятэкі імя П. Труса Аксане Валер’еўне Драчан і калектывам Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі і  Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска.

У межах мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў ХХІХ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Сёння конкурс – гэта не толькі пацверджанне выключнасці і індывідуальнасці бібліятэк, дэманстрацыя дасягненняў, але і абмен вопытам, самаацэнка сваёй работы, адкрыццё новых гарызонтаў, прыцягненне новых карыстальнікаў, стымул для творчасці і прафесійнага росту бібліятэкараў. Пераможцамі сталі 24 публічныя бібліятэкі ў чатырох намінацыях: “За падтрымку і развіццё чытання”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, “За пошукавую і даследчую працу”, і “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. З вынікамі конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” можна азнаёміцца тут.

asiarodak15092021_8.JPG

У фае канферэнц-залы да свята была падрыхтавана выстаўка конкурсных работ, якія змяшчаюць уласныя распрацоўкі (праграмы, праекты), рэкламную і інфармацыйную прадукцыю. Гэтыя матэрыялы выразна адлюстроўваюць, як рэалізуецца патэнцыял работы бібліятэк у справе адраджэння нацыянальнай культуры, гісторыі, літаратуры, мовы, фальклорна-этнаграфічнай спадчыны.

Да Дня бібліятэк канцэртную праграму падрыхтавалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алег Сямёнаў і вакальна-інструментальны ансамбль “Верасы”.

Свята атрымалася светлым і радасным, поўным прыемных момантаў і падарункаў.

Паважаныя калегі! Шчыра віншуем вас з высокімі ўзнагародамі, дзякуем за энтузіязм і любоў да прафесіі. Поспехаў вам і новых працоўных перамог!

ontontont.JPG

Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.


Навіны

Апублікавана праграма кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”

20 Кас 2021

Апублікавана праграма VІІ Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”, які пройдзе 21–22 кастрычніка 2021 года на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бунтар, правакатар, геній

20 Кас 2021

З 20 кастрычніка па 30 лістапада ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “Бунтар, правакатар, геній”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння іспанскага мастака Пабла Пікаса (1881–1973).

Кніжныя выстаўкі

Мір, годнасць і роўнасць на здаровай планеце

14 Кас 2021

З 14 кастрычніка па 30 лістапада ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Мір, годнасць і роўнасць на здаровай планеце”, прысвечаная Дню Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кніжныя выстаўкі

Першы беларускі

20 Кас 2021

Да 100-годдзя з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на трэцім паверсе кальцавога калідора бібліятэкі арганізавана выстаўка “Першы беларускі”.

Кніжныя выстаўкі

Запрашаем паслухаць голас Кузьмы Чорнага

18 Кас 2021

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” і раздзел, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, папоўніўся каштоўнымі матэрыяламі. Дзелімся з усімі зацікаўленымі чарговымі навінкамі.

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Метадычнае суправаджэнне дзейнасці публічных бібліятэк

18 Кас 2021

13–14 кастрычніка ў рамках метадычнага суправаджэння дзейнасці публічных бібліятэк спецыялісты навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі бібліятэкі Віцебскага рэгіёна.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам