ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы па мастацтве
На сустрэчы з адвакатам карыстальнікі бібліятэкі абмеркавалі прававыя пытанні па вырашэнні працоўных спрэчак

Палкаводцы і военачальнікі – ураджэнцы Беларусі: да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны

Палкаводцы і военачальнікі – ураджэнцы Беларусі: да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны
Іншыя навіны

Новы раздзел створанага Нацыянальнай бібліятэкай віртуальнага праекта “Беларусь у Першай сусветнай” прысвечаны палкаводцам і военачальнікам, якія нарадзіліся на Беларусі ці паходзілі з сем’яў нашых суайчыннікаў, высланых пасля паўстання 1863 года.

У Год малой радзімы і сотую гадавіну заканчэння Першай сусветнай вайны інфармацыя пра нашых землякоў, якія кіравалі баявымі дзеяннямі на франтах, камандавалі арміямі і карпусамі, палкамі і дывізіямі, набывае асаблівую актуальнасць.

Акрамя біяграфічных звестак аб 33 военачальніках, у раздзеле даецца гістарычная даведка пра баявыя фарміраванні, якія яны ўзначальвалі, – “Жалезную” брыгаду, “Дзікую” дывізію, Першы польскі корпус. Некаторыя таленавітыя палкаводцы выступалі ў ролі ваенных пісьменнікаў і журналістаў, з іх творчасцю таксама знаёміць рэсурс.

У якасці дадатку прадстаўлена падборка энцыклапедычных, біяграфічных і біябібліяграфічных выданняў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія змяшчаюць інфармацыю па тэме.

Военачальнікі беларускага паходжання ў гады Першай сусветнай вайны прадэманстравалі ўзоры воінскай доблесці, высокай мужнасці, вернасці Айчыне. Яны ўдзельнічалі ў буйных баявых аперацыях – Брусілаўскім прарыве, Віленскай, Нарачанскай і Баранавіцкай бітвах. Далейшы лёс вышэйшых афіцэраў складваўся па-рознаму: большасць з іх далучылася да Белага руху, некаторыя – да Чырвонай арміі, многія апынуліся ў эміграцыі. Сярод 36 генералаў расійскай арміі, якія аддалі жыццё на франтах Першай сусветнай, шасцёра былі ўраджэнцамі Беларусі.

У праекце прадстаўлены выбітныя асобы, назавём некаторых з іх.

Уладзіслаў Францавіч Бауфал у пачатку вайны ўзначальваў 4-ю стралковую брыгаду, якая зарэкамендавала сябе з найлепшага боку: станавілася наперадзе падчас наступлення, была “шчытом” свайго войска падчас абароны, за што атрымала ганаровае найменне “Жалезнай”.

Васілій Іосіфавіч Гурко – адзін з самых паспяховых палкаводцаў і аўтар шэрагу кніг пра дзеянні падначаленых яму частак, тактыку і стратэгію ваюючых бакоў, а таксама пра палітычныя перамены, якія адбываліся ў Расіі. Адзін з раздзелаў кнігі “Генералы Великой войны”, што нядаўна выйшла ў Маскве, прысвечаны нашаму суайчынніку.

Вячаслаў Вітальевіч Івашкевіч – генерал Рускай імператарскай арміі, пазней – Войска Польскага. Узначальваў 3-ю польскую стралковую дывізію, якая ўваходзіла ў 1-шы Польскі корпус. Доўгі час інфармацыя пра гэта воінскае падраздзяленне замоўчвалася, сёлета вышла кніга Ігара Мельнікава “Забытый корпус”, дзе асвячаецца гісторыя яго фарміравання ад пачатку стварэння ў 1914 г. да 1920-х гг.

Хацелася б адзначыць і генерала Платона Аляксеевіча Лечыцкага, а таксама генерал-лейтэнанта Анатоля Кіпрыянавіча Кельчэўскага, які разам з Лечыцкім лічыцца “бацькам” легендарнага Брусілаўскага прарыву.

Уладзімір Зянонавіч Май-Маеўскі, военачальнік Рускай імператарскай арміі і Белага руху, стаў прататыпам аднаго з герояў фільма “Ад’ютант яго правасхадзіцельства” – камандуючага Добраахвотніцкай арміяй генерала Кавалеўскага.

Генерал-лейтэнант Пётр Сямёнавіч Махроў з ваеннай дынастыі: два яго браты Мікалай і Васілій таксама кіравалі вайсковымі фарміраваннямі расійскай арміі. Пётр праявіў сябе яшчэ і як ваенны пісьменнік. З-пад яго пяра выйшла 8 кніг. У фондзе бібліятэкі захоўваюцца 2 з іх – “В белой армии генерала Деникина” і “Балканская война 1912–13 гг.”

Генерал Аляксей Яфімавіч Ядрыхін (Вандам) – ваенны разведчык, аўтар работ у галіне геапалітыкі, геастратэгіі і стратэгічнай геаграфіі. Яго адносяць да ліку даследчыкаў, якія заклалі падмурак расійскай геапалітычнай школы. У пачатку XXI ст. адбылося “другое адкрыццё” работ генерала Вандама, якія былі тройчы перавыдадзены.

Якаў Давыдавіч Юзэфовіч, генерал-лейтэнант, па паходжанні беларускі татарын, быў прызначаны начальнікам штаба “Дзікай” дывізіі, якая на 90 % складалася з добраахвотнікаў-мусульман. У царскую армію мусульмане не прызываліся. “Дзікую” дывізію склалі добраахвотнікі з Каўказа – інгушы, чачэнцы, дагестанцы. Гэта незвычайнае вайсковае фарміраванне царскай арміі ўзначальваў брат імператара Міхаіл.

У Музеі Вялікай Айчыннай вайны прайшла выстаўка, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння генерала Сяргея Мікалаевіча Вайцяхоўскага, інфармацыя пра якога знойдзена не так даўно. Арганізатар выстаўкі – пасольства Чэхіі, бо палкаводзец больш вядомы як генерал чэшскай арміі, але нарадзіўся ён ў Віцебску.

Праца па росшуку інфармацыі пра палкаводцаў беларускага паходжання працягваецца.

Запрашаем усіх да знаёмства з новым раздзелам “Палкаводцы і военачальнікі – ураджэнцы Беларусі” віртуальнага праекта “Беларусь у Першай сусветнай”.


Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам і аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі арганізавана таксама выстаўка “Беларусь у Вялікай вайне 1914–1918 гг.”

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам