ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Мне трэба ўсё адчуць душой…
Да 90-годдзя з дня нараджэння бібліятэкара-бібліёграфа Ніны Якаўлеўны Сельман

Памяці Васіля Емяльянавіча Лявончыкава

Памяці Васіля Емяльянавіча Лявончыкава
Іншыя навіны

Бібліятэчная супольнасць нашай краіны панесла вялікую страту: на 84-м годзе пайшоў з жыцця вядомы беларускі вучоны, стваральнік навуковай школы ў галіне бібліяграфазнаўства, доктар педагагічных навук, прафесар Васіль Емяльянавіч Лявончыкаў. Ён унёс неацэнны ўклад у развіццё беларускай бібліяграфіі другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст.

В.Е. Лявончыкаў нарадзіўся ў 1937 г. у в. Бярозаўка Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Магілёўскае культурна-асветнае вучылішча імя Н.К. Крупскай, бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1962). Працаваў інспектарам раённага аддзела культуры, дырэктарам дамоў культуры ў Чэрыкаўскім і Слаўгарадскім раёнах, загадчыкам адной з вайсковых бібліятэк г. Мінска.

З кастрычніка 1962 г. стаў выкладчыкам кафедры бібліяграфіі, старшым выкладчыкам і намеснікам дэкана бібліятэчнага факультэта (1964). Навучаўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, дзе абараніў дысертацыю на ступень кандыдата педагагічных навук па тэме “Общая ретроспективная библиография книг Беларуси: история и теоретические вопросы” (1969). Гэта было першае ў Беларусі грунтоўнае навуковае даследаванне па праблемах айчыннай нацыянальнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі.

У 1971 г. В.Е. Лявончыкаў прызначаны дэканам бібліятэчнага факультэта спачатку ў Мінскім педагагічным універсітэце імя М. Горкага, затым у 1975 г. – у Мінскім інстытуце культуры. У 1983 г. абраны прафесарам і загадчыкам кафедры бібліяграфіі (у БДУКМ – кафедра тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый).

Творчы падыход да педагагічнай дзейнасці стаў характэрнай рысай вучонага. Ён упершыню ў гісторыі айчыннай вышэйшай бібліятэчнай адукацыі распрацаваў курс “Беларуская бібліяграфія”, чытаў яго на працягу доўгіх гадоў і зрабіў фундаментальным для падрыхтоўкі спецыялістаў-практыкаў і навукоўцаў.

У 1988 г. В.Е. Лявончыкаў абараніў у Маскве доктарскую дысертацыю на тэму “Система библиографической информации союзной республики: теоретико-методологические проблемы”.

Навуковыя інтарэсы В.Е. Лявончыкава былі вельмі шырокімі: гісторыя айчыннай бібліяграфіі; тэорыя бібліяграфіі; сучасны стан беларускай бібліяграфіі; праблемы бібліятэчнай камунікацыі; інфармацыйная культура асобы; педагогіка вышэйшай бібліятэчнай адукацыі і інш.

Вучоны апублікаваў прыкладна 250 прац, сярод якіх манаграфіі “Беларуская рэтраспектыўная бібліяграфія кніг” (1971), “Система библиографической информации союзной республики: история, современное состояние, проблемы” (1990), два выданні падручніка “Беларуская бібліяграфія. Агульны курс” (1983, 1991); першыя ў Беларусі прафесійныя слоўнікі “Русско-белорусский словарь библиотечных и библиографических терминов” (1992, у суаўтарстве) і “Тлумачальны слоўнік бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў” (2000, 2003, 2012, у суаўтарстве), шматлікія навуковыя артыкулы ў айчынным і замежным друку. Адметнымі рысамі ўсіх работ Васіля Емяльянавіча сталі грунтоўнасць метадалагічнай і фактаграфічнай асновы, дакладнасць даследчых мэт і навуковай аргументацыі, тэарэтычная і практычная значымасць.

Выдатны навуковы патэнцыял В.Е. Лявончыкава ўвасобіўся ў заснаванай ім у 1994 г. навукова-педагагічнай школе, прадстаўнікі якой працуюць у Беларусі і за межамі нашай краіны. Ён з’яўляўся таксама адным з арганізатараў аспірантуры ў БДУКМ, дзе выбіраўся старшынёй і намеснікам старшыні саветаў па абароне дысертацый на ступені кандыдатаў і дактароў навук.

Ён быў членам навукова-тэхнічнага савета БДУКМ і савета факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый, уваходзіў у рэдакцыйны савет многіх навуковых выданняў: "Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў", "Бібліятэчны свет", "Здабыткі", "Вопросы библиографоведения и библиотековедения".

Вучоны ўнёс вялікі ўклад у стварэнне Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, быў яе першым прэзідэнтам (1992–1994) і ганаровым членам. У 1993 г. абраны акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН (Масква), у 1996 г. ‒ членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. Яго імя ўключана ў слоўнік "2000 Outstanding Scientists of the 21st Century" ("2000 выдающихся ученых 21-го века") (2005) Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, у даведнік "Кто есть кто на академическом Олимпе" (2004) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН.

За навукова-педагагічную дзейнасць В.Е. Лявончыкаў узнагароджаны ордэнам СССР "Знак Пашаны" (1976), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2004), шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі.

В.Е. Лявончыкава звязвалі навуковыя і прафесійныя стасункі з вядучымі бібліятэкамі і інфармацыйнымі ўстановамі ў галіне бібліяграфіі і бібліятэчнай справы Беларусі і замежжа. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з вялікай пашанай успамінаюць гады супрацоўніцтва з Васілём Емяльянавічам, адзначаюць яго высокі прафесіяналізм, імкненне дзяліцца сваімі глыбокімі ведамі з вучнямі і калегамі.

Біяграфічныя звесткі пра вучонага змешчаны таксама ў анлайн-энцыклапедыі "Беларусь у асобах і падзеях" і базе даных "Вучоныя Беларусі", інфармацыю пра яго публікацыі можна знайсці па электроннаму каталогу НББ.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам