ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Дзённікі літаратурнага конкурсу “Беларускі салавей”
Што вядома аб беларускіх продках Дастаеўскага

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 4

Музею кнігі – 15 гадоў. Частка 4
Іншыя навіны

Сёлета музею кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спаўняецца 15 гадоў. Гісторыя музея – важная частка гісторыі бібліятэкі. Працягваем серыю публікацый-успамінаў ад яго стваральнікаў.

У стварэнні і развіцці кніжнай скарбніцы прымалі ўдзел многія спецыялісты. Першымі падзяліліся ўспамінамі Таццяна Рошчына і Таццяна Сапега, у другой частцы Наталля Марцынкевіч і Марыя Шопіна, у трэцяй – Таццяна Захарава і Галіна Лыскавец. Сёння ж прапануем вашай увазе працяг – успамін ад Галіны Кірэевай.

Успамін № 7

Аўтар: Галіна Кірэева
З 1980 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у 2003–2018 гг. загадчыцай навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. У 2013 г. узнагароджана медалём Францыска Скарыны. Працягвае служэнне ў аддзеле галоўным бібліёграфам.

Kirejeva-1.jpg
Галіна Кірэева на выставе “Францыск Скарына і яго эпоха”. 2017 г.

Я прыйшла ў аддзел рукапісаў, старадрукаваных і рэдкіх выданняў (так тады называўся навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства) у чэрвені 1983 г. У гэты час там дзейнічала выстава, на якой былі прадстаўлены рэдкія выданні. Але праз некалькі гадоў павялічылася колькасць чытачоў, і яе прыйшлося закрыць. На памяць пра яе засталіся планшэты, калісьці вырабленыя для выставы, прысвечанай Мікалаю Гусоўскаму, а таксама стары гадзіннік і макет помніка Францішку Скарыне. Усе яны доўгія гады стваралі ў чытальнай зале своеасаблівую аўру свету старой кнігі, у якую адразу траплялі нашы чытачы. Але мары аб стварэнні музея кнігі заставаліся.

Chytzala-staradrukau.JPG
Чытальная зала аддзела рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў у старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Kirejeva-2.jpg
Галіна Кірэева за рабочым сталом аддзела рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў у старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У 2007 г. музей стаў структурнай часткай навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, што лагічна, бо ў аддзеле працуюць спецыялісты, якія даследуюць і ведаюць кнігу. Старую кнігу нельга доўга экспанаваць, таму неабходна пастаянна працаваць над абнаўленнем экспазіцыі і кансультавацца са спецыялістамі. Людміла Іванаўна Станкевіч дапамагала музейшчыкам падбіраць рукапісныя кнігі, Таццяна Іванаўна Рошчына і Наталля Сяргееўна Саверчанка – заходнееўрапейскія выданні, Ірына Яўгенаўна Вашкевіч – старадрукаваныя польскія выданні і кнігі з калекцыі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Наталля Іванаўна Раманава – кнігі рускага грамадзянскага друку, я і Таццяна Карнілава дапамагалі ў падборы кніг кірылічнага друку.

Kirejeva-3.jpg
Галіна Кірэева і Наталля Раманава падабралі кнігі і прывезлі ў музей кнігі для стварэння экспазіцыі. 2006 г.

Экспазіцыі стваралі нашы спецыялісты-музеязнаўцы Таццяна Мікалаеўна Захарава і Марыя Міхайлаўна Шопіна. Таццяна Андрэеўна Сапега, хоць мела бібліятэчную адукацыю, займалася канцэптуальнымі пытаннямі функцыянавання музея кнігі і пасля стала адным з найбуйнейшых спецыялістаў музейнай педагогікі. Гэта даказвае тэзіс, што прафесія бібліятэкара можа ахопліваць розныя вобласці ведаў і толькі ад чалавека, яго імкненняў, ведаў, захопленасці залежыць, чаго ён дасягне і што будзе ў будучыні ўяўляць з сябе. У сектары музейнай дзейнасці склалася вельмі моцная каманда спецыялістаў, крэатыўная, поўная энтузіязму, якая імкнецца прадстаўляць музей як свет кнігі, які раскрывае ўсе гістарычныя этапы яе бытавання. Не сакрэт, што раней лічылася, што ў Беларусі мала чаго захавалася з кніжных помнікаў. Так-то яно так, але ж і захавалася нямала, і ўсё гэта багацце трэба было з любоўю і добра паказаць, расказаць цікава і захапіць наведвальніка кнігай і яе гісторыяй, каб яму яшчэ не раз захацелася вярнуцца ў музей на новыя выставы.

Kirejeva-4.JPG
Таццяна Сапега, Галіна Кірэева і Таццяна Захарава на XX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Люты 2013 г.

Я як загадчыца аддзела часта праводзіла экскурсіі ўрадавым дэлегацыям, палітыкам, навукоўцам, царкоўным дзеячам і г.д. Я нават на ўсялякі выпадак на працы заўсёды мела дзелавы пінжак, таму што ў любы момант трэба было ўстаць і праводзіць экскурсію. Для некаторых наведвальнікаў гэта проста было пратакольнае наведванне, а некаторыя праяўлялі вялікую зацікаўленасць, не спяшаліся сыходзіць і задавалі шмат пытанняў.

Kirejeva-5.jpg
Галіна Кірэева праводзіць экскурсію для Чжоу Сяочуань, аднаго з найбольш уплывовых эканамістаў свету, кіраўніка Народнага банка Кітая (2002–2018).
8 студзеня 2008 г.

Kirejeva-6.jpg
Галіна Кірэева сустракае ў музеі кнігі Эльжбету Радзівіл. 2009 г.

Вельмі важным для мяне аказалася знаёмства з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым, які выдатна ведае гісторыю беларускай літаратуры і кнігі. Наша невялікая экскурсія ператварылася ў нязмушаную размову пра лёс кніжных збораў краіны і нашай гісторыі.

Запомнілася экскурсія для іранскай дэлегацыі, калі ўсе суправаджаючыя былі ў чорных касцюмах, а прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран Махмуд Ахмадзінежад – у светлым. Яму было цікава ўбачыць калекцыю нашых усходніх рукапісаў, бо ён калісьці выкладаў Каран у школах.

Блішчалі вочы і ў спадара Генадзя Зюганава, калі ён убачыў у вітрыне аўтограф Максіма Горкага. А калі ў размове раптам высветлілася, што я некалькі гадоў таму была ў тургенеўскіх месцах, у Спаскім-Лутавінаве, размова пра літаратуру зацягнулася, і суправаджаючыя дэлегацыю пачалі нервавацца – пара было сыходзіць, і я апынулася парушальніцай пратаколу.

У верасні 2009 г. у музеі кнігі была адкрыта выстава мініяцюрнай кнігі “Азербайджан, Беларусь і сусветныя класікі ў мініяцюрнай кнізе”, падрыхтаваная дзякуючы супрацоўніцтву з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы. Менавіта тады я пазнаёмілася з дзіўнай жанчынай – Зарыфой ханум Салахавай. На выставе былі прадстаўлены выданні з прыватнага Музея мініяцюрнай кнігі ў г. Баку, стваральніцай якога і была Зарыфа Тэймураўна. У рамках прэзентацыі яна перадала ў дар нашай бібліятэцы мініяцюрныя кнігі і шэраг выданняў, прысвечаных гісторыі і культуры Азербайджана. Гэта была наша першая сустрэча, затым былі і іншыя. Яна часта прыязджала ў Мінск і заўсёды заходзіла да нас у аддзел з падарункамі. У Баку яна супрацоўнічала з друкарняй, у якой магла выдаваць мініяцюрныя кнігі, якія яна прэзентавала ў розных краінах і дарыла. У мяне на паліцы стаіць адна з такіх маленькіх кніжачак з дароўным надпісам – “Зарыфа Салахава – служэнне кнізе і адданасць справе”. Ёй вельмі хацелася выдаць нешта і з беларускай літаратуры. Таццяна Васільеўна Кузьмініч прапанавала надрукаваць “Жалейку” Янкі Купалы, і мы перадалі ёй электронную копію выдання 1908 г. Двухтомнік выйшаў у свет у год 130-годдзя беларускага класіка ў выдавецтве “Indigo” (Азербайджан, г. Баку) накладам усяго 50 асобнікаў і адразу стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Вядома, прэзентацыя кнігі прайшла ў нашай бібліятэцы ў прысутнасці выдаўца.

Kirejeva-7.jpg
Зарыфа ханум Салахава і Галіна Кірэева ў музеі кнігі. 2010 г.

Яркімі былі яшчэ дзве сустрэчы з Зарыфой ханум Салахавай. Адна з іх адбылася напярэдадні святкавання 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання. Тады Зарыфа ханум прапанавала выдаць кнігу Францыска Скарыны. І мне падалося, што лепш за ўсё, каб гэта была “Книга Юдифь”, выдадзеная ў 1519 г. у Празе. Яна невялікая па аб’ёме, усе пераклады былі, электронная копія таксама. Прадмова Францішка Скарыны ўключае словы, якія ўсе ведаюць, мабыць, з дзяцінства: “Звери ходящие в пустыни знают ямы своя…”. Кніга прасякнута любоўю да Радзімы, да свайго народа, да таго кутка зямлі, дзе нарадзіўся і вырас. І вось 23 верасня 2017 г. у мінскай краме “Светач” адбылася прэзентацыя мініяцюрнага выдання “Кніга Юдзіфі” Францыска Скарыны, выдадзенага дзякуючы ўдзелу бібліятэкі і Кангрэса азербайджанскіх суполак Рэспублікі Беларусь. Гэта была субота, цёплы восеньскі дзень, прысутнічала шмат людзей, і мне нават давялося выступаць. А потым усе пабеглі па сваіх справах, імкнучыся прадоўжыць лета. Я таксама ў гэты дзень планавала паехаць за горад, у госці, але засталася з Зарыфой ханум. Мы паабедалі, а потым паехалі ў бібліятэку. Мы пахадзілі па выставе “Францыск Скарына і яго эпоха”. Госця трохі стамілася, вырашыла адпачыць і прылегла ў выставачнай зале на другім паверсе на банкетцы. Самалёт у яе быў позна ўвечары, таму мы яшчэ схадзілі ў краму, а потым сядзелі на лавачцы і размаўлялі, радуючыся цёпламу вечару. Зарыфа Тэймураўна доўгі час узначальвала Таварыства аматараў кнігі Баку і пры ім стварыла Клуб цікавых сустрэч. У гэты клуб яна запрашала вядомых пісьменнікаў, паэтаў, артыстаў з усяго былога СССР. І мне яна распавядала пра сустрэчы з Рымай Казаковай, з якой потым сустракалася ў Маскве, з Зіновіем Гердтам, Аляксандрам Дольскім і многімі іншымі вядомымі асобамі. І ўсе, прыязджаючы на гэтыя сустрэчы, дарылі мініяцюрныя кнігі, ведаючы яе запал. Брат Зарыфы ханум – вядомы мастак Таір Салахаў і яго сябры таксама прывозілі ёй мініяцюрныя кнігі са сваіх падарожжаў. Вядома, яна шмат расказвала пра сям’ю, унукаў і пра музеі. Мы правялі разам амаль увесь дзень, і зараз я, узгадваючы менавіта гэтую сустрэчу, чарговы раз дзіўлюся невычэрпнай энергіі і празе новага гэтай неўвядальнай жанчыны, па духу зусім не “пажылой”, якая горача любіць свой родны Азербайджан. І, успамінаючы яе, заплюшчыўшы вочы, я бачу сябе і Зарыфу ханум на лавачцы, і, што рэдка бывае са мной, нават памятаю, як яна была апранута.

Kirejeva-8.jpg
Галіна Кірэева, Людміла Кірухіна і Зарыфа ханум Салахава ў музеі кнігі. 2010 г.

Вядома, было шмат і іншых экскурсій вядомым людзям, якіх бачыла перш толькі на экране тэлевізара, але я ніколі не адчувала трапятанне перад імі, а з годнасцю распавядала пра нашы кнігі, выставы, зробленыя з любоўю, якія прыадчыняюць гісторыю нашай бібліятэкі і краіны. І заўсёды падчас экскурсіі разумела, каму сапраўды цікава, для каго гэта проста чарговае планавае наведванне і цябе проста ветліва слухаюць, а ў каго гэта выклікае нуду, якую і не спрабуюць схаваць. Але мне было і самой цікава назіраць за наведвальнікамі музея, напэўна, як і ім было цікава разглядаць нас, а не толькі слухаць.

Kirejeva-9.jpg
Галіна Кірэева ў музеі кнігі распавядае пра кніжную спадчыну Францыска Скарыны. Ліпень 2009 г.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам