Візіт дэлегацыі з Камчацкага краю Расійскай Федэрацыі быў прымеркаваны да маючага адбыцца 170-годдзя Петрапаўлаўскай абароны – адной з найбольш значных падзей Крымскай вайны 1853–1856 гг.
У сустрэчы прынялі ўдзел выконваючы абавязкі прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі ў г. Петрапаўлаўск-Камчацкі Яўген Верашчага, пісьменнік і журналіст, член Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Вахрын, аташэ пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Мікіта Шпак і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка.
Бакі абмеркавалі магчымасць удзелу галоўнай бібліятэкі Беларусі ў мерапрыемствах, прысвечаных 170-годдзю Петрапаўлаўскай абароны, якія пройдуць у 2024 г.
Расійская дэлегацыя перадала ў фонд бібліятэкі кнігу Сяргея Вахрына “Петропавловская оборона 1854 г. Книга Памяти” – другое выданне з цыклу “Камчатка – Россия – Мир”. Праект раскрывае гістарычныя і духоўныя сувязі Камчаткі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі і замежнымі дзяржавамі, прадстаўнікі якіх пакінулі свой след у гісторыі краю.
Аўтар кнігі прыводзіць храналогію абароны рускімі войскамі горада Петрапаўлаўскі Порт (цяпер – Петрапаўлаўск-Камчацкі) ад мацнейшых сіл аб’яднанай англа-французскай эскадры, а таксама пералічвае ўдзельнікаў бітвы, сярод якіх – двое ўраджэнцаў Беларусі: Васільеў Мікіта Васільевіч (нар. у 1810 г. у Лепельскім павеце Віцебскай губерні) і Харуцюнюк Станіслаў Фёдаравіч (нар. у 1821 г. у Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні).
Больш падрабязную інфармацыю аб вышэйапісаных гістарычных падзеях можна атрымаць тут.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.