18 снежня ў бібліятэцы адбылося адкрыццё IV Канферэнцыі міжнароднага гуманітарнага праекта “Мінская ініцыятыва”.
За тры гады існавання “Мінская ініцыятыва” зарэкамендавала сябе як прадуктыўная пляцоўка для перамогі дыялогу і сумесных намаганняў па захаванні адзінай гуманітарнай прасторы Беларусі, Расіі і Украіны.
Сёння ў “беларускім алмазе” міжнародны праект сабраў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, маладых пісьменнікаў і перакладчыкаў трох славянскіх краін, каб падвесці вынікі і напоўніць новым сэнсам трохбаковае супрацоўніцтва.
З нагоды адкрыцця канферэнцыі ў адрас удзельнікаў форуму прагучалі прывітальныя словы ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара і міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча.
Значнасць праекта падкрэслілі ў сваім выступленні спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве, сустаршыня праўлення МФГС Міхаіл Швыдкой і дырэктар Нацыянальнага музея Тараса Шаўчэнкі Дзмітрый Стус.
Павітаў гасцей і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. “Вельмі прыемна, што «Мінская ініцыятыва» ў чарговы раз праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Да таго ж гэты год для нас вельмі незвычайны – споўнілася 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню! Гэта важная падзея вяртае нас у тыя часы, калі першадрукар Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу на кірыліцы і назваў яе – “Біблія Руска”.
Спрэчкі аб тым, на якую мову пераклаў Скарына сваю кнігу, вядуцца да гэтага часу. Таму, прэзентуючы ва ўсім свеце праект па факсімільным перавыданні кніжнай спадчыны Ф. Скарыны, мы заўсёды гаворым аб нашых агульных каранях і агульнай гісторыі”, – адзначыў дырэктар.
У рамках канферэнцыі прайшла прэзентацыя другога міжнароднага літаратурнага альманаха “Terra Poetica”. Зборнік маладой прозы знаёміць з творчасцю таленавітых пісьменнікаў трох краін – Арыны Гардзей, Валерыі Радунь, Міраслава Лаюка, Уладзіміра Садоўскага, Алены Кісель і інш. І ўсё пра адно – пошук кахання, павагі і ўзаемаразумення.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла ўвазе гасцей кніжную выстаўку “Захоўваючы нацыянальную кніжную спадчыну”, цэнтральным экспанатам якой стала факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, а таксама выданні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці беларускага асветніка. Таксама ўдзельнікі форуму наведалі міжнародную выстаўку “Францыск Скарына і яго эпоха” і пазнаёміліся з каштоўнымі рарытэтамі і арыгінальнымі выданнямі вядомага гуманіста і асветніка.