Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, сталіцу Тураўскага княства X–XIII стагоддзяў – горад Тураў.
Убачылі Замкавую гару, на якой да 1000-годдзя Тураўскай праваслаўнай епархіі ўстаноўлены помнік Кірылу Тураўскаму; Барысаглебскія могілкі з крыжамі, якія растуць з зямлі; Кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх і храм Усіх Святых, у якіх захоўваюцца цудатворныя каменныя крыжы Х стагоддзя. Паводле легенды, крыжы прыплылі ў Тураў па Дняпры і Прыпяці ў год Хрышчэння Русі.
У рамках агляднай экскурсіі па Тураўскім малочным камбінаце калектыў даведаўся аб усіх этапах і асаблівасцях вытворчасці мяккіх, паўцвёрдых, тварожных сыроў найбольш вядомых і папулярных гатункаў. І вядома ж, была магчымасць прадэгуставаць прадукцыю сыраварні, увасобленую ў бездакорнай рэцэптуры. На дэгустацыі былі прадстаўлены традыцыйныя англійскія, галандскія і італьянскія гатункі сыру: мацарэла, гаўда, рыкота, чедар, эдам, крэмчыз, сулугуні.
Завяршылася паездка падарожжам на цеплаходзе па рацэ Прыпяць, якая з’яўляецца адным з галоўных скарбаў Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” і, бясспрэчна, душой і сэрцам Палесся.
Экскурсія падарыла калектыву НББ незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі.
Матэрыял пададзены прафсаюзным камітэтам НББ.